Кіраўнік МЗС Польшчы: Украіна парушае двухбаковыя пагадненьні
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
01.12.2017 12:48
Вітольд Вашчыкоўскі кажа, што няма вострага канфлікту на восі Польшча – Украіна.
Witold WaszczykowskiKarolina Siemion-Bielska/Ministerstwo Spraw Zagranicznych PL
У выданьні «Rzeczpospolita» інтэрвію з міністрам замежных спраў Польшчы Вітольдам Вашчыкоўскім. Міністар вельмі пазытыўна ацэньвае два гады сваёй працы на дадзенай пасадзе: амэрыканскія войскі ў Польшчы, сыстэма супрацьракетнай абароны, візыт папы рымскага, Сусьветныя дні моладзі і г.д. На пытаньне, чаму польска-украінскія адносіны становяцца ўсё горшымі, Вашчыкоўскі адказвае, што няма канфлікту на восі Польшча – Украіна. Украіна ў аднабаковым парадку парушае двухбаковыя пагадненьні.
На пытаньне, чаму некаторыя высокапастаўленыя палітыкі ЭЗ, у тым ліку старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск, бачаць справы інакш, міністар кажа: «Туск не зьяўляецца нэўтральным палітыкам, ён частка татальнай польскай апазыцыі. Эўрапейскі парлямэнт карыстаецца прынцыпам двайных стандартаў у выпадку адносін з Польшчай. Тым ня менш, Польшчы не пагражаюць санкцыі з боку Эўразьвязу».
Палякам ніяк не ўдаецца вярнуць на Айчыну каркас разьбітага самалёта Ту-154М, каб высьветліць усе прычыны Смаленскай авіякатастрофы. Па словах Вашчыкоўскага, дзейная ўлада за два гады зрабіла ўсё магчымае, каб самалёт вярнуць, але Расея не жадае яго аддаваць. А чым даўжэй Расея трымае самалёт, тым больш пацьвярджае, што ў яе ёсьць што прыхоўваць.
На думку Вашчыкоўскага, кіраваньне краінай партыі «Права і справядлівасьць» (Аб’яднаных правых сілаў) працягнецца як мінімум тры тэрміны паўнамоцтваў. А ці ён будзе далей міністрам замежных спраў, вырашыць прэм’ер-міністар.
Rzeczpospolita/нг