У банках – рэвалюцыйныя глыбокія зьмены
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
10.09.2018 16:45
Усё часьцей кліенты банкаў кантактуюцца з робатамі й празь іх рэалізуюць банкаўскія паслугі.
Photo: GotCredit/flickr.com/Commercial use allowed
Мы знаходзімся на парозе рэвалюцыйных зьмен: усё часьцей кліенты банкаў кантактуюцца з робатамі й празь іх рэалізуюць банкаўскія паслугі. Чалавек становіцца непатрэбным. Дзе знаходзіцца мяжа, якую робат ці кампутарная сыстэма ня ў стане перакрочыць, і калі чалавек усё ж такі неабходны? Пра гэта «Rzeczpospolita» запытала ў галоўнага дырэктара банку Citi Handlowy Славаміра Сікоры.
Суразмоўца лічыць, што ў банкаўскай сфэры гэтай мяжой зьяўляецца давер кліента. Гэта, напрыклад, той момант, калі кліент прымае рашэньне на ўсё жыцьцё й бярэ крэдыт на дом на 30 гадоў. Тады ён чакае, што супрацоўнік банку яму адкажа на пытаньні, падкажа лепшае выйсьце, запрапануе ідэальны крэдыт.
Штогод зачыняецца 6-7 працэнтаў банкаўскіх аддзяленьняў. Сікора кажа, што гэта непазьбежны працэс, і што гэта ня зьвязана са стратэгіяй банкаў, а з патрабаваньнямі кліентаў, якія ўжо не жадаюць хадзіць у банк. Таму сетка банкаў штогод завужаецца.
Паводле дырэктара банку Citi Handlowy найважнейшая зьмена вельмі блізкая й яна зьвязаная з апрацоўкай дадзеных – гэта гэтак званая big data. Гаворка ідзе пра штучную інтэлігенцыю, якая будзе выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі прапановы асобна для кожнага кліента. Гэтая тэхналёгія стане паўсюднай праз два-тры гады. Іншая зьмена - гэта біямэтрыя. Для банкаўскай сфэры вялікім выклікам зьяўляецца пацьвярджэньне асобы кліента. Банкі змагаюцца з тым, каб хакеры ня ўзламвалі рахункаў. Біямэтрыя - гэта ня толькі адбітак пальца, а таксама голас, абрысы твару ў тэхналёгіі 3D ды іншыя новаўвядзеньні, якія дазваляюць пацьвердзіць асобу ўладальніка рахунку, - сказаў галоўны дырэктар банку Citi Handlowy Славамір Сікора.
Rzeczpospolita/яс