Чаму сучасныя людзі з цяжкасьцю адрозьніваюць праўду ў СМІ ад хлусьні? Наколькі беларускае грамадзтва абароненае ад дэзінфармацыі? Што трэба рабіць, каб не патрапіць на кручок прапагандыстам і маніпулятарам? На гэтыя пытаньні нам расказвае беларускі мэдыяэкспэрт і журналіст Паўлюк Быкоўскі.
Спадар Паўлюк, у апошнія гады ўсё больш эўрапейскіх дасьледчыкаў займаецца аналізам расейскай медыяпалітыкі, адсочваюць інфармацыю, якую распаўсюджваюць расейскія СМІ. Чаму ўсе так баяцца расейскіх мэдыя?
Паўлюк Быкоўскі: Усё залежыць ад краіны. У краінах, якія знаходзяцца далёка ад Расеі й дзе расейскія інтарэсы не праяўленыя, цікавасьці да гэтай тэмы няма – напрыклад у Грэцыі. А вось у краінах, дзе Расея спрабавала разгойдаць сытуацыю (Нямеччына, Францыя, Злучаныя Штаты) зьявілася моцная цікавасьць да гэтай праблемы.
У Сэнаце ЗША ідзе расьсьледаваньне, у рамках якога Facebook і Twitter даюць дакладную інфармацыю пра дзейнасьць расейскіх троляў і маніпулятараў у сацыяльных сетках. Гэтая інфармацыя дае падставы гаварыць пра інфармацыйную зброю, якую выкарыстоўвае Расея для таго, каб дасягаць сваіх інтарэсаў. На жаль, даволі часта Крэмль разумее свае інтарэсы ў тым, каб яго партнэры былі аслабленыя, занятыя хаосам ва ўласных краінах, і ня ўмешваліся ў тое, што адбываецца ў самой Расеі.
Вы ўжо назвалі адзін элемэнт гэтай інфармацыйнай «зброі» – троляў, якія распаўсюджваюць дэзінфармацыю ці пэўныя меркаваньні ў Інтэрнэце. А што ўваходзіць у расейскі арсэнал яшчэ?
Паўлюк Быкоўскі: Даволі часта эфэктыўным зьяўляецца не сам распаўсюд дэзінфармацыі, а стварэньне «белага шуму». Вэрсіяў падзеяў настолькі многа, што людзі кажуць, што яны ўжо ніколі не разьбяруцца, што было насамрэч. Яшчэ два дзесяцігодзьдзі таму людзі былі ўпэўненыя, што ў сытуацыі можна разабрацца. Яны давяралі журналістам, праваахоўным ворганам, суду. А сёньня ў грамадзянаў шматлікіх краінаў адбыліся зьмены ў сьвядомасьці. Адбыліся яны таму, што СМІ згубілі манаполію на камунікацыю.
Цяпер некаторыя блёгеры маюць большую аўдыторыю, чым традыцыйныя мэдыя. Калі ўсе роўныя і няма тых, хто вядзе рэй, то аказваецца, што масаваму спажыўцу складана разабрацца. Ён перастае сам аналізаваць інфармацыю, і пачынае бяздумна давяраць лідарам грамадзкага меркаваньня або нейкім СМІ, да якіх ён прывык.
Гэта праблема ня толькі постсавецкіх краінаў. Новыя пакаленьні ва ўсім сьвеце маюць іншую мадэль спажываньня інфармацыі. Вельмі шмат зьвестак яны атрымліваюць з сацыяльных сетак. Яны не пераходзяць на першакрыніцы інфармацыі, чытаюць толькі загалоўкі. Гэта тае магчымасьць падсунуць ім скажоную карціну сьвету. На жаль, сёньняшняя шырокая аўдыторыя мае востры дэфіцыт ведаў наконт таго, як працаваць з інфармацыяй і крытычна ўспрымаць тое, што нам прапануе той ці іншы яе стваральнік.
Наколькі Беларусь абароненая ад дэзінфармацыі, якую могуць распаўсюджваць нанятыя суседняй дзяржавай тролі, СМІ?
Паўлюк Быкоўскі: На сёньняшні дзень беларускія ўлады не ўспрымаюць Расею як сур’ёзнага суперніка. Аднак разам з тым лічаць, што ўсё павінна быць пад кантролем. Хачу заўважыць, што з пачатку 2000-х большасьць беларусаў ня мае прамога доступу да расейскіх тэлеканалаў. Тое, што глядзяць людзі – гэта не канал «Россия», а канал «РТР-Беларусь»; не НТВ, а «НТВ-Беларусь»; не «Первый канал», а АНТ. Гэта «гібрыдныя» каналы, якія знаходзяцца пад поўны кантролем беларускіх уладаў. Частка кантэнту там створана беларускімі тэлекампаніямі. Калі ў эфіры гэтых каналаў зьявіцца нешта нэгатыўнае з пункту гледжаньня ўладаў, то гэтага нэгатыву беларуская аўдыторыя не ўбачыць.
Пры гэтым 65% кантэнту ў беларускіх СМІ вырабляецца ў Расеі. Гэта вельмі вялікая лічба. Гаворка ідзе пра навіны, забаўляльныя перадачы, ток-шоў, якія фармуюць пэўны парадак дня. Згодна з дасьледаваньнямі сацыёлягаў, адносіны беларусаў і расейцаў да пытаньня Крыму, вайны на ўсходзе Ўкраіны і г.д. адрозьніваецца прыкладна на 18%. Не сакрэт, што Аляксандар Лукашэнка спрабуе лявіраваць паміж галоўным саюзьнікам – Расеяй і важным партнэрам – Украінай. І гэтыя 18% – гэта ўсё, што Менск і недзяржаўныя СМІ могуць кантраляваць на беларускім інфармацыйным полі.
Як дапамагчы беларускаму грамадзтву абараніцца ад дэзінфармацыі й маніпуляцыяў у Інтэрнэце?
Паўлюк Быкоўскі: З аднаго боку, у беларускім мэдыйным полі павінныя прысутнічаць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. З другога боку, нельга забывацца пра канцэпцыю «маякоў», якая распаўсюджанай у мэдыябізнэсе. Адзін маяк немагчыма засланіць іншым. Будзе проста больш сьвятла, больш інфармацыйнага шуму. Трэба вучыць людзей крытычна ўспрымаць інфармацыю. Якасным СМІ трэба не ісьці на паваду масавым густам. Нельга займацца штучнай драматызацыяй падзеяў. Трэба падаваць інфармацыю так, каб людзі маглі ўзважана прыняць рашэньні. Павінен захавацца цьвёрды навінны падыход, вядомы з падручнікаў па журналістыцы, але пра які ўсё часьцей забываюць шмат якія рэдакцыі.
Размаўляў Аляксандар Папко