Logo Polskiego Radia
Print

Ёсьць у Варшаве школа, куды прыяжджаюць вучыцца палякі з-за мяжы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.05.2018 09:29
  • ліцэй С. Косткі.mp3
Дырэктар установы: "Мы рэалізуем мары іх дзядоў, прадзядоў".
pixabay.com/Public Domain CC0

Ёсьць у Варшаве ўнікальная сярэдняя школа. У гэтым ліцэі навучаюцца ня толькі палякі, якія нарадзіліся ў Польшчы, але таксама больш за 100 маладых чалавек, якія прыехалі з розных куткоў сьвету. Яны маюць польскія карані, а вучоба ў Польшчы была іх марай.

Сярэдняя школа называецца Калегія сьвятога Станіслава Косткі. Ліцэй адзначыў надоечы 25-годзьдзе свайго існаваньня. Гэта адзіная ў Польшчы школа, якая рэгулярна прымае на вучобу такую вялікую групу маладых людзей польскага паходжаньня з-за мяжы. Яны прыяжджаюць з самых розных краін, якія знаходзяцца за ўсходняй мяжой Польшчы – Казахстану, Узбэкістану, Армэніі, Украіны, Беларусі, Расеі, Малдовы і іншых. Цікава тое, што жонка прэзыдэнта Польшчы Агата Карнхаўзэр-Дуда цягам году на добраахвотных пачатках вяла ў школе кола нямецкай мовы.

Гісторыі вучняў школы самыя розныя, але як правіла іх продкі былі сасланыя на ўсход. Напрыклад, Антон Вісьнеўскі прыехаў з Казахстану.

А. Вісьнеўскі: Мой дзядуля Ян Вісьнеўскі і яго сям’я былі сасланыя ў Казахстан. Яны не хацелі пагадзіцца з камунізмам, былі палякамі, католікамі, і за гэта іх саслалі ў стэп зімою. Было вельмі холадна, маленькая сястрычка майго дзядулі памерла. Не было што есьці, не было дзе жыць, людзям прыйшлося будаваць зямлянкі.

Ёсьць таксама ў школе вучні, якія прыехалі з менш аддаленых краін, чым Казахстан, напрыклад, зь Беларусі.

Карына Жадэйка: Я прыехала зь Беларусі. Нарадзілася ў невялікім горадзе, які называецца Ракаў. Перад Другой сусьветнай вайной гэта было польскае мястэчка. На жаль, пасьля вайны Ракаў увайшоў у склад БССР. Тым ня менш, мае дзядуля і бабуля не забылі пра тое, што яны – палякі. Таксама мой бацька казаў, што ён паляк, і адчувае сябе палякам. Я заўсёды марыла, каб перабрацца ў Польшчу. І гэтая школа дала мне такі шанец. Цяпер я жыву ў Польшчы, вучуся, намераная пайсьці ў ВНУ, і проста будаваць у Польшчы далей сваё жыцьцё.

Ліцэй імя Станіслава Косткі – гэта не дзяржаўная школа, хаця нельга таксама яе назваць прыватнай навучальнай установай. Працу ліцэя арганізуе Фундацыя для палёніі. Дырэктарка школы Эва Петрыкевіч адзначае, што на пачатку вучням нялёгка даецца вучоба.

Э. Петрыкевіч: Яны прыяжджаюць сюды з як правіла слабым валоданьнем польскай мовай. Ім прыходзіцца ня толькі хутка пераадолець моўны бар’ер, але яшчэ вывучаць на гэтай мове розныя прадметы. Гэта задача для адважных і вельмі здольных. Тое, што нас найбольш мабілізуе да працы і ўзрушвае – гэта факт, што мы сапраўды рэалізуем мары іх дзядоў, прадзядоў. Яны былі сасланыя ў Казахстан, іншыя месцы, жылі ў вельмі цяжкіх умовах. І вельмі марылі вярнуцца, але ніколі ім гэта не ўдалося, а цяпер гэтая мара спаўняецца ў іх унуках і праўнуках. Нас гэта вельмі мабілізуе ў маральным пляне.

Вучні на пэўна ніколі не забудуць першыя хвіліны свайго знаходжаньня ў Польшчы.

Вучаніца: Тры гады таму, калі я прыехала ўпершыню ў Польшчу, выйшла з самалёта ў аэрапорце, глядзела на сіняе неба, на тое, што мяне акружае, тады першы сказ, які сказала мая мама, гучаў: «Так менавіта выглядае Польшча».

Вучоба ў недзяржаўных школах фінансуецца пераважна бацькамі вучняў. Ліцэй імя Станіслава Косткі – спэцыфічны, тут самі вучні вельмі рэдка маюць магчымасьць плаціць за сваю адукацыю. Таму школа ўвесь час шукае спонсараў, якія захочуць дапамагчы фінансаваць працу ліцэя. Ёсьць нямала людзей у Польшчы, якім блізкая ідэя рэпатрыяцыі палякаў з іншых краін, асабліва нашчадкаў сасланых калісьці асоб польскага паходжаньня. Па словах кіраўніцтва ўстановы, здараюцца такія сытуацыі, што прадпрымальнікі фінансуюць адукацыю канкрэтнага вучня, напрыклад, чалавека з таго гораду, з якога паходзіць сам спонсар. Частку неабходных сродкаў удаецца сабраць таксама дзякуючы ахвяраваньням аднаго працэнта падатку, які могуць перавесьці на дабрачынныя мэты ўсе жыхары Польшчы, якія плацяць падаткі ў краіне.

І Пр ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт