Тэрэспаль: польскі амбудсмэн дапаможа бежанцам
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.10.2016 13:24
„Польскія ўлады не заўважаюць чачэнскіх бежанцаў”,- скардзяцца беларускія праваабаронцы.
Photo: www.youtube.com
Лепшы кантроль над працай памежнікаў і паляпшэньне ўмоў памежнага кантролю – гэта першыя вынікі праверкі, якую на мяжы ў Тэрэспалі правёў польскі ўпаўнаважаны па правах чалавека. Пра тое, як рэзка вырасла колькасьць іншаземцаў, якія шукаюць палітычнага прытулку ў Польшчы, і якім памежнікі не даюць дазвол на ўезд на тэрыторыю крaiны, чарговы раз паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.
У адказ на многія скаргі ад іншаземцаў 11 жніўня супрацоўнікі Бюро ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Польшчы адсочвалі сытуацыю на памежным пераходзе ў Тэрэспалі.
„Пасьля нашага візыту галоўны камандзір Памежнай варты зьвярнуўся да ваяводы - уладальніка інфраструктуры КПП - з просьбай аб лепшым абсталяваньні, у тым ліку, прадастаўленьні дадатковага памяшканьня дзеля размоваў з замежнікамі”, - кажа Марцін Сосьняк з групы па справах барацьбы з дыскрымінацыяй Бюро ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Польшчы.
Ён дадае, што пасьля кантролю была агучана прапанова ўвядзеньня мэханізму падрабязнай дакумэнтацыі размоваў зь бежанцамі.
За сытуацыяй асобаў, якія на працягу многіх тыдняў беспасьпяхова спрабуюць перабрацца зь Беларусі на тэрыторыю Польшчы, сталі больш уважліва сачыць праваабарончыя й няўрадавыя арганізацыі. Польскі фонд „Міжнародная гуманітарная ініцыятыва” арганізоўвае збор вопраткі й лякарстваў для чачэнцаў, якія ў Беларусь прыехалі яшчэ летам.
Падобныя акцыі праводзяць таксама праваабаронцы па беларускім баку. Яны абвінавачваюць польскіх памежнікаў у парушэньні права іншаземцаў на атрыманьне прытулку ў Польшчы.
„Польскія ўлады не заўважаюць чачэнскіх бежанцаў на мяжы зь Беларусьсю”, - скардзіцца адзін з заснавальнікаў менскай арганізацыі „Human Constanta” Аляксей Казьлюк. Па гэтай справе ён адмыслова прыехаў на канфэрэнцыю АБСЭ, якая надоечы праходзіла ў Варшаве.
„Функцыянэры Памежнай варты падчас выконваньня сваіх службовых абавязкаў павінны, перш за ўсё, шанаваць годнасьць, а таксама правы чалавека й грамадзяніна”, - пераконвала ў нядаўняй размове з выданьнем „Dziennik Gazeta Prawna” прадстаўніца прэс –службы Памежнай варты Агнешка Голіяс.
аз