Logo Polskiego Radia
Print

«Фабрыка троляў» каштуе менш чым танк, а ўрон наносіць калясальны»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.03.2017 22:37
  • «Фабрыка троляў» каштуе менш чым танк, а ўрон наносіць калясальны».mp3
Як змагацца з расейскімі псэўданавінамі, якія распальваюць міжнацыянальныя канфлікты ў Эўропе? – вырашалі экспэрты ў Варшаве
pixabay.com

Нямеччына ўводзіць абавязковыя ўрокі арабскай мовы ў школах, у Швэдзкім горадзе Мальмё мігранты забіваюць людзей, а ва Ўкраіне ўжо настолькі голадна, што людзі адбіраюць хлеб у галубоў – гэта прыклады плётак, якія распаўсюджваюць у краінах Эўразьвязу платныя «тролі» і расейскія сэнсацыйныя сайты. Крамлёўскія СМІ стварылі паралельную рэальнасьць унутры Расеі, а цяпер стараюцца распальваць нацыянальныя й сацыяльныя канфлікты ў краінах Эўразьвязу. «Як змагацца з расейскай прапагандай у Эўропе?» – дыскусія з такой назвай была арганізаваная ў Варшаве Фондам імя Фрыдрыха Эбэрта ды Інстытутам грамадзкіх справаў. Сакрэты працы «крамлёўскіх троляў» прысутным раскрылі экспэрты з Польшчы, Славакіі ды Аўстрыі.

Зьвязаны з Крамлём расейскі бізнэсовец Яўген Прыгожын праславіўся на ўвесь сьвет стварэньнем некалькіх «фабрыкаў троляў». Гэта фірмы з сотнямі супрацоўнікаў, якія распаўсюджваюць у сацыяльных сетках і на інтэрнэт-форумах выгадныя расейскаму кіраўніцтву чуткі, а таксама дыскрэдытуюць апанэнтаў расейскіх уладаў. «Тролі» вяшчаюць ня толькі на расейскай, але й на ангельскай, нямецкай, францускай, украінскай мовах.

Расейская машына інтэрнэт-прапаганды – гэта ня толькі сотні платных камэнтатараў. Згодна з нядаўнім дасьледаваньнем інфармагенцтва РБК, Яўген Прыгожын усяго за два гады стварыў цэлую сетку сайтаў, якія распаўсюджваюць ілжывыя навіны. Аўдыторыя гэтых сайтаў складае 36 мільёнаў чалавек. Расейскім уладам удалося стварыць вельмі танную і эфэктыўную сыстэму прапаганды – заявіў, экспэрт дасьледчага цэнтру Global.Lab Матэвуш Баек.

/

Матэвуш Баек: На заробкі 400 людзей, якія здольныя стварыць сапраўдны інфармацыйны хаос, ідзе ўсяго каля паўмільёна эўра. Гэта менш, чым цана аднаго танка! Што зьмяняе адзін танк, разьмешчаны ў Калінінградзе? А ўплыў адной «фабрыкі троляў» велізарны. Нават дзіўна, што Крэмль не інвэстуе ў гэтую справу больш!

Якія мэты перасьледуюць крамлёўскія прапагандысты, якія дзейнічаюць у мэдыяпрасторы эўрапейскіх краінаў? Яны намагаюцца пахіснуць веру заходняй аўдыторыі ў лібэральную дэмакратыю, рынкавую эканоміку, дыскрэдытаваць Эўразьвяз і NATO. Таксама яны намагаюцца ўзмацніць этнічныя й сацыяльныя канфлікты, якія існуюць у заходніх грамадзтвах – кажа дырэктар славацкага Інстытуту грамадзкіх праблемаў Грыгорый Мясежнікаў. Прычым аўдыторыя, да якой зьвяртаюцца крамлёўскія прапагандысты, вельмі разнародная – зазначае палітоляг.

/

Грыгорый Мясежнікаў: Па-першае, гэта так званыя «суайчыньнікі». Гэта расейскамоўныя людзі, якія пражываюць у Заходняй Эўропе. Мы бачым, як у Нямеччыне гэтая група людзей была выкарыстаная Крамлём у канкрэтных палітычных мэтах. Другая мэтавая група – гэта эўрапейскі палітычны кляс. Мы бачым, што Крэмль разьвівае супрацоўніцтва перадусім з пазасыстэмнымі партыямі – правымі й левымі экстрэмістамі. Тым ня менш, ён не забываецца пра магчымых саюзьнікаў з палітычнага мэйнстрыму. У Францыі ёсьць палітыкі, якія прыслухоўваюцца да аргумэнтаў, якія гучаць з Крамля. Ёсьць такія палітыкі і ў Нямеччыне. Такія палітыкі ёсьць і ў дзяржавах Цэнтральнай Эўропы, у тым ліку ў краінах Вышэградзкай групы.

На думку Грыгорыя Мясежнікава, крамлёўская прапаганда дасягае сваёй мэты. Расьце папулярнасьць радыкальных палітычных групаў, а рыторыка нецярпімасьці паволі пранікае і ў прамовы палітыкаў парлямэнцкіх партыяў. Тэзісы, якія распаўсюджваюць «тролі», гучаць нават падчас перадвыбарных дэбатаў у эўрапейскіх краінах. «Сытуацыя, якая ўзьнікла ў апошнія тры гады – вельмі сур’ёзная», – лічыць палітоляг.

