Logo Polskiego Radia
Print

Супраца Менска з Брусэлем стане пастаяннай

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.11.2016 21:41
  • Супрацоўніцтва Менска з Брусэлем стане пастаянным.mp3
Дамова аб партнэрстве й супрацоўніцтве з ЭЗ стварае ворганы для пастаянных кантактаў уладаў.
фота: БелТА

Беларусь і Эўразьвяз рыхтуюцца падпісаць пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Менавіта гэта меў на ўвазе Лукашэнка, заяўляючы нядаўна пра неабходнасьць палепшыць прававую аснову адносінаў паміж Менскам і Брусэлем – лічаць беларускія палітолягі. Што такое Дамова аб партнэрстве й супрацоўніцтве? Як яна зьменіць адносіны паміж Эўразьвязам і Беларусьсю й калі будзе падпісаная? Пра гэта ў беларускіх аналітыкаў пытаўся Аляксандар Папко.

«Беларусь і Эўразьвяз па-ранейшаму кіруюцца прававымі асновамі, якія закладзены больш за чвэрць стагодзьдзя таму й ня ўлічваюць новыя геапалітычныя рэаліі. Давайце разам падумаем, як мы можам прасунуцца наперад у гэтым пытаньні», – заявіў Аляксандар Лукашэнка ў панядзелак, прымаючы прадстаўнікоў Камітэту па палітыцы і бясьпецы Эўразьвязу.

Адносіны паміж Менскам і Брусэлем сёньня рэгулюе толькі гандлёвая дамова, заключаная яшчэ ў 1989 годзе паміж тагачаснай Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю ды СССР. Напрыканцы 1990-х гадоў гандлёва-палітычныя пагадненьні з Эўрапейскім зьвязам падпісалі амаль усе постсавецкія дзяржавы. Выключэньнем сталі краіны Балтыі, якія адразу заявілі пра жаданьне ўступіць у Эўразьвяз, а таксама Беларусь і Туркмэністан, чыё супрацоўніцтва з ЭЗ было замарожана.

Дамова аб партнэрстве і супрацоўніцтве паміж Эўразьвязам і Беларусьсю была падпісаная ў 1995 годзе, аднак яна так і не ўступіла ў жыцьцё. Пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 1996 году, які замацаваў у Беларусі аўтарытарны рэжым, краіны ЭЗ адмовіліся ратыфікаваць ужо гатовы дакумэнт.

На паляпшэньне стасункаў прыйшлося чакаць ажно 20 гадоў. Вясной гэтага году Брусэль зьняў санкцыі зь беларускага кіраўніцтва, а МЗС Беларусі заявіла, што гатовае вярнуць адносіны з Эўразьвязам на «нармальную прававую аснову».

На працягу некалькіх месяцаў Менск вядзе перамовы па заключэньні дамовы аб партнэрстве і супрацоўніцтве з Эўразьвязам – пацьвердзіў экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Мэтамі такіх дамоваў, паводле афіцыйнага парталу EUR-Lex, зьяўляецца «стварэньне рамак для палітычнага дыялёгу», «узмацненьне дэмакратыі й рынкавай эканомікі», а таксама «стымуляваньне інвэстыцыяў».

Дамова аб партнэрстве і супрацоўніцтве з ЭЗ стварае ворганы для пастаянных кантактаў уладаў. Такімі ворганамі зьяўляецца міністэрская Рада па супрацоўніцтве і Парлямэнцкі камітэт па супрацоўніцтве. Калі дамова будзе ратыфікаваная, яна выведзе адносіны Менска з Эўразьвязам на абсалютна іншы ўзровень – кажа Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў: Зьявяцца пастаянныя ворганы, у рамках якіх будуць адбывацца рэгулярныя паседжаньні на ўзроўні міністэрстваў, кіраўнікоў дзяржаваў. Гэта стварае больш устойлівую працэдуру, больш устойлівыя стасункі, чым мы маем зараз. Цяпер нашыя адносіны застаюцца, у вялікай ступені, спарадычнымі. Дэлегацыі прыяжджаюць і зьяжджаюць, ёсьць сэктарныя дыялёгі, але няма ворганаў, якія б увесь час працавалі. Па-другое, дамова апісвае ня толькі палітычнае, але й гандлёвае, гуманітарнае супрацоўніцтва – усе сфэры, у межах якіх адбываецца двухбаковае ўзаемадзеяньне.

Двухбаковая дамова з Эўразьвязам прынясе ня толькі палітычныя, але й эканамічныя выгады – зазначае экспэрт. Беларусь атрымае больш сродкаў праз праграму Усходняга партнэрства і павялічыць гандлёвы зварот з Эўразьвязам.

Дзяніс Мельянцоў: Будуць перагледжаныя квоты на беларускі экспарт у Эўрапейскі зьвяз. Інтэнсыфікацыя гандлю палепшыць жыцьцё сярэдняга беларуса. Але ўсё будзе залежаць і ад канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў, і ад таго, як пасьпяхова нам удасца правесьці перамовы.

Перамовы па заключэньні Дамовы аб партнэрстве й супрацоўніцтве зоймуць некалькі гадоў, а грошы Менску вельмі патрэбныя ўжо цяпер – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Эўрапейскі зьвяз гатовы зрабіць крок насустрач Беларусі. Яшчэ перад падпісаньнем дамовы можа быць заключанае гандлёвае пагадненьне, якое зьнізіць мытныя тарыфы.

Лукашэнка разьвівае стасункі з Эўразьвязам упэўнена, але ўсё роўна азіраецца на Маскву й ня хоча выклікаць яе рэўнасьць – зазначае Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі: Сёньня прайшла сумесная калегія расейскага і беларускага міністэрстваў замежных справаў. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў казаў, што Масква вітае нармалізацыю адносінаў Менска з Эўропай, але з агаворкай: Менск пры гэтым павінен датрымліваецца пагадненьняў у межах АДКБ і Эўразійскага зьвязу. І ў гэтай фразе ўся супярэчлівасьць стаўленьня Масквы. Крэмль ня можа цыкнуць на Менск, хоць расейскім элітам, натуральна, не падабаецца самастойная гульня Лукашэнкі, але да пэўнай чырвонай рысы яму гуляць дазваляюць – бо Расея сама даўно мае з Эўразьвязам дамову аб партнэрстве.

Аднак хуткага прагрэсу ў стасунках паміж Менскам і Брусэлем чакаць ня варта. Перамовы будуць даволі працяглымі й складанымі – лічыць палітоляг Дзяніс Мельянцоў. Прыкладам можа паслужыць дамова аб спрашчэньні візавага рэжыму. Менск і Брусэль узгадняюць яе ўжо больш за два гады. Так што пачатку рэгулярных палітычных кантактаў паміж Менскам і Брусэлем варта чакаць не раней, чым праз 5-7 гадоў – мяркуе аналітык.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт