Logo Polskiego Radia
Print

«Крызыс сярэдняга ўзросту» пагражае ня ўсім

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 01.09.2017 18:30
Паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзенага навукоўцамі з брытанскага ўнівэрсытэту Ўорык, у асноўным з такой праблемай сутыкаюцца багатыя людзі.
pixabay.com/Public Domain CC0

Так званы «крызыс сярэдняга ўзросту» пагражае ня ўсім. Паводле вынікаў дасьледаваньня, праведзенага навукоўцамі з брытанскага ўнівэрсытэту Ўорык, у асноўным з такой праблемай сутыкаюцца багатыя людзі. Тэме прысьвечаны адзін з артыкулаў сьвежага нумару газэты Puls Biznesu. Удзел у анкетаваньні ўзялі мільён трыста тысячаў чалавек з 51 краіны.

Спэцыялісты прыйшлі да высновы, што людзі часьцей за ўсё незадаволеныя ўласным жыцьцём пасьля 30 гадоў. Зьвязана гэта з нерэалізаванымі марамі ці патрэбамі асабістага разьвіцьця. Калі людзі пачынаюць багацець, набываюць машыны ды нерухомасьць, нярэдка ўзьнікае пытаньне – ці патрэба ўсё гэта для шчасьця? Канадзкі псыхоляг Эліат Джаквэс, аўтар тэрміну «крызыс сярэдняга ўзросту» (дарэчы, гэтае акрэсьленьне цяпер амаль не ўжываецца) заўважыў, што нават у выбітных Моцарта ды Рафаэля пасьля 30 зьяўлялася дэпрэсія. Гэта не магло не паўплываць на творчасьць.

Навукоўцы раяць уладам розных краінаў зьвярнуць увагу на хвалю самагубстваў ды распрацаваць праграмы, накіраваныя супраць злоўжываньня антыдэпрэсантамі людзьмі. Цікава, што задавальненьне ўласным жыцьцём вяртаецца пасьля 50, кажуць аўтары дасьледаваньня. Яшчэ адна адметнасьць – праблема ўзроставых крызысаў больш характэрная для краінаў з высокім узроўнем разьвіцьця.

Даволі часта фрустрацыю адчуваюць людзі, якія залежаць ад жыцьцёвых посьпехаў, а дасягнуць пэўных вынікаў, скажам, на працы не атрымліваецца. Гэта адбіваецца й на асабістым жыцьці. Галоўнае ў такой сытуацыі – падыход чалавека да праблемы. З крызысам трэба зьмірыцца і пераадолець яго – прыводзіць газэта словы сямейнага кансультанта Марты Маёрчык.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт