Logo Polskiego Radia
Print

Засваеньне Марса: рэальнасьць ці фантастыка?

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 17.07.2017 19:16
Праз 6 год на Чырвоную плянэту адправіцца ракета, што даставіць туды першую сотню ахвотнікаў ды 450 тон абсталяваньня ды харчаваньня.
pixabay.com/Public Domain CC0

На пэрспэктывы засяленьня Марса зьвярнула ўвагу ў сьвежым нумары рэдакцыя часопісу NewsWeek Polska. Праз 6 год на Чырвоную плянэту адправіцца ракета, што даставіць туды першую сотню ахвотнікаў ды 450 тон рознага абсталяваньня і харчаваньня. Зь цягам часу навукоўцы плянуюць ладзіць новыя рэйсы на Марс, каб да 2040 году там паўстала вялікая калёнія Зямлі.

Пра дэталі свайго маштабнага пляну паведаміў Ілон Маск, стваральнік алектрамабіляў Tesla, сыстэмы плацяжоў PayPal ды аўтар іншых вядомых праектаў. Тым часам, многія навукоўцы глядзяць на задуму канадзка-амэрыканскага бізнэсмэна даволі скептычна.

Паводле спэцыялістаў, марсіянская глеба ўтрымлівае шкодныя рэчывы. У тым ліку – перхлараты, небясьпечныя для бактэрыяў. Беручы гэта пад увагу, людзі навукі сумняюцца, што на Марсе можна будзе вырошчваць сельгаскультуры. Яшчэ адна пагроза, пра якую варта памятаць людзям, гэта радыяцыя.

Справа ў тым, што на Чырвонай плянэце няма магнітасфэры, якая абараняе чалавека ад шкодных прамянёў. Паводле дасьледваньняў, эфэктам іх узьдзеяньня могуць стаць мутацыі ДНК, анкалягічныя захворваньні ды паражэньне мозгу. Да не самых прыемных момантаў варта дадаць адсутнасьць магчымасьці вярнуцца на Зямлю, а таксама самотнасьць.

Доўгае адзіноцтва, да ўсяго – у холадзе ды штучным асьвятленьні – пагражае фізычнаму здароўю яшчэ больш, чым, напрыклад, празьмерная вага ды паленьне цыгарэт. Так здараецца на нашай плянэце. Пра тое, які эфэкт ізаляцыя будзе мець на Марсе – за сотні мільёнаў кілямэтраў ад Зямлі – многія навукоўцы не бяруцца нават прагназаваць.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт