На радзіме прэм'ер-міністра пачалі спыняцца важныя міжнародныя цягнікі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
29.09.2017 14:36
У гэтым не было б нічога дзіўнага, калі б ня той факт, што ў гарадку пражывае каля 12 тыс. чалавек.
Цягнік польскай дзяржаўнай чыгуначнай пасажырскай кампаніі PKP Intercitywww.intercity.pl
Тыднёвік Wprost паведамляе пра тое, што ў невялічкім гарадку Бжэшчэ будуць спыняцца важныя міжнародныя цягнікі, у прыватнасьці, Варшава-Вена, Варшава-Прага, Кракаў-Прага й Кракаў-Будапэшт.
Насельніцтва гарадка складае ўсяго каля 12 тыс. чалавек. А яго адметнасьцю зьяўляецца тое, што Бжэшчэ – гэта радзіма прэм’ер-міністра Польшчы Бэаты Шыдла. Дарэчы, старшыня Кабінэту міністраў Польшчы кожныя выхадныя пакідае Варшаву й накіроўваецца ў свае родныя мясьціны, дзе мае дом, за якім цяпер сочыць яе муж, які адмовіўся пераяжджаць у Варшаву.
Пасьля таго, як стала вядома пра спыненьне міжнародных цягнікоў на невялікай станцыі, гэтай тэмай заняліся журналісты. Дзяржаўная чыгуначная пасажырская кампанія PKP Intercity, апэратар цягнікоў, на пытаньне журналістаў мае адзін адказ: жыхары польскай правінцыі таксама павінны мець шанец на тое, каб мець прамое спалучэньне са сталіцай сваёй краіны й эўрапейскімі гарадамі.
Але журналісты не здаюцца й задаюць чарговае пытаньне, якое пакуль што засталося без адказу: ці ўплыў на тое, што на невялікай станцыі спыняюцца міжнародныя цягнікі, мае той факт, што Бжэшчэ – радзіма Бэаты Шыдла?
Дарэчы, сама прэм’ер-міністар заявіла, што ніякага дачыненьня да цягнікоў ня мае.
Тыднёвік Wprost таксама нагадвае, што год таму на станцыі не спыняўся ані адзін пасажырскі цягнік.
вс