Logo Polskiego Radia
Print

Менскім дамоўленасьцям ужо тры гады. Што яны прынесьлі?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.02.2018 14:38
Расея заяўляе, што менскія пагадненьні могуць быць сарваныя па віне Кіева.
ДанбасДанбасAliaksandr Papko/radyjo.net

Тры гады таму ў Менску сустрэліся канцлер Нямеччыны, прэзыдэнт Францыі і кіраўнікі Расеі ды Ўкраіны – нагадвае «Rzeczpospolita». Былі падпісаныя гэтак званыя менскія дамоўленасьці. Гэта стала тады, калі на ўсёй лініі фронту на Данбасе гучалі гарматныя стрэлы, а ахвяраў вайны лічылі ўжо ў тысячах.

Да сёньняшняга дня ніводзін з пунктаў пагадненьня ня быў поўнасьцю рэалізаваны. Самым важным і бадай адзіным дасягненьнем той сустрэчы было тое, што шырокамаштабную вайну ўдалося стрымаць.

Цяпер, калі прайшлі тры гады канфлікту, які тлее на ўсходзе Ўкраіны, Расея заяўляе, што менскія пагадненьні могуць быць сарваныя па віне Кіева. Маецца на ўвазе ўкраінскі закон пра рэінтэграцыю (дэакупацыю) Данбасу. Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў адзначыў надоечы, што толькі дзякуючы менскім пагадненьням Масква не прызнае незалежнасьці луганскай і данецкай рэспублік. Закон быў прыняты Вышэйшай радай у студзені, цяпер чакае толькі подпісу прэзыдэнта. Прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін кажа, што калі закон будзе падпісаны, то ўдзел Украіны ў менскіх дамоўленасьцях будзе практычна немагчымы. «Згодна закону, мы знаходзімся пад акупацыяй Расеі. Як у такім выпадку можна казаць пра дыялёг!?», – дадаў Пушылін.

Ва Ўкраіне мяркуюць, што менскія пагадненьні не спрацоўваюць. Найбольш пратэстаў выклікае частка, у якой гаворыцца пра муніцыпальныя выбары на Данбасе. Украінскія палітыкі адзначаюць, што немагчыма правесьці выбары да таго часу, пакуль Украіна не кантралюе мяжы з Расеяй. Таму Кіеў прапануе, каб перад выбарамі на гэтым адрэзку мяжы былі разьмешчаныя міратворчыя вайсковыя сілы ААН.

На думку ўкраінскага палітоляга Аляксандра Палія, Украіна не адмовіцца ад менскіх дамоўленасьцяў, паколькі ад іх залежаць заходнія санкцыі супраць Расеі, а чым даўжэй яны дзейнічаюць, тым больш Расея гатовая пачаць перамовы.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт