Logo Polskiego Radia
Print

Ці палякі замежжа павінны ведаць польскую мову, каб атрымаць Карту паляка?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.02.2019 11:49
  • Карта паляка.mp3
Адмяніць гэтую ўмову прапануе Польскі зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў.
Wikimedia Commons/Council of Ministers of the Republic of Poland/Public domain

Польскі зьвяз прадпрымальнікаў і працадаўцаў занепакоены зьмяншэньнем колькасьці працаздольнага насельніцтва Польшчы. Паводле прагнозаў, да 2050 году ў краіне будзе жыць менш за 34 млн. грамадзян, на 4 млн. менш, чым цяпер. Зьвяз прапануе пашырыць магчымасьці прыезду ў Польшчу асоб польскага паходжаньня, якія пражываюць за мяжой.

Эканамічныя ды грамадзкія наступствы адмоўнай дэмаграфіі будуць катастрафічнымі – мяркуюць працадаўцы ды бізнэсмэны. Улады павінны зрабіць усё магчымае, каб зьмяніць нэгатыўную тэндэнцыю. Якім чынам можна дабіцца дадзенай мэты? Па-першае, праз актыўную дэмаграфічную палітыку, падтрымку сямей, каб яны бяз боязі заводзілі дзяцей, па-другое, дзякуючы кантраляванай эміграцыі з краін былога Савецкага Саюзу, Віетнаму, некаторых дзяржаў Азіі. Акрамя таго, урад Польшчы павінен канцэнтраваць сваю ўвагу на прыцягваньні здольных людзей з усяго сьвету, а таксама на тым, каб заахвоціць асоб польскага паходжаньня вяртацца на Айчыну.

Адным з самых буйных палянійных цэнтраў зьяўляецца Бразылія. Паводле розных падлікаў, там пражывае ад 1,5 да 3 млн. асоб польскага паходжаньня, галоўным чынам гэта нашчадкі палякаў, якія зьехалі ў Амэрыку ў другой палове 19-га стагодзьдзя. З таго часу, калі палякі масава імігравалі ў Бразылію, прайшло ўжо больш за 100 гадоў, таму многія з іх страцілі сувязь з Польшчай, ня ведаюць польскай мовы, трэба іх заахвоціць наладзіць кантакт з Айчынай сваіх продкаў. Дзеля гэтага неабходна пашырыць сьпіс дзяржаў, грамадзяне якіх могуць атрымаць Карту паляка, і адмяніць абавязак валоданьня польскай мовай, – гаворыць аўтар дакладу Пётр Палюткевіч, дырэктар па пытаньнях праграм і праектаў Зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

П. Палюткевіч: Кожны чацьвёрты чалавек польскага паходжаньня пражывае за межамі Польшчы. Гэта вялізная колькасьць людзей, між іншым у Бразыліі, якіх рэдка згадваюць у Польшчы. Мы, Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў, прапануем, каб даць гэтым асобам магчымасьць атрымаць Карту паляка. Гэта аблегчыць ім наладжваньне сувязі з Польшчай, дзе яны маглі б працаваць, вучыцца, адкрыць уласны бізнэс або хаця б прыехаць у турыстычных мэтах. Палякі ў Бразыліі пераважна ня ведаюць польскай мовы. Таму мы прапануем аблегчыць умовы атрыманьня Карты паляка, каб не было такога жорсткага патрабаваньня валоданьня польскай мовай. Канешне, мы хацелі б, каб гэтыя людзі вучылі польскую мову, таму прапануем стварыць адмысловы партал. Вельмі добра было б, каб яны ведалі хаця б крыху польскую мову, але каб валоданьне мовай не было самым важным крытэрам, умовай атрыманьня Карты паляка.

Па словах Марэка Макоўскага з Дэпартамэнту супрацоўніцтва з палякамі замежжа Міністэрства замежных спраў Польшчы, неабходна шукаць кампраміс па дадзеным пытаньні.

М. Макоўскі: Мы ведаем, што ў Бразыліі звыш 90% асоб польскага паходжаньня не размаўляе на польскай мове, і амаль 100% не ўмее па-польску пісаць. На маю думку, неабходна шукаць кампраміс, прапануючы, каб асобы, якія калісьці ў будучыні хацелі б падаць заяву на атрыманьне Карты Паляка, і якія не валодаюць польскай мовай, абавязкова прайшлі курс польскай мовы, хаця б на працягу некалькіх месяцаў. У Бразыліі можна запісацца на такія курсы, дзе вучаць польскай мове з нуля. З пошукам такога курсу не павінна быць праблем, паколькі іх нямала.

Абсалютна непрымальнай называе прапанову старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжэліка Борыс. Асобы зь Беларусі, якія хадайнічаюць за Карту паляка, павінны валодаць польскай мовай, нельга адмяніць гэтую ўмову, – мяркуе старшыня.

А. Борыс: Што тычыцца Беларусі, то ў маім перакананьні, валоданьне польскай мовай павінна быць падставай дзеля атрыманьня Карты паляка. Я была ў Бразыліі сем месяцаў, там зусім іншая сытуацыя. У Беларусі створаныя ўсе магчымасьці для вывучэньня польскай мовы. Бессэнсоўна было б выдаваць Карту паляка асобам, якія ня ведаюць мовы, гісторыі, культуры Польшчы. Канешне, я не кажу, што неабходна ведаць мову на вельмі высокім узроўні, але падставы – так. Калі чалавек атрымае Карту паляка, то ён жа будзе езьдзіць у Польшчу, размаўляць з палякамі, немагчыма, каб ён зусім ня ведаў польскай мовы.

Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў прадставіў даклад, у якім зьвяртае ўвагу, што старэньне грамадзтва зьяўляецца адной з важнейшых пагрозаў для польскай эканомікі. У дакладзе прапануецца праводзіць палітыку прыцягненьня ў Польшчу асоб польскага паходжаньня з-за мяжы і аблегчыць умовы атрыманьня Карты паляка.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт