Палякі часьцей разводзяцца
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
21.06.2018 18:40
Галоўная прычына — несумяшчальнасьць характараў і грошы.
Ілюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Free-Photos
Летась у краіне было заключана амаль 193 тысячы шлюбаў. А разводаў было больш за 65 тысяч. Гэта на 2 тысячы больш, чым год раней.
Разам з паляпшэньнем эканамічнага становішча жанчын разводаў можа станавіцца ўсё больш, — гавораць экспэрты.
У асобных раёнах Польшчы склалая вельмі трывожная сытуацыя. Напрыклад, на 80, а то і 90 працэнтаў вырасла колькасьць разводаў у Ніжняй Сылезіі (Дольны Сьлёнск). У Вроцлаве разводаў стала на 43 працэнты больш. Летась там разышліся паўтары тысячы сямейных пар.
Галоўная прычына разводаў у Польшчы, паводле даных Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, — гэта несумяшчальнасьць характараў. Па гэтай прычыне распадаецца кожная чацьвёртая пара.
Наступная прычына разводаў — здрады. Ад гэтага распадаюцца, аднак, усяго 6 працэнтаў саюзаў. Яшчэ менш разьвялося людзей праз алькаголь.
Аднак сацыялёг і эканаміст Галоўнай школы гандлю доктар Кшыштаф Тыміцкі скептычна ставіцца да гэтай статыстыкі. Ён лічыць, што, напрыклад, у Вроцлаве і іншых вялікіх гарадах жанчыны больш фінансава незалежныя. Гэта ім дазваляе лягчэй прыняць рашэньне аб разводзе, каб не трываць няўдалы саюз.
У правінцыі, аднак, малаадукаваныя жанчыны без прафэсійнага вопыту застаюцца ў шлюбе, бо ня маюць альтэрнатывы.
Такім чынам, галоўная прычына разводаў ня толькі псыхалягічная, але і фінансавая.
Gazeta Wyborcza/vk