Кожны з нас хацеў бы жыць у такім месцы, дзе ён адчуваў бы сябе ня толькі камфортна, але таксама бясьпечна, дзе можна выпусьціць з пад’езду дзяцей, не баючыся, што з імі здарыцца нешта дрэннае. І на гэтым жаданьні людзей зарабляюць дэвэлёпэры ў Польшчы, будуючы агароджаныя дамы і цэлыя мікрараёны, абнесеныя мурамі. Але ў гэтых спальных раёнах часта няма ні школы, ні дзіцячага садка, ні прыпынку грамадзкага транспарту. Улады некаторых польскіх гарадоў намераны вярнуцца да старых сацыялістычных нормаў.
У гады Польскай Народнай Рэспублікі жыльлёвае будаўніцтва было абмежаванае строгімі правіламі. Улады вызначалі ня толькі архітэктуру будынкаў, але таксама тое, якой павінна быць неабходная інфраструктура – школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі, крамы і гэтак далей. Калі сацыялізм у Польшчы закончыўся, пачалася поўная свабода, будаўнікі ставілі такія дамы, якія ім падабаліся, і якія, на іхнюю думку, спадабаюцца пакупнікам. А школы, крамы і паліклінікі былі справай другараднай.
Дэвэлёпэры разумеюць, што людзі імкнуцца жыць у бясьпечным месцы, а будка вартаўніка на ўезьдзе дае ім такое падманлівае пачуцьцё бясьпекі. У выніку ў адной толькі Варшаве збудавана некалькі сотняў закрытых мікрараёнаў, некаторыя нават на 5 тыс. жыхароў, як напрыклад, мікрараён Marina Mokotów. Жыцьцё вышэйшага сярэдняга клясу праходзіць паміж гаражом дома, гаражом офіснага будынку і гандлёвым цэнтрам з кінатэатрам, крамамі і рэстаранамі, без неабходнасьці паставіць нават крок на агульнай зямлі з іншымі людзьмі. У выніку тая прастора, якая не зьяўляецца прыватнай, паступова зьнішчаецца, людзі яе пазьбягаюць, паколькі там становіцца небясьпечна. Улады гэта бачаць, але доўгі час яны не рабілі захадаў, каб нешта зьмяніць. Першымі сказалі «стоп» уладары Познані. Яны вырашылі зьмяніць законы такім чынам, каб не было магчымасьці будаваць жылыя дамы хаатычна, без неабходнай інфраструктуры. Горад – гэта ня толькі спальныя раёны, людзям неабходныя таксама такія месцы, як ясьлі, дзіцячыя садкі, школы, сетка гарадзкога транспарту і гэтак далей. Пра тое, як цяпер павінна выглядаць плянаваньне жыльлёвага будаўніцтва, гаворыць мэр Познані Яцэк Яськовяк.
Я. Яськовяк: Я б хацеў вярнуцца да такога плянаваньня, якое было калісьці. Гэта значыць, будавалі дамы, кватэры ў новых мікрараёнах, але адначасна там будавалі школы, дзіцячыя садкі, пракладалі лініі грамадзкага транспарту.
Так што ня ўсё ў часы сацыялізму было дрэнным. Плянаваньне жыльлёвага будаўніцтва тады атрымлівалася лепш, чым цяпер, калі ніякага пляну практычна няма. А вось у 70-ыя гады абавязкова каля жылых будынкаў будаваліся аб’екты паслуг. Іх упісвалі ў гэтак званыя структурныя адзінкі, гэта значыць, мікрараёны, у якіх пражывала ад 5 да 7 тыс. Чалавек. Пра тое, што павінна было знаходзіцца ў такой адзінцы, распавядае ўрбаністка Эва Пец, якая пачала працаваць па прафэсіі ў 70-ыя гады.
Э. Пец: Адна школа ў такой структурнай адзінцы, два або тры дзіцячыя садкі. Былі акрэсьленыя правілы, нормы, якія паслугі павінны знаходзіцца ў мікрараёне, а таксама нават былі названыя адлегласьці ад жылых будынкаў да аб’ектаў паслуг. Было вядома, якая максымальная адлегласьць павінна быць ад прыпынку грамадзкага транспарту да самага далёкага жылога будынку, ад крамы да будынкаў і гэтак далей. Мы ўсе павінны былі падлічыць.
Цягам шматлікіх гадоў ніхто ўжо не акрэсьлівае нормаў адлегласьці паміж жылымі будынкамі і аб’ектамі паслуг, – падкрэсьлівае мэр Познані.
Я. Яськовяк: Цягам апошніх 20 гадоў назіраўся хаос у будаўніцтве. Будаваліся новыя мікрараёны, новыя жылыя дамы, але рэдка хтосьці клапаціўся аб аб’ектах, якія неабходныя для камфортнага жыцьця. Напрыклад, у паўночнай частцы Познані цяпер пражывае на 30 тыс. больш людзей, чым некалькі дзесяткаў гадоў таму, але не збудавалі ніводнай школы або дзіцячага садка. Так ня можа быць.
Так што ўлады Познані плянуюць вярнуцца ў мінулае. Задума правільная, хаця цяжка цяпер будзе палепшыць умовы жыцьця людзей у новых, ужо збудаваных мікрараёнах, калі навокал часта ўжо проста няма месца на плянаваньне школ або іншых аб’ектаў грамадзкіх паслуг.
ПР/нг