Варшава закупіць 213 новых трамваяў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
12.02.2019 17:02
Польская сталіца на рэалізацыю кантракту прызначыла 2 млрд 320 млн злотых
Адзін з трамваяў Hyundai, якія будуць езьдзіць па Варшаве фота: матэрыялы кампаніі
Варшава аб’явіла вынікі тэндэру на пакупку 213 новых трамваяў, паведамляе Gazeta Wyborcza. Конкурс, аб’яўлены варшаўскай мэрыяй, выйграла кампанія Hyundai Rotem Company. Польская сталіца на рэалізацыю кантракту прызначыла 2 млрд 320 млн злотых (1 эўра = 4 злотыя 32 грошы паводле курсы Нацбанку Польшчы з 12 лютага). Але карэйская кампанія запрапанавала меншую цану – 1 млрд 820 млн злотых.
Многія аглядальнікі й экспэрты задавалі пытаньне, чаму тэндэр выйграла ня польская, а замежная кампанія? Перамога айчыннай фірмы азначала б падтрымку польскай прамысловасьці. У згаданым кантэксьце згадвалася кампанія PESA, якая вядомая ў Польшчы й далёка за яе межамі сваёй прадукцыяй.
Нагадаем, Pesa – польская кампанія, якая спэцыялізуецца ў вытворчасьці цягнікоў, лякаматываў, вагонаў, трамваяў і ў іх мадэрнізацыі. Галаўны офіс і асноўная вытворчасьць разьмяшчаецца ў горадзе Быдгашч (цэнтральная Польшча). Гісторыя фірмы сягае 1851 году.
Pesa Bydgoszcz – адна з буйнейшых кампаній па выпуску рэйкавага транспарту ў Эўропе.
Але аказалася, што справа выглядае ня так і проста. PESA таксама падала заяўку на тэндэр, але яе цанавая прапанова складала 2 млрд 830 млн злотых – амаль на 500 млн злотых больш за ліміт сумы, вызначанай варшаўскай мэрыяй. Улады сталіцы паведамляюць, што ліміт кантракту быў вядомы фірмам, якія прымалі ўдзел у тэндэры, таму высоўваючы сваю цану PESA разумела, што яго перавышае. Пры гэтым мэрыя зазначае, што ў апошнія гады польская сталіца купіла 281 трамвай вытворчасьці фірмы PESA – такой колькасьці трамваяў кампаніі з Быдгашчы няма ані ў адным горадзе Эўропы.
Новыя трамваі фірмы Hyundai, якія пачнуць прыбываць у Варшаву ў канцы 2022 году, будуць двух тыпаў – па 24 і 33 мэтры даўжыні, паведамляе Gazeta Wyborcza.
вс