Logo Polskiego Radia
Print

„Мы чакаем тлумачэньняў”

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.07.2017 19:31
  • Kavalenka.mp3
Амбасада Ўкраіны ў Менску накіравала ноту ў МЗС у сувязі з забаронай на ўезд у Беларусь журналісткі «Ўкраінскай праўды».
Пячатка з забаронай на ўезд у Беларусь у пашпарце Аксаны КаваленкіПячатка з забаронай на ўезд у Беларусь у пашпарце Аксаны КаваленкіФота: профіль Аксаны Каваленкі ў Фэйсбуку

Супрацоўніцу папулярнага інтэрнэт-выданьня Аксану Каваленку літаральна зьнялі зь цягніка на мяжы. Пра інцыдэнт, што адбыўся ўначы з суботы на нядзелю, на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook паведаміла сама Аксана. Паводле ўкраінскай журналісткі, ініцыятарам забароны зьяўляецца расейскі бок. Як сьцьвярджае Аксана Каваленка, пра гэта яна даведалася, выпадкова зірнуўшы ў базу падчас праверкі пашпарту. Ад памежнікаў супрацоўніца «Ўкраінскай праўды» ніякіх камэнтароў не атрымала. Пасьля кароткай размовы і праверкі багажу, зрабіўшы ў пашпарце адзнаку аб забароне на ўезд, карэспандэнтку пасадзілі на цягнік да Кіева. Такім чынам, паездку ў Беларусь прышлося адмяніць. І хоць візыт спачатку плянаваўся як прыватны, гісторыяй зацікавілася дыпляматычнае прадстаўніцтва Ўкраіны ў Менску. Сытуацыю нашай рэдакцыі пракамэнтавала першы сакратар амбасады Марыя Гуцала.

Марыя Гуцала: Пра тое, што нашу журналістку зьнялі зь цягніка і адправілі назад ва Ўкраіну, стала вядома яшчэ ўчора. Мы адразу ж даслалі ноту Міністэрству замежных спраў Беларусі з просьбай патлумачыць прычыны. Калі мы атрымаем тлумачэньні, тады і будзем разглядаць пытаньне аб тым, што рабіць далей. Да ўсіх гэтых пытаньняў трэба падыходзіць рэалістычна. Існуе пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй. І на падставе таго, што ў Расеі існуе сьпіс грамадзян, якія ня могуць наведваць Расею, аўтаматычна гэта распаўсюджваецца і на Беларусь.

Кароткі камэнтар ад Дзяржаўнага памежнага камітэту атрымала рэдакцыя парталу tut.by. Як паведамілі прадстаўнікі ведамства, памежнікі дзейнічалі адпаведна з трыццатым артыкулам Закону аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь. Сярод верагодных прычын адмовы на ўезд у краіну ў гэтым дакумэнце называюцца, між іншым, парушэньне правілаў перасячэньня мяжы, а таксама сытуацыі, калі права свабоднага перамяшчэньня абмяжоўваецца на міжнародным узроўні. У тым, што ў сытуацыі з Аксанай Каваленкай Беларусь прымала рашэньне самастойна, сумняваецца ўкраінскі палітычны аналітык Аляксандр Палій.

Аляксандр Палій: Сучасная Беларусь ідзе ў фарватэры расейскай палітыкі і, уласна, імкнецца фарміраваць агульную прастору (у тым ліку – візавую) з Расеяй. У выніку нэгатыўныя ўстаноўкі расейскай Фэдэральнай службы бясьпекі й памежнікаў распаўсюджваюцца на Беларусь. Агульная палітыка зьяўляецца ўмовай, у тым ліку, эканамічных адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю. Беларусь адыходзіць ад гэтай лініі ў асобных выпадках. У іншых выпадках яна прытрымліваецца рэчышча расійскай палітыкі. І таму мы разумеем, што падобныя рашэньні фарміруюцца ў Расеі, а не ў самой Беларусі.

Нагадаем, такія інцыдэнты здараліся і раней. У лютым гэтага году ў падобнай сытуацыі апынуўся вядомы ўкраінскі пісьменьнік Сяргей Жадан. Ён прыехаў у Менск на літаратурны фэстываль, але быў затрыманы пасярод ночы ва ўласным гатэльным нумары. Яму паставілі штамп аб забароне на ўезд у Беларусь. Аднак празь некалькі гадзін беларускія ўлады вырашылі зьняць абмежаваньні.

Аляксандр Палій: Там, дзе тое ці іншае пытаньне выклікае рэзананс ці зьяўляецца прынцыповым альбом можа быць адмененае беларускім бокам, там Беларусь можа пайсьці на нейкія крокі. Тым больш, такія крокі былі напярэдадні сустрэчы на вышэйшым узроўні паміж кіраўніцтвам Украіны й Беларукі. Таму гэта магло зрабіць нейкі ўплыў. То бок, беларусы хацелі б стварыць больш спрыяльную атмасфэру.

Тым часам Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны таксама вядомая сваімі забаронамі. Па сьвежых дадзеных профільнага ведамства, цягам апошніх трох дзён афіцыйны Кіеў увёў такія ж абмежаваньні ў адносінах да 14 расейскіх артыстаў, якія раней выступалі на тэрыторыі анэксаванага Крыму. Ад пачатку ліпеня ў «чорны сьпіс» трапілі, між іншымі, выканаўцы Найк Барзоў, Дэльфін, а таксама сьпявачка Бьянка, якая нарадзілася і доўгі час жыла ў Беларусі. Абмежаваньні будуць дзейнічаць тры гады.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт