Logo Polskiego Radia
Print

Шокавая тэрапія ці шок без тэрапіі ды рэформаў?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2016 14:26
  • 14эканоміка.mp3
Меркаваньнем эканамістаў, беларускаму насельніцтву неабходна рыхтавацца да цяжкіх часоў.
wikimedia

Адна з асноўных праблем для Беларусі на сёньня – эканамічны крызыс, які на гэты раз носіць пэрманэнтны характар. Пра неабходнасьць рэформаў гавораць ужо ня толькі апазыцыйныя эканамісты, але таксама дзяржаўныя чыноўнікі. Напрыклад, на Чацьвёртым эканамічным форуме, які прайшоў нядаўна ў Менску, у дыскусіі на гэтую тэму ўзялі ўдзел між іншым прадстаўнікі ўладаў. Толькі ці нешта з гэтага атрымаецца?

Рост беларускай эканомікі складзе ў бліжэйшай будучыні ня больш за адзін працэнт у год. Гэта прагноз не апазыцыі, а дасьледчага інстытуту Міністэрства эканомікі. Намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч заявіў, што беларуская эканоміка «скіне цяжар стратных дзяржаўных прадпрыемстваў». Так што ўладныя структуры бачаць неабходнасьць зьменаў, толькі чакаюць, калі ўбачыць гэта таксама галоўная асоба ў дзяржаве. А Лукашэнка выказваецца ў сваім стылі пра рост зарплат і праводзіць інспэкцыі набярэжнай Дняпра. На сёлетнім Эканамічным форуме, у прынцыпе, не было сказана нічога новага, – мяркуе эканамічны аглядальнік, кіраўнік «Навукова-дасьледчага цэнтра Мізэса» Яраслаў Раманчук.

Я. Раманчук: Чыноўнікі абменьваліся пунктамі гледжаньня, каб уразіць Міжнародны валютны фонд, Сусьветны банк – арганізацый, ад якіх яны залежаць. На тэму рэформаў былі толькі агульныя фразы. Беларускія ўлады да рэформаў не гатовыя. Лукашэнка зноў кажа пра заработную плату 500 даляраў, зноў кажа пра сельскую гаспадарку, лядовыя дварцы... Чыноўнікам загадалі не турбаваць крызыс, хай ён ідзе сваёй дарогай, а мы будзем ратаваць дзяржплян. Людзі не разумеюць, што гэта банкет за кошт іх заробкаў, пэнсій і месцаў прaцы. Беларусы працягваюць верыць ва ўтопію, пра якую кажа ўлада. У краіне трэці год запар крызыс, а Лукашэнка сёньня праводзіць інспэкцыю набярэжнай Дняпра на Магілёўшчыне. Вось з такім падыходам трэба яму даручыць інспэкцыю ўсіх пяці тысяч набярэжных, каб толькі ў эканоміку ня лез.

Меркаваньнем эканамістаў, насельніцтву неабходна рыхтавацца да цяжкіх часоў. Уладам раней ці пазьней прыйдзецца правесьці рэструктурызацыю стратных прадпрыемстваў, што прывядзе да рэзкага росту беспрацоўя. Надзея – у прыватным бізнэсе, які можа ствараць новыя працоўныя месцы. Толькі праблема ў тым, што дзеля трывалага разьвіцьця прыватных кампаній патрэбныя ня толькі словы, але таксама дзеяньні, стабільнасьць палітычнай і эканамічнай сыстэмы дзяржавы, а гэтага ў Беларусі не хапае.

Марына Рошчына зьяўляецца спэцыялістам па распрацоўцы стратэгій прасоўваньня кампаній на рынку. Яна адзначае, што бізнэс чакае сыстэмных пасьлядоўных рэформаў, а пакуль што ўлады за бізнэс хапаюцца, як за апошнюю магчымасьць выратавацца.

М. Рошчына: Тое, што адбываецца сёньня, нагадвае больш агонію. Усе разумеюць, што з эканомікай праблемы, неабходна латаць дзіркі, а за прадпрымальніцтва хапаюцца як за нейкую «палачку-выручалачку». Каб прадпрымальніка «выгадаваць» у беларускіх умовах, вельмі важныя культура і пазытыўныя адносіны да прадпрымальніцтва. Такіх адносін няма. Гэта хутчэй скепсіс, нават дэпрэсійны настрой у бізнэсе на прадмет ягонага разьвіцьця. Няма веры, што рэформы могуць насіць устойлівы характар. Рэформы ў нас хутчэй сытуацыйныя, не сыстэмныя.

Ва ўладных структурах няма веры ў прадпрымальніцтва, яго хутчэй баяцца. Няма таксама адпаведнай колькасьці спэцыялістаў-практыкаў, якія здольныя распрацаваць добрыя законы. Беларуская эканоміка без рэформаў ідзе на спад, прадпрыемствы страчваюць канкурэнтаздольнасьць. Гэта разумеюць як незалежныя эканамісты, так і многія дзяржаўныя чыноўнікі. Толькі, здаецца, прэзыдэнт яшчэ не разумее, што эканамічная мадэль, якую ён стварыў у краіне, ужо ня можа рухацца наперад. А калі нават разумее, то не жадае яе мяняць. Ці беларусаў чакае шокавая тэрапія? Хутчэй шок без тэрапіі і без рэформаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт