Logo Polskiego Radia
Print

Сацыяльна-грамадзкія справы самыя важныя

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.08.2016 11:04
Палякаў мала цікавяць зьмены палітычнага ладу, якія прасоўвае партыя "Права і справядлівасьць".
commons.wikimedia.org

Выданьне «Polityka» піша пра вынікі апытаньня, падчас якога палякаў спыталі, што яны думаюць пра розныя заканадаўчыя ініцыятывы кіруючай партыі «Права і справядлівасьць». Польскія выбаршчыкі без энтузіязму падыходзяць да «палітычных» законаў, важнейшыя для іх эканамічныя справы – вынікае з анкеты.

Каторыя з праведзеных дагэтуль рэформаў самыя важныя? 52% апытаных адказала, што самая важная ініцыятыва – увядзеньне мінімальнай платы за гадзіну працы. Згодна з падлікамі выданьня, павышэньне гадзіннай аплаты датычыць ад 300 да 600 тыс. працаўладкаваных на часовых кантрактах, галоўным чынам у фірмах, якія займаюцца аховай маёмасьці, прыбіраньнем будынкаў, а таксама асоб з уласнай эканамічнай дзейнасьцю, якія працуюць для іншых фірмаў.

43% палякаў мяркуе, што самым істотным новаўвядзеньнем уладаў была праграма 500+, дзякуючы якой сем’і атрымліваюць па 500 злотых на другое і наступнае дзіця (на першае – пры нізкіх даходах).

У Польшчы шмат спрэчак і дыскусій датычыць канфлікту вакол Канстытуцыйнага суду. Тым часам для апытаных палякаў гэта ня самая важная справа. Толькі 8% лічыць, што неабходна яе вырашыць у першую чаргу.

Вынікі анкетаваньня паказваюць, што для палякаў важнейшыя сацыяльна-грамадзкія рэформы, а на многа менш цэняць яны тыя ініцыятывы, якія зьяўляюцца элемэнтам зьменаў палітычнага ладу і якія важныя з пункту гледжаньня праграмы партыі «Права і справядлівасьць».

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт