Зьменшыць спажываньне алькаголю ў Польшчы зьбіраецца ўрад краіны
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
25.09.2017 18:56
Чыноўнікі зь Міністэрства аховы здароўя хочуць істотна зьмяніць Закон аб выхаваньні цьвярозасьці ды супрацьдзеяньні алькагалізму.
pixabay.com/Public Domain CC0
Зьменшыць спажываньне алькаголю ў Польшчы зьбіраецца ўрад. Новаўвядзеньні не абмінуць піва. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод сярэднестатыстычны жыхар краіны выпівае прыблізна 97 літраў гэтага напою. Паказчык – адзін з самых вялікіх у Эўропе, чытаем сёньня на старонках газэты Puls Biznesu. Па прагнозах экспэртаў, без умяшаньня з боку ўраду лічбы будуць расьці.
Каб паўплываць на статыстыку, чыноўнікі з профільнага міністэрства хочуць зьмяніць Закон аб выхаваньні цьвярозасьці ды супрацьдзеяньні алькагалізму. Распрацоўка праекту пакуль наперадзе, але некаторыя зь верагодных нормаў ужо вядомыя. Калі ініцыятыву ўхваляць, на тэрыторыі краіны будзе забаронены продаж алькаголю ў выглядзе парашку, крышталёў, гелю ці пасты. Колькасьць кругласутачных крамаў са сьпіртным змогуць вызначаць кіраўнікі гмінаў.
Акрамя таго, нельга будзе ўжываць алькагольныя напоі ў грамадзкіх месцах. Яшчэ адна з прапановаў тычыцца маркетынгу – тэлевізійную рэкляму піва зьбіраюцца дазволіць з 23 гадзінаў. Адзначым, зараз яе можна дэманстраваць на тры гадзіны раней. Дырэктар Асацыяцыі рэгіянальных польскіх бровараў Анджэй Алькоўскі кажа, што падобныя абмежаваньні стануць ударам для ўсёй галіны.
У сваю чаргу, дэпутат ад партыі Kukiz’15, уладальнік кампаніі, якая займаецца вытворчасьцю піва, Марэк Якубяк больш катэгарычны. Ён вінаваціць улады ў чарговай спробе пазбавіць палякаў часткі правоў ды паставіць усё пад кантроль. Піва, як і хлеб, зьяўляецца адным са старэйшых прадуктаў, а піваварства – гэта ня толькі прафэсія, але й сапраўднае мастацтва, дадае парлямэнтарый. Паводле дэпутата, праблему злоўжываньня можна вырашыць не забаронамі, а спэцыяльнымі адукацыйнымі праграмамі для насельніцтва, піша Puls Biznesu.
св