Logo Polskiego Radia
Print

Ці краіну чакае новая хваля рэпрэсій?

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 09.03.2017 11:56
  • Ці краіну чакае новая хваля рэпрэсій.mp3
Улады адрэагавалі на масавыя пратэсты, але нічога новага так і не прыдумалі.
фота: Фэйсбук/А.Лябедзька

Апошнія хвалі пратэстаў, якія прайшлі па ўсёй краіне, пацягнулі за сабой рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзкіх і апазыцыйных актывістаў. Праваабаронцы «Вясны» кажуць, што краіну можа чакаць новая хваля рэпрэсій.

Праваабаронцы занепакоеныя рэакцыяй уладаў на актыўны ўдзел грамадзян у маршах супраць Дэкрэта №3. Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч мяркуе, што пакуль рана рабіць высновы аб новых тэндэнцыях, але верагодна, што ў вельмі хуткім часе эпоха мяккіх практык, якая назіралася ў краіне з моманту вызваленьня палітвязьняў у жніўні 2015 года, скончыцца.

«Нам бы хацелася, каб улады праявілі палітычную мудрасьць, гнуткасьць у гэтай сытуацыі, адмянілі дэкрэт, які зьяўляецца абсалютна бессэнсоўным і, я б сказаў, нават глупым. Але я вельмі баюся, што ўлады могуць прыняць больш простае для іх рашэньне, паколькі за ўсе гэтыя 20 з лішнім гадоў яны добра навучыліся «блякіраваць і расьсякаць». Таму бліжэйшым часам, я баюся, што мы можам стаць сьведкамі пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і распачынаньнем новай хвалі рэпрэсій», – кажа праваабаронца.

Масавыя пратэсты ў краіне сталі для ўлад нечаканасьцю, таму яны са спазьненьнем пачалі рэагаваць на сытуацыю. На жаль, яны не прыдумалі нічога новага – гаворыць лідар АГП Анатоль Лябедзька.

А. Лябедзька: Улады такога не чакалі. Яны не спадзяваліся, што такая колькасьць грамадзян здольная на пратэст. Ужо стала звычайным, што людзі ў лепшым выпадку паказваюць кукіш у кішэні на сваёй кухні. Таму ўладзе быў патрэбны час, каб выпрацаваць стратэгію, як на гэта рэагаваць, паколькі гэта новая якасьць сытуацыі. Нічога новага не прыдумалі, як выкарыстоўваць кропкавыя рэпрэсіі. Гэта вельмі выразна пачалося пасьля «Маршу недармаедаў» у Берасьце: прэвэнтыўныя затрыманьні, зьмяшчэньне актывісткі ў псыхіятрычную клініку, суткі. Але ўсё гэта наўрад ці прынясе ўладзе эфэкты. Падаецца, што людзі знайшлі прывіўку ад віруса страха. Чаго можна чакаць? Самы аптымістычны варыянт, што ўлада разумее памылкі і спрабуе справу перавесьці ў русла камунікацыі і круглых сталоў. Другі сцэнар: кропкавыя рэпрэсіі становяцца татальнымі. Зачыстка апазыцыйнага поля праходзіць па папярэдніх сцэнарах. Тут супраціў можа альбо нарастаць, дзеяньні набяруць больш радыкальны характар. Падаецца, што людзі проста так на кухню ўжо ня сыдуць. Такім чынам, мы можам гаварыць пра хвалю пратэстаў, якая расьце, і пра хвалю рэпрэсій, якія таксама растуць.

Інфармацыя пра чарговыя затрыманьні, суды, штрафы паяўляецца амаль штодня. Каардынатара «Марша недармаедаў» па Берасьце і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава 9 сакавіка чакае адразу два адміністрацыйныя працэсы. Баранавіцкім удзельнікам мітынгу супраць Дэкрэта №3 пагражаюць штрафы. У аўторак, 7 сакавіка, пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях склалі ў дачыненьні да Міхаіла Стрэльчыка, Мікалая Чарнавуса-малодшага, Мікалая Чарнавуса-старэйшага, Барыса Шырынгу і яшчэ аднаго ўдзельніка, прозьвішча якога невядомае. 17 сакавіка ў 17.00 судзьдзя суда Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок пачне разглядаць адміністрацыйны матэрыял у дачыненьні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі, якога за працу па так званых «дармаедзкіх» справах улада пасьпяшыла назваць адвакатам «дармаедаў». І гэта толькі некаторыя з прыкладаў.

ав/Вясна

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт