Logo Polskiego Radia
Print

Польскі адвакат зьвярнуўся з заклікам да былых вязьняў канцлягераў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.11.2018 17:11
  • Польскі адвакат.mp3
Ён заклікае асобы, якія перажылі нацысцкія канцлягеры, скарыстацца новымі папраўкамі ў нямецкім заканадаўстве.
Foto: Muzeum w Sztutowie/stutthof.org/

Ідзецца пра магчымасьць узяць удзел у працэсе ня толькі як сьведак, але таксама як грамадзкі абвінаваўца побач з пракурорам.

Адвакат Лех Абара, які кіруе Асацыяцыяй «Patria Nostra», выступіў са зваротам да былых вязьняў нацысцкіх канцэнтрацыйных лягераў ды лягераў сьмерці. Праўнік заклікае людзей узяць удзел у працэсах над былымі працаўнікамі тых лягераў у якасьці грамадзкіх абвінаваўцаў. Некалькі такога кшталту працэсаў цяпер разглядаюцца ў нямецкіх судах. Гэты заклік польскага адваката падтрымалі юрысты зь Нямеччыны ды ЗША.

Зварот тычыцца кожнай асобы, якая была вязьнем любога нацысцкага канцлягеру ў любы пэрыяд часу. Таксама адвакат просіць зьвязацца з ім блізкіх сваякоў загінуўшых у лягерах сьмерці Штутгаф, Аўшвіц і Майданэк.

Адвакат тлумачыць, што ўнесеныя нядаўна папраўкі ў нямецкае заканадаўства пра адказнасьць за злачынствы Трэцяга Райха, даюць ахвярам магчымасьць выступіць у судзе ў якасьці грамадзкага абвінаваўцы.

Лех Абара: Кожны, хто быў хай сабе і вінцікам дзеяньня лягеру сьмерці, нават вартаўнікі, нават адміністрацыя, адказвае як саўдзельнік злачынства, генацыду. Гэта дае магчымасьць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

Польскі праўнік зазначае, што ўдзел грамадзкага абвінаваўцы ў працэсе будзе аплачаны за кошт нямецкай дзяржавы.

Лех Абара: Яны змогуць за кошт нямецкай дзяржавы атрымаць адваката, то бок мець юрыдычную дапамогу, таксама даехаць на працэс за кошт нямецкай дзяржавы. Калі ўзрост альбо сямейныя абставіны не дазваляюць асабіста быць, можна прыслаць свайго юрыдычнага ўпаўнаважанага, каб выступіць з заявай па дадзенай справе.

Адвакат падкрэсьлівае, што наяўнасьць грамадзкага абвінаваўцы мае вельмі важнае значэньне для працэсу. Напрыклад, менавіта гэта паўплывала на зьмену хады працэсу ў справе працаўніка лягера Штутгаф.

Лех Абара: Упершыню гэта выклікала на твары абвінавачанага нейкую чалавечую рэакцыю. Спачатку, калі абвінавачаньні чытаў пракурор, у падсуднага быў каменны твар. Затое пасьля выступленьня і паказаньняў грамадзкага абвінаваўцы, то бок вязьня лягеру, каменная маска злачынцы лопнула.

Працэс над 94-гадовым эсэсаўцам, які служыў вартаўніком у канцлягеры Штутгаф, пачаўся 6 лістапада. Пракуратура абвінавачвае яго ў тым, што ён ведаў пра забойствы вязьняў у газавых камэрах ды расстрэлы, сваёй службай падтрымліваў працу машыны сьмерці.

Польскі адвакат зазначае, што ўдзел ахвяр у працэсах у якасьці грамадзкага абвінаваўцы важны яшчэ як сымбалічны акт справядлівасьці. Асобы, якія хацелі б выступіць у якасьці грамадзкага абвінаваўцы ў Нямеччыне, могуць зьвязацца або з польскай асацыяцыяй па электронным адрасе kancelaria@lechobara.pl, або пісаць непасрэдна ў Нямеччыну да групы праўнікаў, якія прадстаўляюць былых вязьняў канцэнтрацыйных лягераў па адрасе niwinski@niwinski.de.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт