Рынак працы пастаянна мяняецца. Мяняецца запатрабаванасьць на працаўнікоў паасобных прафэсій, бо тыя спэцыялісты, якія запатрабаваныя сёньня, празь некалькі гадоў могуць застацца бяз працы. У міжнародны дзень працы запытаем спэцыяліста аб прагнозах разьвіцьця працоўнага рынку, да чаго нам трэба падрыхтавацца.
Аналітычныя дасьледаваньні праводзіў партал gumtree.pl у рамках праграмы «Старт у кар’еру» разам з «Лябараторыяй лічбавай гаспадаркі Delab Варшаўскага ўнівэрсытэта. Праз 10-15 гадоў рынак працы ў Польшчы будзе ў вялікай ступені адрозьнівацца ад таго, які мы ведаем сёньня, як працавалі нашыя бацькі і дзяды. 20-30 гадоў таму людзі працавалі нават цэлае жыцьцё на адным прадпрыемстве, цяпер працу мяняць прыходзіцца вельмі часта. Маладыя людзі павінны разумець дынаміку рынку працы і падрыхтавацца да гэтага.
Катажына Мэрска, спэцыяліст па рынку працы партала gumtree.pl, падкрэсьлівае, што працаваць на стаўку хутчэй за ўсё ня будзем.
К.Мэрска: Будзем працаваць праектамі. Працаўнік ня будзе зьвязвацца стаўкай з адным працадаўцам, будзе працаваць фрылансэрам. Праца праектамі будзе заключацца ў тым, што будуць наймацца спэцыялісты для рэалізацыі дадзенага праекта. Ужо цяпер паўстаюць гэтак званыя плятформы drought working, дзе рэгіструюцца розныя спэцыялісты, а фірмы выстаўляюць там да рэалізацыі розныя праекты. Іншы від працаўладкаваньня - гэта праца паводле парт фоліё – гэта выкананьне заказаў паасобных кліентаў.
Спэцыялісты папярэджваюць, што зьнікне такая інстытуцыя, як спакойны, цёплы штат на прадпрыемстве. Асобы, якія праз 10 гадоў увойдуць на рынак працы, мусяць быць гнуткія, пастаянна пашыраць свае веды і здабываць новыя кампэтэнцыі. А некаторыя прафэсіі зьнікнуць, паколькі чалавека заменяць робаты, зазначае Катажына Мэрска.
К.Мэрска: У першую чаргу гэта прадаўцы, гандляры. Ужо некалькі гадоў продаж пераносіцца ў інтэрнэт. Гэта мае свой назоў: рынак e-commerce і ён разьвіваецца хуткімі тэмпамі. Акрамя гэтага, у крамах зьяўляюцца апараты, якія замяняюць тыповых прадавачак і касіршаў. Касы самаабслугоўваньня, фактураматы замяняюць працу некалькіх чалавек. І вось прадаўцы, касіршы павінны паклапаціцца пра сваю будучыню. Таксама будзе зьнікаць тэлефонны продаж – тэлемаркетынг.
У злучаных Штатах ужо цяпер абмяркоўваюць увядзеньне аўтамабіляў, у якіх ня будзе кіроўцы, а толькі кіруючы апарат. У многіх галінах апараты выцясьняюць чалавека.
К.Мэрска: Гэта таксама будучыня рынку працы, напрыклад, у галіне транспарту і лягістычных паслуг. Кіроўцы павінны падумаць, што яны будуць рабіць праз 10-15-20 гадоў. Найбольш рызыкоўныя галіны - гэта аўтамабільная, электронная прамысловасьць, гандаль, а таксама чыноўнікі – агулам каля 4,5 мільёна чалавек выконваюць прафэсіі, якія ў будучыні могуць зьнікнуць. Існуюць прагнозы, што пад пагрозай зьнікненьня ў выніку аўтаматызацыі і аблічбоўкі знаходзіцца 40-50% прафэсій. Таксама цягам бліжэйшых 10 гадоў да 35% прамысловасьці і фірмаў будуць у Польшчы поўнасьцю аўтаматызаваныя. Гэты працэс у нас толькі пачынаецца.
Адзначым, што паводле апытаньняў, у Польшчы 20% насельніцтва ніколі не карысталіся інтэрнэтам. Людзі, якім больш за 50 гадоў, слаба ведаюць кампутар. Польшча з пункту гледжаньня лічбавай кампэтэнтнасьці знаходзіцца ў шэрым канцы Эўразьвязу. Таксама і польскія фірмы знаходзяцца на нізкім узроўні аблічбоўкі.
Змены на рынку працы прывядуць да зьнікненьня некаторых прафэсій, але некаторыя напэўна застануцца. Бясьпечнымі застануцца прафэсіі, у якіх неабходнае абстрактнае мысьленьне, як пісьменьнік, журналіст, крэатыўны дырэктар, мастак, тэрапэўт, псыхоляг і сьвятар, - кажа Катажына Мэрска.
К.Мэрска: Такім прафэсіям, як тэрапэўт, доктар, мэдсястра, акушэрка, выкладчык няма пагрозы, таму што там неабходна крэатыўнасьць, эмпатыя, грамадзкая інтэлігенцыя, і ў гэтых галінах яшчэ доўгія гады аўтаматы ня змогуць замяніць чалавека. Ёсьць прафэсіі, якія ў бліжэйшыя гады будуць перажываць дынамічнае разьвіцьцё – гэта сэктар ІТ: праграмісты, аналітыкі дадзеных. Эўрапейская камісія прагназуе, што да 2020 году ў ЭЗ будуць запатрабаваныя гэтак званыя э-лідары. Гэта людзі, якія спалучаюць кампэтэнцыі некалькіх галін – яны ведаюць як плянаваць бізнэс, ведаюць маркетынг, рэкляму, гэта спэцыялісты па ІТ тэхналёгіях, але таксама ведаюць прынцыпы працы з кліентам.
Катажына Мэрска спрабуе знайсьці карысныя бакі аўтаматызацыі і аблічбоўкі рынку працы – людзі будуць мець больш свабоднага часу для адпачынку і такім чынам пашырыцца рынак працы для людзей, зьвязаных з культурай, спортам, турызмам і г.д.
яс