Logo Polskiego Radia
Print

Жанчыны на мужчынскіх пасадах

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.03.2018 18:23
  • Жанчыны на мужчынскіх пасадах.mp3
Перавага мужчын, усё яшчэ, захоўваецца сярод прадстаўнікоў улады і вышэйшых службовых асоб.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Cёньня, у Міжнародны дзень жанчын паразмаўляем аб тым, як жанчыны прабіваюцца ў мужчынскі сьвет. Справаздачу пад назвай «Жанчыны на мужчынскіх пасадах» падрыхтаваў Фонд «Прадпрымальніцтва жанчын». З гэтага дакладу вынікае, што полькі ўсё больш адважна выконваюць прафэсіі, якія, па стэрэатыпу, лічацца мужчынскімі.

Напрыклад, жаночага полу ўсё больш у сілавых структурах, якія заўсёды лічыліся мужчынскай сфэрай. Нягледзячы на гэта, перавага мужчын усё яшчэ захоўваецца сярод прадстаўнікоў улады і вышэйшых службовых асоб.

Намесьнік старшыні Фонду «Прадпрымальніцтва жанчын» Дарота Чэкай адзначае, што полькі ўсё больш заваёўваюць публічны, палітычны, культурны, ці спартовы сэктар. Адначасова з дакумэнту вынікае, што ў польскім грамадзтве вельмі традыцыйны падыход да падзелу ролі жанчыны і мужчыны.

Д.Чэкай: Хаця са справаздачы вынікае, што палякі па замацаваным стэрэатыпе дзеляць прафэсіі на мужчынскія і жаночыя, то сытуацыя не настолькі дрэнная. Аднак жа ў жанчын зьяўляюцца пэўныя ба’еры. Гэта пацьвярджаюць і вынікі нашага дасьледаваньня, і самі жанчыны, якія дасягнулі посьпех. Атрымліваецца, што ня толькі кіроўца лічыцца выключна мужчынскай прафэсіяй. Гэта датычыць таксама ўсіх прафэсій, зьвязаных з новай тэхналёгіяй, праграмаваньнем, тэхнічнымі справамі. Палякі лічаць, што гэта месца для мужчын. А праўда такая, што новыя тэхналёгіі - гэта наша штодзённасьць, і адсутнасьць там жанчын азначала б выключэньне іх з гэтай сфэры жыцьця. Нас цешыць, што жанчыны ўсё больш прысутнічаюць у прафэсіях, зьвязаных з новымі тэхналёгіямі, з навукова-інжынэрнымі і матэматычнымі тэхналёгіямі.

Жанчынам на пасадах, якія лічацца мужчынскімі, больш складана. Ім прыходзіцца больш старанна прабівацца, даказваць свае здольнасьці. - У Польшчы праводзяцца кампаніі, мэта якіх – прыцягнуць жаночы пол да мужчынскіх пасадаў, – кажа Дарота Чэкай.

Д.Чэкай: Усё больш жанчын прабіваецца, у тым ліку дзякуючы разнародным кампаніям. Напрыклад, у выніку кампаніі «Дзяўчаты на палітэхнічныя ўнівэрсытэты», усё больш іх паступае на тэхнічныя факультэты. Аднак, падобным чынам як у бізнэсе, дзяўчаты складаюць толькі траціну ад усяе колькасьці студэнтаў. Гэтага яшчэ мала. Чакаем паловы на палову. Мы імкнёмся павышаць лічбавыя кампэтэнцыі жанчын, заахвочваем жанчын карыстацца новымі тэхналёгіямі ў бізнэсе, бо без гэтага немагчыма быць у сучасным сьвеце, дзе дамінуюць сучасныя тэхналёгіі.

Ці жанчын трэба ўгаворваць, прыцягваць да тых жа «мужчынскіх прафэсій»?

Д.Чэкай: Жанчын трэба крыху падбадзёрваць, падцягваць і паказаць ім пазытыўныя прыклады. У нашым апытаньні аказалася, што дзяўчаты, абітурыенткі ня могуць назваць жанчын-навукоўцаў, жанчын, зьвязаных з сучаснымі тэхналёгіямі – такіх узораў у іх сьвядомасьці няма. Але бачна, што ў сем’ях, дзе маці зьяўляецца інжынэрам, прасьцей разбудзіць жаданьне працягваць гэтую традыцыю. У школе замацоўваць перакананьне, што матэматыка для хлопаў, а для дзяўчат – урокі польскай мовы. Гэта шкодна. Чарговая важная справа - гэта вяртаньне жанчын на працу пасьля дэкрэтнага адпачынку. Жанчынам трэбам дапамагчы пераадолець страх перад вяртаньнем.

Са справаздачы Фонду «Прадпрымальніцтва жанчын» вынікае, што жанчыны ў Польшчы на высокіх пасадах, ва ўправе кампаній складаюць толькі каля 10%. Невялікі адсотак гатовы спалучаць ролю маці, жонкі і прадпрымальніка.

Д.Чэкай: Тым ня менш, Польшча і так знаходзіцца ў лідарах ЭЗ, калі казаць пра колькасьць жанчын на кіраўнічых пасадах. Немцы апярэджваюць нас толькі на 2 балы. Полькі сапраўды вельмі прабіўныя ў бізнэсе і ідуць па лесьвіцы ўверх.

Паводле апытаньня, праведзенага дасьледчым цэнтрам Варшаўскага Ўнівэрсытэта, найбольш мужчынскай прафэсіяй лічацца: на першым месцы – кіроўца, робататэхнік, інжынэр энэргетыкі, праграміст, праектант будаўніцтва, а найбольш жаночымі: дызайнэр інтэр’еру, фармацэўт, сацыяльны работнік, рэгістратар, мэдсястра.

Па дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, найбольш фэмінізаваныя сэктары гаспадаркі - гэта ахова здароўя і сацыяльная служба, найменш жанчын у такіх сэктарах, як машынабудаваньне і будаўніцтва.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт