Logo Polskiego Radia
Print

Хатні бюджэт пакіньце жанчынам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.09.2016 15:14
На думку экспэртаў, малая зарплата - гэта як правіла толькі агаворка, каб не адкладваць грошай.
photo: www.pixabay.com

Хатні бюджэт пакіньце жанчынам – пад такім загалоўкам „Gazeta Wyborcza” піша пра тое, як палякі распараджаюцца сваімі грашыма. А яны сабралі ўжо немалую суму – агулам палякі маюць 1,2 трыльёна злотых зьберажэньняў у розных формах.

Хто ашчаджае? Як правіла сьпелыя людзі, пасьля 45 года жыцьця. Гэта і ня дзіўна, яны больш адказныя, чым маладыя, паколькі думаюць ня толькі пра сябе, але і пра дзяцей, і пра ўласную старасьць. Сума зьберажэньняў палякаў немалая, але на фоне іншых краін гэта ня так і шмат. І гаворка ідзе ня толькі пра багаты Захад. У такіх краінах, як Беларусь, Кэнія, Ірак, Руанда валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва ніжэйшы, чым у Польшчы, але схільнасьць зьберагаць сродкі большая.

“У мяне няма грошай, я надта мала зарабляю”, - так звычайна палякі тлумачаць адсутнасьць зьберажэньняў або невялікую іх суму. Яны наадварот часта выдаткоўваюць больш, чым зарабляюць.

На думку экспэртаў, малая зарплата - гэта як правіла толькі агаворка, каб не адкладваць грошай. Насамрэч людзі проста ня ўмеюць правільна плянаваць свае выдаткі. Каб пачаць рабіць зьберажэньні, трэба навучыцца выдаткоўваць менш, чым зарабляем, і правільна плянаваць хатні бюджэт. А гэта лепш атрымліваецца ў жанчын, чым у мужчын. Эвалюцыя так нас сфармавала, што жанчыны ў пераважнай большасьці думаюць пра бясьпеку, яны менш схільныя да рызыкі. Так што, мужыкі, пакіньце дамашні бюджэт жонкам.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт