Logo Polskiego Radia
Print

Нацыянальная дыфэрэнцыяцыя як вынік пасяленчых працэсаў

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 17.11.2018 11:25
Згоднасьць паміж сьвядомасьцю адзінкі ды ўспрыняцьцем яе асяродзьдзем дае камфорт.
radyjo.net

Падляшша знаходзіцца на культурна-моўным памежжы, якое непарыўна зьвязанае як мінімум з двума, а нават зь некалькімі нацыянальнымі цэнтрамі, межы якіх узаемапранікаюцца. Памежжа зьяўляецца тэрыторыяй спэцыфічнай і вельмі разнароднай, на якой суіснуюць дзьве альбо больш этнічных ці нацыянальных груп, культурных, моўных і рэлігійных. Жыхары такой тэрыторыі адкрыта ставяцца да некалькіх культур. У такой сытуацыі важна, каб нацыянальная большасьць стварала адпаведныя ўмовы разьвіцьця для нацыянальных меншасьцяў.

Істотай памежнага шматмоўя зьяўляецца адсутнасьць разьмежаваньня паміж мовамі ды лёгкі пераход з аднае мовы на другую. Парадаксальна, гэта паказвае ня толькі на шматэтнічнасьць, колькі на адзінства, калі людзей аб’ядноўвае тутэйшасьць, эмацыянальная сувязь зь месцам жыхарства, з Малой Айчынай. Відаць, таму жыхары Беласточчыны часта не атаясамліваюцца зь ніводнай нацыяй і адначасова адчуваюць сябе і беларусамі (радзей украінцамі), і палякамі.

Як разнавіднасьць сукупнае тоеснасьці на дадзенай тэрыторыі паяўляецца катэгорыя культурнае ідэнтычнасьці, якая праяўляецца ў традыцыях, спосабе дзейнасьці ды матэрыяльных прадуктах, характэрных дадзенай культуры, і зьяўляецца вынікам захаваньня спадчыны продкаў. Паводле Ежы Нікітаровіча, на памежжы культур існуе некалькі этапаў фарміраваньня культурнае тоеснасьці.

На першы этап складаецца сямейная тоеснасьць, калі чалавек атаясамліваецца са сваёй сям’ёй, пачынае валодаць мовай найбліжэйшага асяродзьдзя, менавіта сям’і, ды працягваць традыцыі, атрыманыя ад продкаў. Дзякуючы захаваньню эмацыянальных сувязяў адбываецца сацыялізацыя дзіцяці.
Другі этап – гэта набыцьцё лякальнае тоеснасьці, калі адбываецца ідэнтыфікацыя зь мясцовым насельніцтвам і наступае сутыкненьне каштоўнасьцяў, атрыманых дома, з новымі, раней невядомымі, характэрнымі іншым грамадзкім групам. Гэта ўжо этап сьвядомага вызначэньня свайго месца ў пазасямейных рэаліях.
На трэцім этапе назіраецца набыцьцё тоеснасьці меншаснае гупы шляхам сьвядомага пашырэньня кантактаў з равесьнікамі й дарослымі. На гэтым этапе здараецца перайманьне каштоўнасьцяў ці поглядаў іншае групы, што адбываецца ў выніку сацыяльных інтэракцый.
На чацьвертым этапе назіраецца раскол аўтанамічнае тоеснасьці, што можа праяўляцца ў ізаляцыі, этнацэнтрызьме, г.зн. закрыцьці ў межах свае групы, але таксама акамадацыя, г.зн. узаемапрызнаньне й талерантнасьць, ці рэарыентацыя – перажываньне супярэчнасьцяў паміж каштоўнасьцямі адзінкі й групы, да якой адзінка належыць.

Пачуцьцё нацыянальнае тоеснасьці вельмі важнае для чалавека, таму што дазваляе паказаць сваю адметнасьць і адпаведна ўспрымацца іншымі. Праблемы з вызначэньнем свае ідэнтычнасьці, у ацэнцы Анджэя Садоўскага, паяўляюцца на культурна-моўных памежжах, дзе пераплятаюцца традыцыі дзьвюх ці некалькіх этнічных альбо нацыянальных груп. Адчуваньне ідэнтычнае тоеснасьці прычыняецца да таго, што чалавек аб’ядноўваецца з прадстаўнікамі дадзенай меншаснай групы ці народу, ствараючы зь імі супольнаць.

Аб’ектыўна падчас вызначэньня нацыянальнае тоеснасьці бярэцца пад увагу мова, супольная гісторыя, традыцыі, канфэсія, тэрыторыя кампактнага пасяленьня, дзяржаўнасьць ды час, праведзены ў дадзенай групе. Затое суб’ектыўны падыход дазваляе сьцьвердзіць, што маем дачыненьне з нацыянальнай аўтаідэнтыфікацыяй адзінкі ў выніку яе каштоўнаснага падыходу да роднае мовы, зямлі, ды нацыянальных сувязяў.

У вызначэньні нацыянальнае тоеснасьці вельмі важна, каб захаваць згоднасьць паміж сьвядомасьцю адзінкі ды ўспрыняцьцем яе асяродзьдзем, таму што разыходжаньні могуць весьці да псыхічнага дыскамфорту.

Нацыянальная дыфэрэнцыяцыя на Падляшшы зьяўляецца вынікам пасяленчых працэсаў ды пазьнейшых гістарычных падзеяў.

Асноўныя зьмены адбыліся яшчэ ў X стагодзьдзі, калі на гэтых землях ад захаду пачало пасяляцца мазавецкае насельніцтва, а з усходу: з наднёманскага й валынскага напрамкаў – рускае (не блытаць з расійскім!) і балцкае. У XІV ст. амаль цэлае сёньняшняе Падляскае ваяводзтва апынулася ў межах Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля Люблінскае вуніі 1569 году Падляшша было далучана да Кароны, што аслабіла пасяленчыя працэсы з усходу ды актывізавала мазавецкае насельніцтва, асабліва пасьля 1596 году, значыць пасьля Берасьцейскае вуніі. Пасяленчыя працэсы былі зьвязаныя з калянізацыяй пушчаў: Бельскае, Белавескае, Нараўскае, Ялоўскае, Блудаўскае й Гарадзенскае ды працягваліся да канца XVІІІ ст.

У выніку бурных гістарычных падзеяў, зьмены палітычных, адміністрацыйных, царкоўных межаў, ды паяўленьня асаднікаў з разьвіцьцём прамысловасьці на Падляшшы ўзьніклі тры этнічныя тэрыторыі: на захадзе – польская, на паўночным усходзе – беларуская, ды на паўднёвым усходзе – украінская.

Возьмем прыклад Гайнаўшчыны, абапіраючыся на выказваньне Яна Целушэцкага 1945 году нараджэньня з Новага Ляўкова.

Тутай пераважна біларусы былі, і навэт Гайнаўка, бо з Гайнаўкі мая мама, значы, дакладна цяпер то ёсьць Гайнаўка, а гуліца, скажам, Дольная называецца (калісь вёска была Дольная называлася, і мая мама з Дольнага), і то сама Гайнаўка была абсалютна беларуская. Там як пачалася прамысловасьць, то ехалі з усюль, з цыэлай Польшчы, о, там і мазурыэ ехалі, хто туолькі, і навэт ест дзельніца Мазуры, акурат у Гайнаўцы, дзе пасялілася найбуольш гэтых мазу­руоў.

Працяг тэмы – праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт