Logo Polskiego Radia
Print

Мужчыны ў Польшчы ўсё часьцей выбіраюць у жонкі ўкраінак

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 03.01.2018 14:13
Акрамя ўкраінак, польскія мужчыны ахвотна бяруць у жонкі беларусак ды расіянак.
www.pixabay.com/CC0 Cteative Commons

Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі, у апошнія гады колькасьць сужонстваў, аформленых паміж грамадзянамі Польшчы ды іншаземцамі вырасла на 37,8% (з 3367 у 2015 г. да 4662 у 2016). За гэты рост адказваюць галоўным чынам мужчыны-палякі, якія жэняцца з жанчынамі з іншых краін, перш за ўсё з украінкамі – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita».

«У Польшчы пражывае ўсё больш украінцаў, каля 35 тысяч – гэта маладыя людзі, якія заканчваюць адукацыю, знаходзяць працу і засноўваюць сям’ю. Многія зьвязваюць свой лёс з польскімі грамадзянамі», – гаворыць старшыня Зьвязу ўкраінцаў у Польшчы Пётр Тыма. Ён адзначае, што паміж палякамі ды ўкраінцамі няма вялікіх культурных ды моўных адрозьненьняў, і гэта дазваляе ім лёгка ўваходзіць у кантакты.

Акрамя ўкраінак, польскія мужчыны ахвотна бяруць у жонкі беларусак ды расіянак. Хутка расьце таксама колькасьць украінскіх сужонстваў, якія заключаюцца ў Польшчы. Гэта паказвае, што ўкраінцы абжываюцца ў Польшчы і намераныя тут пасяліцца.

Найбольш інтэрнацыянальных сужонстваў паміж палякамі ды ўкраінцамі заключаецца ў Мазавецкім ваяводзтве, на другім месцы – Люблінскае, а на трэцім – Ніжняя Сылезія. Зь цягам часу колькасьць такіх шлюбаў, хутчэй за ўсё, яшчэ больш вырасьце, паколькі, меркаваньнем дэмографаў, найбольш саюзаў заключаецца праз пяць-шэсьць гадоў пасьля пачатку масавага прыезду іншаземцаў у краіну. І гэта паказвае, як моцна аддалілася афіцыйная прапаганда польскіх уладаў ад рэальнасьці, – піша камэнтатар выданьня Міхал Шулджыньскі. Улады трымаюцца пазыцыі, што палякі не жадаюць прымаць імігрантаў. Але іншаземцаў будзе яшчэ больш. Падзеньне ўзроўню беспрацоўя і нізкая нараджальнасьць выклікае дэфіцыт працоўных рук, які могуць ліквідаваць толькі іншаземцы. Палітыкі ды ідэолягі павінны зразумець, што міграцыя ў Польшчу стала фактам, і рыхтаваць грамадзян да таго, што замежнікаў будзе з кожным годам прыбываць, а не ўзбуджаць варожасьць у адносінах да «іншых».

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт