Logo Polskiego Radia
Print

Праўда пра трагедыю адкрыецца

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 30.06.2016 17:30
  • Праўда пра трагедыю.mp3
Міністар абароны Польшчы заявіў, што экспэрты рэканструявалі праўду пра апошнія хвіліны палёту прэзыдэнцкага самалёта.
Міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч.Міністар нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч. Photo: Kancelaria Premiera/Public domain

З пачатку лютага ў Польшчы ўзнавіла працу камісія па вывучэньні прычын смаленскай катастрофы, то бок аварыі прэзыдэнцкага самалёта ў красавіку 2010-га году непадалёк вайсковага лётнішча ў Смаленску. Польская дэлегацыя накіроўвалася на ўгодкі катынскай трагедыі, але загінула ў авіякатастрофе.

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заявіў ў размове з Польскім радыё, што папярэднія вынікі былі вялізарным падманам грамадзтва і паабяцаў неўзабаве прадставіць рэканструкцыю сапраўднай хады падзей.

Антоні Мацярэвіч: Неўзабаве будзе прадстаўлена важная інфармацыя - рэканструкцыя падзей на базе выдатнай працы, якую вядзе смаленская камісія. Зь яе вынікае, што нас моцна падманвалі цягам апошніх гадоў. З іншага боку, мы пабачым ды пачуем, як сапраўды выглядалі апошнія сэкунды таго палёту.

Апроч смаленскай катастрофы, міністар ацаніў сёньняшнюю сытуацыю ў Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе, апошнія ініцыятывы Расеі, а таксама пракамэнтаваў адносіны з хаўрусьнікамі з NATO да Эўразьвязу.

У Польшчы выклікае непакой той факт, што расейскія вайскоўцы кажуць пра разьмяшчэньне 2 тысяч адзінак новай ды мадэрнізаванай тэхнікі на заходніх межах. Што гэта значыць для Польшчы?

Антоні Мацярэвіч: Невядома, што гэта значыць. Тут можа ісьці гаворка як пра мадэрнізаваныя пісталеты, так і пра нешта больш сур’ёзнае. Кожны дзень мы заўважаем умацаваньне расейцамі свайго заходняга флянгу. Зь іншага боку, бачна, што яны маюць сур’ёзныя праблемы. Напрыклад, сёньня было звольнена ўсё камандаваньне балтыйскага флёту. Бачна, што інтэнсіўныя расейскія высілкі па выхадзе на стартавыя пазыцыі на Захадзе суправаджаюцца сур’ёзнымі кадравымі праблемамі.

Ці гэтыя адстаўкі зьяўляюцца рэакцыяй на вучэньні «Анаконда 2016»? Як вядома, расейцы назіралі за манэўрамі.

Антоні Мацярэвіч: Хутчэй тут ідзецца пра ацэнку ўласных магчымасьцяў. Анаконда сваё заданьне выканала. Яна мела напалохаць расейцаў ды змусіць іх пераацаніць уласныя магчымасьці.

Аднак у Заходняй Эўропе вучэньні выклікалі крытыку. Немцы з французамі зьбіраюцца ствараць эўрапейскія ўзброеныя сілы. Як да гэтага ставіцца Польшча?

Антоні Мацярэвіч: Спачатку пра нямецкую рэакцыю. Міністар абароны Нямеччыны ацаніла вучэньні вельмі высока ды павіншавала нас з добрай арганізацыяй ды эфэктыўнасьцю манэўраў. У нямецкім урадзе ідзе дыскусія па пытаньнях бясьпекі. З боку Францыі мы бачым толькі нэрвовыя рухі. Яны ігнаруюць NATO, кажуць пра неабходнасьць канцэнтрацыі на паўднёвым флянгу, усходні для іх не існуе. Іх вайсковы кампанэнт дублюе NATO. Складваецца ўражаньне, што яны хочуць стварыць канкурэнцыю NATO.

Як вы ацэньваеце сытуацыю ў ЭЗ? Брусэль ня хоча перамоваў з брытанцамі пра ўмовы выхаду. Як да гэтага ставіцца польскі ўрад?

Антоні Мацярэвіч: Прэм’ер-міністар Бэата Шыдла ды былы прэм’ер Яраслаў Качыньскі прадставілі свой праект, які палягае на вяртаньні да Эўразьвязу як да супольнасьці сувэрэнных дзяржаў і нацыянальных айчын. Мы не прапануем перамоваў наконт зьмены трактату. Мы прапануем новы трактат. Другі бок пакуль адмовіўся ад свайго праекту, бо ён быў скрайне прадзяржаўны й мог выклікаць нэгатыўнаю рэакцыю большасьці дзяржаў.

Новая Эўропа хоча быць глябальным акторам. У якасьці посьпеху называюць менскія пагадненьні. Аднак толькі за апошнія суткі тэрарысты дзесяткі раз абстрэльвалі ўкраінскія пазыцыі.

Антоні Мацярэвіч: Гэта звычайная зьява, я штодня атрымліваю падобную інфармацыю. На Захадзе яе ігнаруюць. Гэта таксама сур’ёзна, як пагроза ісламістаў на Поўдні. Сёньня на Захадзе пра Ўсход забываюць, гэта праблема, трэба думаць як яе рашыць.

Міністэрства абароны Польшчы занялося справай вяртаньня польскіх загінулых герояў на Радзіму. Аднак тут яны могуць ляжаць у зямлі побач з тымі, хто на іх данасіў.

Антоні Мацярэвіч: Гэта неадпаведная фармулёўка. Праблема тут у іншым. Трэба зьвяртаць увагу на тое, што ў ганаровых месцах пахаваныя каты Польшчы. Мы мусім глыбока падумаць, ці дапушчальна, каб у нашым нацыянальным пантэоне знаходзіліся людзі, хто меў на руках польскую кроў ды прычыніўся да савецкай акупацыі Польшчы.

Заявіў міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт