"Сіні кіт" уцягвае дзяцей у самагубчую гульню
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
21.03.2017 09:00
Інфармацыя пра страшную гульню, якая нарадзілася ў Расеі, дайшла ўжо да Беларусі і Польшчы.
www.pixabay.com
У сацыяльных сетках працягваецца актыўнасьць суіцыдальнай групы, якая вядомая пад назваю гульні «Сіні кіт». Інфармацыя пра страшную гульню, якая нарадзілася ў Расеі, дайшла ўжо да Беларусі і Польшчы. Нядаўна беларускія псыхіятры паведамілі, што ў Беларусі пачалі рэгістравацца выпадкі спробаў самагубства маладых людзей, якія трапілі ў залежнасьць ад сацсетак. Таксама польскія арганізацыі трэцяга сэктару папярэджваюць аб небясьпецы, якую прадстаўляюць сабою «суполкі сьмерці».
Польская фундацыя «Мы даём дзецям сілу» папярэджвае, што куратары гульні «Сіні кіт» уцягваюць дзяцей у залежнасьць, даюць ім розныя заданьні, у тым ліку небясьпечныя, і ў выніку могуць давесьці да суіцыду. Лукаш Вайтасік з фундацыі тлумачыць, якім чынам бацькі могуць пазнаць, што пад уплывам інтэрнэту з іх дзіцём адбываецца нешта дрэннае, што яно можа знаходзіцца пад нэгатыўным уплывам.
Л. Вайтасік: Існуюць розныя сыгналы, якія павінны нас насьцярожыць. Напрыклад, зьмяняюцца паводзіны дзіцяці, пагаршаюцца яго кантакты з равесьнікамі, бацькамі, іншымі сваякамі. Дзіця пачынае нешта ад бацькоў скрываць, у яго паяўляюцца таямніцы, абмяжоўвае іх доступ да свайго сьвету. Калі ў нас ёсьць падазрэньні, што дзіця трапіла ў залежнасьць ад інтэрнэт-знаёмстваў, то неабходна рэагаваць.
У рамках гульні «Сіні кіт» цягам 50 дзён удзельнік атрымлівае ад куратара розныя заданьні, некаторыя загадваюць калечыць уласнае цела, слухаць дэпрэсіўную музыку, глядзець страшныя фільмы або парваць адносіны са знаёмымі. Апошнім заданьнем зьяўляецца самагубства.
Лукаш Вайтасік зьвяртае ўвагу на тое, што часам падлеткі ў складанай жыцьцёвай сытуацыі прычыняюць сабе боль. Трэба знайсьці прычыну гэтай зьявы.
Л. Вайтасік: Неабходна задумацца, што стала прычынай. Дзеці, у якіх няма праблем, ня рэжуцца і не зьдзяйсьняюць самагубстваў, нават пад уплывам іншай асобы. Гэта больш глыбокая праблема. Перш за ўсё трэба сур’ёзна і спакойна паразмаўляць з дзіцём, але шукаць таксама дапамогу звонку. Нельга пакінуць дзіця адно з яго праблемамі.
Акружная пракуратура ў Шчэціне вядзе сьледзтва па справе членашкодніцтва траіх вучняў адной са школ у Заходнепаморскім ваяводзтве. Прычынай хутчэй за ўсё быў удзел у гульні «Сіні кіт». Заяву ў пракуратуру падаў дырэктар школы, – кажа прэс-сакратар Акружной пракуратуры ў Шчэціне Малгажата Вайскеховіч.
М. Вайскеховіч: Сьледзтва ўзбуджана па артыкуле «падбухторваньне да самагубства». Больш падрабязнай інфармацыі пракуратура пакуль што ня можа выявіць. Істотна тое, што пракурор выслаў у кураторыю інфармацыю пра пагрозу, якую прадстаўляе дадзеная суіцыдная група. У заяве ўтрымліваецца просьба прадпрыняць прафіляктычныя дзеяньні ва ўсіх школах Заходнепаморскага ваяводзтва.
Заходнепаморская кураторыя асьветы разаслала ў школы ды адукацыйныя ўстановы ліст, у якім папярэджвае пра пагрозу, зьвязаную з удзелам у гульні «Сіні кіт», – паведамляе віцэ-куратар Робэрт Стэнпень.
Р. Стэнпень: У гэтым лісьце ўтрымліваецца просьба, каб настаўнікі паведамілі бацькам пра пагрозы, папрасілі зьвярнуць увагу на паводзіны дзяцей, каб своечасова прадухіліць нэгатыўныя наступствы ўдзелу ў дадзенай групе. Адмысловыя ўрокі павінны правесьці настаўнікі пры дапамозе псыхолягаў і прадстаўнікоў паліцыі. Вельмі важна паведаміць бацькам, што такая пагроза існуе.
У суіцыдную групу «Сіні кіт» уваходзяць як правіла школьнікі, падлеткі, якія ўцягваюцца ў правілы гульні. Кіты – гэта значыць куратары, якія раздаюць заданьні – пераважана такія ж вучні, як і тыя, хто заданьні выконвае. Важна своечасова заўважыць, што дзіця ўцягнулася ў гульню і можа не спыніцца, калі кіт дасьць яму небясьпечнае заданьне, уключна з самагубствам. Але ў інтэрнэце шмат ужо антыкітоў, якія папярэджваюць удзельнікаў, што гульня можа быць сьмяротна небясьпечнай. Тым ня менш, ад бацькоў таксама залежыць, ці іх дзіця не апынецца ў небясьпечнай сытуацыі.
Нг