Беларусы ды ўкраінцы занепакоеныя зьменамі ў правілах выдачы Карты паляка
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
11.12.2017 15:25
На ўкраінскіх парталах ёсьць аб’явы махляроў, якія за адпаведную плату гатовыя зрабіць паляка з кожнага.
Wikimedia Commons/Council of Ministers of the Republic of Poland/Public domain
Мяняюцца прынцыпы выдачы Карты паляка – нагадвае «Gazeta Wyborcza». Да гэтае пары дастаткова было даказаць, што продкі мелі польскае грамадзянства. А цяпер, пасьля ўвядзеньня паправак і дапаўненьняў у закон, трэба прадставіць доказы, што яны былі таксама палякамі па нацыянальнасьці.
Паводле словаў дэпутата ад партыі «Права і справядлівасьць» Малгажаты Выпых, адной з аўтарак зьменаў, прычынай увядзеньня паправак была неабходнасьць змагацца са злоўжываньнем. Карту паляка атрымлівалі асобы, якія ня мелі з Польшчай нічога агульнага і палякамі сябе не адчувалі.
Тым ня менш, на думку беларусаў ды ўкраінцаў, зьмены зусім не зьліквідуюць выпадкаў злоўжываньня. У інтэрнэце шмат меркаваньняў пра тое, што асобы, якія імкнуцца атрымаць карту паляка, далей будуць падрабляць дакумэнты, але датычныя нацыянальнасьці. На ўкраінскіх парталах многа аб’яваў махляроў, якія за адпаведную суму абяцаюць зрабіць паляка з кожнага.
Пакуль што новы закон не пачаў дзейнічаць. Таму людзі стараюцца атрымаць тэрмін на абавязковую гутарку з польскімі чыноўнікамі як мага хутчэй, але гэта нялёгка, бо тэлефонная лінія або занятая, або ўжо не прымаюць запісаў. Цяпер іспыты на Карту паляка можна здаваць ня толькі ў консульстве, але таксама ў Польшчы. Беларусы езьдзяць у ваяводзкае ўпраўленьне ў Беласток, але там няма ўжо свабодных тэрмінаў. Пасьля прыняцьця закону дэпутатамі Сэйму, беларусы напісалі пэтыцыю прэзыдэнту, у якой прасілі не падпісваць новага права. За чатыры дні сабралі больш за 400 подпісаў.
На думку нашчадкаў польскіх грамадзян, новыя прынцыпы выдачы Карты паляка крыўдныя для іх. Справа ў тым, што ў польскіх дакумэнтах міжваеннага пэрыяду як правіла не было рубрыкі «Нацыянальнасьць», акрамя таго, многія архівы былі зьнішчаныя падчас Другой сусьветнай вайны. А пасьля вайны савецкія ўлады запісвалі жыхарам былых польскіх зямель нацыянальнасьць той рэспублікі, дзе яны жылі. У такой сытуацыі часта адзінай надзеяй на атрыманьне Kарты паляка было польскае грамадзянства продкаў.
Gazeta Wyborcza/нг