Logo Polskiego Radia
Print

Дзяржаве ўдаецца больш эфэктыўна змагацца са спайсамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2018 15:50
  • наркотыкі.mp3
Паліцыя і санітарная інспэкцыя Польшчы знайшлі ключ, каб перакрыць гэты рынак.
pixabay.com/Public Domain CC0

26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абарачэньнем наркатычнымі рэчывамі. Наркалягічныя захворваньні зьяўляюцца адной з найбольш сур’ёзных праблемаў грамадзтва, якія выклікаюць шматлікія нэгатыўныя наступствы.

Нейкі час таму ў Польшчы вельмі шмат гаварылася пра сынтэтычныя наркатычныя рэчывы, гэтак званыя спайсы. Праблема заключаецца ў тым, што няма адной або нават некалькіх субстанцый на рынку. Гэта сотні розных хімічных рэчываў. Акрамя таго, паяўляюцца ўвесь час новыя, таму цяжка з імі змагацца. Спажывец такога «тавару» ніколі ня можа быць упэўнены, што ён купіў, нават калі набывае спайсы ў адной і той жа інтэрнэт-краме пад аднолькавай назвай. Па словах Артура Мальчэўскага з Нацыянальнага офісу барацьбы з наркаманіяй, дзеяньні польскай сыстэмы правапарадку цяпер значна больш эфэктыўныя, чым былі некалькі гадоў таму.

А. Мальчэўскі: Паліцыя і санітарная інспэкцыя знайшлі ключ, каб перакрыць гэты рынак. Пракуратура выкарыстоўвае 165 артыкул Крымінальнага кодэксу, які дазваляе саджаць у турму асоб, гандлюючых спайсамі. У дадзеным артыкуле гаворыцца аб небясьпецы масавага атручэньня, віноўнікам пагражае турэмнае зьняволеньне. Артыкул быў уведзены даўно, калі здараліся масавыя атручэньні сальманэлай, а цяпер ім карыстаюцца дзеля барацьбы са спайсамі. Таксама кітайскі рынак пачынае пакрысе закрывацца, а менавіта адтуль паступае большасьць спайсаў. У Кітаі зафіксавана цягам году ўжо не сто новых субстанцый, а толькі 50. Усё яшчэ шмат, аднак напалову менш.

Калі ў шпіталь трапляе асоба, у якой лекары падазраюць атручэньне псыхатропнымі рэчывамі, часта паяўляецца праблема, як такога чалавека лячыць. Многія спайсы, у адрозьненьні ад наркотыкаў, немагчыма выявіць аналізам мачы, таму прыходзіцца лячыць толькі сымптомы. На шчасьце, апошнім часам атручэньняў спайсамі стала менш.

А. Мальчэўскі: Колькасьць атручэньняў значна меншая, чым, скажам, у 2005 годзе, калі ў адным толькі ліпені было 200 выпадкаў атручэньня. Трэба сказаць, што мы можам толькі здагадвацца, ці сапраўды мела месца атручэньне спайсамі, паколькі насамрэч лекары ня ведаюць, якая гэта была субстанцыя. Спайсы прадаюцца пад гандлёвымі назвамі, пры гэтым прадавец як правіла не паведамляе, якую субстанцыю ўтрымлівае прадукт. Нават калі мы папросім канкрэтную хімічную субстанцыю, то і так няма гарантыі, што яе атрымаем. Я ўдзельнічаў у праекце, у рамках якога мы заказвалі ў інтэрнэт-крамах канкрэтныя субстанцыі, аказалася, што ў кожным трэцім прадукце было нешта іншае, чым абяцаў прадавец.

Паводле Эўрапейскага дакладу на тэму спажываньня наркатычных рэчываў, у Эўропе расьце колькасьць сьмяротных выпадкаў, зьвязаных з ужываньнем псыхаактыўных рэчываў, але падае, напрыклад, папулярнасьць цьвёрдых наркотыкаў (гераіну). У Польшчы ў сваю чаргу зьмяншаецца лічба заражэньняў СНІДам у наркаманаў.

А. Мальчэўскі: У Польшчы агулам ва ўсёй папуляцыі расьце колькасьць асоб, заражаных ВІЧ-інфэкцыяй, але зьмяншаецца лічба заражэньняў праз ін’екцыі наркотыкаў. Падае папулярнасьць гераіну, гэта ўжо зусім іншая карцінка, чым была ў 90-ыя гады. Посьпехі ў барацьбе з наркотыкамі, у прыватнасьці, са спайсамі, гэта ў вялікай ступені заслуга шматлікіх фондаў, валянтэраў, а таксама лекараў-наколягаў ды чыноўнікаў, якія займаюцца гэтай праблемай.

Артур Мальчэўскі гаворыць, што ў праграмах прафіляктыкі наркаманіі асноўная задача заключаецца ў тым, каб навучыць маладых людзей казаць «Не», каб яны не баяліся супрацьстаяць меркаваньню іншых, не баяліся пайсьці насуперак цячэньню.

А. Мальчэўскі: Самае галоўнае – узмацніць маладога чалавека. Калі мы павысім яго псыхічную ўстойлівасьць, навучым казаць «Не», ён ня будзе паводзіць сябе рызыкоўна. Тут гаворка ідзе і пра рызыкоўны сэкс, і пра наркотыкі, і пра іншыя небясьпечныя паводзіны. Чалавек павінен ведаць, як спраўляцца са стрэсам, не карыстаючыся такімі субстытутамі вырашэньня праблем, якімі зьяўляюцца наркотыкі. Важную ролю адыгрываюць бацькі, сябры, рэлігія. Чалавек павінен ведаць, што ён заўсёды можа папрасіць дапамогі і гэтую дапамогу атрымае. Таму часта кампаніі прафіляктыкі датычаць таксама бацькоў. Мы праводзілі кампанію пад назваю «Бліжэй да сябе, далей ад наркотыкаў», падчас якой паказвалі, якой важнай зьяўляецца роля маці і бацькі.

Спажываньне наркотыкаў, нават аднаразовае, зьвязана з рызыкай для здароўя. Асабліва калі мы ня ведаем, якая субстанцыя ўтрымліваецца ў дадзеным прадукце. Залежнасьць можа разьвіцца ад усіх наркотыкаў, у тым ліку марыхуаны, якая лічыцца адносна лёгкім наркотыкам, але таксама можа выклікаць залежнасьць.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт