У гэтым годзе Польшча прыняла 260 рэпатрыянтаў, – аб гэтым паведаміла старшыня рады па справах рэпатрыяцыі Аляксандра Сьлюсарэк. Гэта людзі польскага паходжаньня, якія прыехалі з Казахстану, Расеі, Узбэкістану і Ўкраіны. Вяртаньне на радзіму будзе яшчэ больш простым у выніку новых паправак у закон аб рэпатрыяцыі, які быў прыняты ў красавіку гэтага году.
Аляксандра Сьлюсарэк нагадала, што ў рамках рэпатрыяцыі летась, па запрашэньні тагачаснай прэм’ер-міністар Бэаты Шыдла, прыехала група 156 чалавек з Казахстану.
А.Сьлюсарэк: Мы лічым гэты год тэставым. Новы закон аб рэпатрыяцыі сапраўды добры. І так, як мы раней казалі, рэпатрыяцыю мы раскладаем на 10 гадоў. Кожны год у Польшчу будзе пераяжджаць адна тысяча чалавек. Гэта будзе рэальна пры ўмове, што ажыцьцяўленьне закону адпаведнымі службамі, у прыватнасьці Міністэрствам замежных справаў, будзе сумленным.
У групе рэпатрыянтаў з Казахстану была сям’я Мілераў з трымя дзецьмі. «Летась сьвята Божага нараджэньня мы правялі ў Доме Палёніі ў Пултуску, а сёлета за калядны стол мы селі ў нашай уласнай кватэры», – сказала Польскаму радыё Анна Мілер.
А.Мілер: Я стараюся, каб мае дзеці вывучалі, ведалі і прытрымліваліся польскай традыцыі, каб дзяліліся аплаткай, каб была малітва, каб былі постныя, без мяса, стравы. Калісьці наша бабуля рыхтавала дванаццаць страваў на Каляды, і я таксама стараюся, каб гэтая традыцыя жыла ў нашай сям’і. Я вельмі рада, што Раство я магу сьвяткаваць тут і магу перажываць яго разам з палякамі.
Юлія Мэшкорэз у Польшчы сьвяткавала Божае Нараджэньне ўжо другі раз. Яна расказала, што яе сям’я ўжо тры месяцы жыве ў Варшаве. Яны здымаюць пакой, а сын і муж знайшлі працу.
Ю. Мэшкорэз: Я ўжо даўно хацела на пастаяннае жыхарства прыехаць у Польшчу і летась мая мара збылася. Мой муж у гэта ня верыў, але ж мы прыехалі. Здарыўся цуд і мы атрымалі запрашэньне. Мы ўгаварылі майго мужа пераяжджаць у Польшчу, бо ён не хацеў. А потым, калі мы ўжо прыехалі, то яму спадабалася і цяпер ён нават у госьці ў Казахстан ня хоча.
156 чалавек польскага паходжаньня прыехала ў Польшчу з Казахстану 20-га сьнежня 2016 году. Першыя месяцы рэпатрыянты правялі ў Доме Палёніі ў Пултуску. За гэты час яны вывучалі польскую мову і чакалі новых дакумэнтаў. Пазьней, большасьць сем'яў, дзякуючы гранту з дзяржаўнага бюджэту, узяла ў арэнду або купіла кватэры ў розных частках Польшчы. Фінансавую падтрымку гарантуе ім новы закон аб рэпатрыяцыі.
Польская дзяржава плаціць за пераезд рэпатрыянта ў Польшчу, дае грошы на пасяленьне і пражываньне. Цяпер гэта 8512 злотых (2430 даляраў) на чалавека. Улады краіны выдзяляюць аднаразовую падтрымку на вучобу малалетняй асобы велічынёю ў сярэдні месячны заробак у Польшчы на кожнае дзіця (4250 злотых – 1215 даляраў).
Рэпатрыянт атрымлівае таксама частковую кампэнсацыю за рамонт або абсталяваньне жыльля. Ня больш за 6 тысяч злотых (1700 даляраў) на аднаго чалавека.
Польская дзяржава даплачвае таксама да камунальных аплат, або аказвае фінансавую падтрымку на набыцьцё ўласнага жыльля - кватэры ці дому – ня больш як 25 тысяч злотых (7150 даляраў) на аднаго рэпатрыянта.
Польшча прымае рэпатрыянтаў з тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Армэнія, Азэрбайджанскай Рэспублікі, Грузіі, Рэспублікі Казахстан, Кыргыскай Рэспублікі, Таджыкістана, Туркмэністана, Рэспублікі Узбэкістан або азіяцкай часткі Расейскай Фэдэрацыі.
Закон аб рэпатрыяцыі дае магчымасьць вяртаньня ў Польшчу людзям, чые продкі з-за дэпартацыі, ссылкі ды іншых этнічных ці палітычных перасьледаў ніколі дагэтуль не маглі пасяліцца ў Польшчы.
Закон аб рэпатрыяцыі не ахоплівае палякаў у Беларусі.
яс