Якім быў адзін з "выклятых жаўнераў" - "Лупашка"?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
22.04.2016 14:50
Л. Львоў-Эбэрле: «Мы былі жаўнерамі, змагаліся за свабодную Польшчу, некаторыя з нас яшчэ шмат гадоў пасьля вайны».
commons.wikimedia.org/UTR NEWS/CC BY-SA 3.0
У Польшчы вяртаецца памяць пра гэтак званых «выклятых жаўнераў» – людзей, якія пасьля Другой сусьветнай вайны змагаліся з саветамі за незалежную дзяржаву. Адным з такіх жаўнераў быў Зыгмунт Шэндзеляж, які дзейнічаў пад псэўданімам «Лупашка». «Лупашка» быў расстраляны ў турме, перапахаваньне яго парэшткаў адбудзецца ў гэтую нядзелю, – нагадвае «Dziennik Gazeta Prawna».
«Мы былі жаўнерамі, змагаліся за свабодную Польшчу, некаторыя з нас яшчэ шмат гадоў пасьля вайны», – гаворыць у выданьні Лідзія Львоў-Эбэрле, якая была дзяўчынай «Лупашкі», трапіла разам з ім у турму. Пра «Лупашку» кажуць, што ён быў вельмі жорсткім камандзірам – заўважае журналіст. «Ён быў цудоўным камандзірам, тактыкам. Мы ўсе верылі, што змагаемся за свабодную Польшчу, найперш зь немцамі і летувісамі, пазьней саветамі і камуністамі", – адзначае пані Лідзія.
"На польскіх землях было шмат савецкіх жаўнераў, даносчыкаў, супрацоўнікаў Ведамства Бясьпекі (польскае КДБ – рэд.), былі крывавыя змаганьні. Напрыклад, адзін з камэндантаў, «Буры», забіў шмат мірных жыхароў, у тым ліку ў беларускіх вёсках. Нельга глядзець на тыя падзеі з нашай пэрспэктывы. Гэта была іншая рэчаіснасьць. Цяпер кажуць пра баявы стрэс, а тады людзі ў лесе маглі па-рознаму сябе паводзіць. Скажам, трэба было забіць аднаго з нашых, паколькі ён стаў непрадбачаным, небясьпечным для іншых», – гаворыць Лідзія Львоў-Эбэрле, былая дзяўчына камандзіра «Лупашкі».
Dziennik Gazeta Prawna/нг