Унутры самой Расеі тролі і псэўдаінфармацыйныя сайты займаюцца ачарненьнем апазыцыі й Захаду. Інфармацыйны шум, які яны стварылі, ужо поўнасьцю дыскрэдытаваў Інтэрнэт як крыніцу інфармацыі. Таму расейскія грамадзяне зноў пачынаюць верыць падкантрольнаму Крамлю тэлебачаньню – распавядае прадстаўніца асацыяцыі «За свабодную Расею» Анастасія Сяргеева.

Крамлёўскія псэўда-СМІ таксама стараюцца перавесьці ўвагу аўдыторыі ад сурʼёзных праблемаў на яскравыя, але другасныя тэмы. Напрыклад, пасьля таго, як Фонд Барацьбы з Карупцыяй Аляксея Навальнага апублікаваў даклад, дзе абвінаваціў прэм’ера Мядзьведзева ў крадзяжы 500 мільёнаў эўра, расейскія СМІ пачалі абмяркоўваць не рэзыдэнцыі, вінаграднікі й яхты Мядзьведзева, а ўсяго толькі яго туфлі коштам у 700 даляраў!

Каб змагацца з прапагандай, трэба абмяркоўваць не сэнсацыі, а важныя праблемы – раіць Анастасія Сяргеева як аналітыкам і журналістам, так і звычайным людзям.

/

Анастасія Сяргеева: Калі мы заўважым, любая фэйкавая навіна ўспыхвае вельмі хутка, але й вельмі хутка згасае. У першую чаргу, такія навіны трэба ігнараваць. Трэба навязваць тую павестку дня, якая сапраўды важная. Трэба размаўляць не пра дарагія красоўкі Мядзьведзева ці Пуціна, а пра яго карупцыю, не пра зялёнку, якой аблілі Навальнага, а пра яго перадвыбарчую кампанію. У Эўропе таксама трэба абмяркоўваць не прыезд «Начных ваўкоў», а сур’ёзныя рэчы. Трэба не спрачацца пра тое, трэба ці ня трэба змагацца з крамлёўскай прапагандай, а казаць пра тое, што прапаганда дэстабілізуе, а пуцінскі рэжым фінансава карумпуе Эўропу.

Экспэрты й палітыкі розных краінаў Эўразьвязу шмат гавораць пра неабходнасьць барацьбы з ілжывымі навінамі. Пры гэтым ніхто дакладна ня ведае, наколькі крамлёўская дэзінфармацыя пераконвае эўрапейцаў і хто зьяўляецца яе асноўным спажыўцом – кажа экспэрт аўстрыйскага Інстытуту гуманітарных навукаў Антон Шэхаўцоў. Эфэктыўнасьць прапаганды трэба дасьледаваць такім жа чынам, як сацыёлягі й спэцыялісты па маркетынгу вывучаюць эфэктыўнасьць рэклямы. І ўжо пасьля гэтага трэба займацца супрацьдзеяньнем – раіць Антон Шэхаўцоў.

/

Антон Шэхаўцоў: Калі выкарыстоўваць акадэмічны падыход, то мы ня ведаем, наколькі прапаганда эфэктыўная. Мы ня ведаем, як ацаніць тыя страты, якія прыносяць дэзінфармацыйныя кампаніі. Мы ведаем, што існуюць арміі «троляў», але ня ведаем, як іх праца дзейнічае на людзей. Адным з галоўных элемэнтаў барацьбы з крамлёўскай дэзінфармацыяй зьяўляецца дасьледаваньне яе эфэктыўнасьці і мэханізмаў яе ўзьдзеяньня.

На думку Матэвуша Баека, заходнія СМІ павінныя выкрываць ілжывыя навіны. Такім чынам давер да сэнсацыяў, сфабрыкаваных крамлёўскімі тролямі» будзе падарваны.

Матэвуш Баек: Трэба паказваць, што гэтыя паведамленьні зьяўляюцца няпраўдай. Трэба паказваць, што іх дзесяткі й сотні. З дэзінфармацыяй і прапагандай трэба змагацца, але ня трэба змагацца з расейцамі. Трэба памятаць, што злачынцамі зьяўляюцца не расейскі народ, а палітыкі Крамля. Яны прымаюць рашэньні, які шкодзяць як нам, так і звычайным расейцам.

/


Эўрапейскім унівэрсытэтам і школам даўно пара ўводзіць заняткі па мэдыйнай адукацыі, якія б дапамаглі вучням і студэнтам адрозьніваць праўдзівую інфармацыю ад хлусьні – дадае Антон Шэхаўцоў. Аднак і эўрапейскім палітыкам трэба навучыцца вырашаць сацыяльныя і культурныя канфлікты, якія насамрэч існуюць у заходніх грамадзтвах. Тады глеба для крамлёўскай прапаганды зьнікне – раіць палітоляг.

Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся, што стварэньне «фабрыкаў троляў» і псэўдаінфармацыйных сайтаў было стратэгічным рашэньнем Крамля. Гэта зброя, які дазваляе расейскім уладам аслабіць сваіх апанэнтаў. «Крамлёўскія тролі» і фэйкі прыйшлі ў эўрапейскую мэдыяпрастору надоўга. Ад гэтай зброі Крэмль ужо не адмовіцца.

/

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт