Выданьне «Часопіс» – гэта штомесячнік беларусаў Польшчы, які выходзіць на дзьвюх мовах – польскай і беларускай. Я хачу прадставіць вашай увазе кароткі агляд апошняга нумару выданьня за 2017 год. Якія тэмы апісвае сьнежаньскі нумар?
На першай старонцы артыкул аўтарства галоўнага рэдактара Юркі Хмялеўскага. Ён піша аб указе прэзыдэнта Беларусі, якім была ўведзеная лібэралізацыя закона ў галіне прадпрымальніцтва. Такім чынам палепшыліся ўмовы дзейнасьці фірмаў ды была спрошчаная іх рэгістрацыя. У краіне большасьць эканомікі зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы, і таму ёсьць шмат нявыкарыстаных рэсурсаў – апусьцелых фабрык, свабодных зямельных участкаў. Уладар загадаў мясцовым уладам знайсьці для іх гаспадароў, з націскам на замежных інвэстараў.
Аўтар піша пры нагодзе пра Ваўкавыскі эканамічным форум «Крок насустрач», на які было запрошана нямала польскіх бізнэсоўцаў. Ваўкавыскі райвыканкам прадставіў 20 прапаноў – магчымасьці перадаць інвэстарам нерухомасьці на льготных умовах. Польскія госьці прапановы ўспрынялі памяркоўна. Польскія фірмы пакуль прыглядаюцца магчымасьці інвэставаць у Беларусі. Яны пабойваюцца, што палітычная сытуацыя ў краіне можа памяняцца. Значыць, не адчуваюць дастатковай гарантыі для тамашніх замежных інвэстыцый. Хмялеўскі піша, што ён ведае прадпрымальнікаў, якія здаўна вядуць бізнэс з беларусамі. Праўда, для некаторых гэта скончылася сур'ёзнымі праблемамі, але іншыя, як фірма Пронар, разрасьліся да памераў канцэрну дзякуючы супрацоўніцтву зь беларускімі партнэрамі.
Падпішыцеся пад пэтыцый да Эўрапейскай камісіі – заклікае «Часопіс». У Польшчы, як і ў іншых эўрапейскіх краінах, узьняліся нацыяналістычныя рухі, якія трывожаць нацменшасьці. Сытуацыя робіцца вельмі складанай і пагражае наогул захаваньню іх тоеснасьці. Відаць гэта і ў Польшчы, бо, скажам, маршы польскіх нацыяналістаў многіх беларусаў вельмі палохаюць.
Патрывожаныя таксама польскія немцы, таму іхнія арганізацыі нядаўна выйшлі з ініцыятывай накіраванай да ўсіх меншасьцяў у краіне сабраць подпісы пад адпаведнай пэтыцыяй і выступіць з ёй да Эўрапейскай камісіі з мэтаю ўвядзеньня на ўзроўні Эўразьвязу заканадаўства, якое спрыяла б меншасьцям. Нямецкая меншасьць уключылася ў такую акцыю эўрапейскай Фэдэральнай Уніі нацыянальных групаў Эўропы. Саюз нямецкіх грамадзка-культурных аб’яднаньняў у Польшчы зьяўляецца сябрам гэтай арганізацыі і ён зьвярнуўся падтрымаць гэтую ініцыятыву між іншых да Беларускага грамадзка-культурнага таварыства.
У пэтыцыі ідзе гаворка перад усім, каб Эўразьвяз абавязаў сяброўскія дзяржавы да аховы і падтрымкі нацменшасьцяў, іх культурнай і моўнай тоеснасьці, ініцыятары заклікаюць таксама стварыць меншасным арганізацыям доступ да грошай з бюджэту ЭЗ на ахову рэгіянальных і меншасных моў.
Каб Эўракамісія разгледзела пэтыцыю, трэба ня менш за мільён подпісаў з прынамсі сямі краін Эўразьвязу. Для меншасных арганізацый у Польшчы пастаўлена задача сабраць як мінімум 38,5 тыс. Подпісы будуць зьбірацца да канца студзеня.
Ян Максымюк піша пра справу дэкамунізацыі ў Польшчы. Можна абурацца загадам з Варшавы зьняць імя Браніслава Тарашкевіча з назваў вуліцы і ліцэя ў Бельску, але варта пры нагодзе зрабіць прагматычныя высновы на будучыню. Гэтыя высновы павінны грунтавацца не на пачуцьці крыўды ў адносінах да суседзяў (якая ніколі не пакідала беларусаў), а на народным досьведзе. Народны ж досьвед вучыць, што супраць лому няма прыёму, і што добра ўжо было, далей будзе толькі горш.
Імя Тарашкевіча зьнікне з вуліцы і ліцэя, але права прапанаваць новыя назвы застаецца за бельскімі раднымі? Калі гэта так, то беларусам варта хутка падумаць, якое імя прапанаваць на яго месца. Было б няблага, калі б школа насіла імя Яраслава Кастыцэвіча, стваральніка ліцэя і шматгадовага яго дырэктара. Да яго ў польскіх дэкамунізатараў няма прэтэнзій. Вуліца Кастыцэвіча ў Бельску ўжо ёсьць, таму для вуліцы трэба прапанаваць нейкае іншае імя, варта пашукаць нейкага падляскага беларуса.
Часопіс/нг