Супрацоўніца Інстытута літоўскай літаратуры і фальклёру доктар Ліна Ляпарскене (Lina Leparskienė) і вядомы ў Літве фатограф Арунас Бальценас стварылі альбом «Vietiniai: nepaprasta kelionė į Trakų kraštą» («Тутэйшыя: незвычайнае падарожжа ў Троцкі край»).
У кнізе, што выйшла сёлета, прадстаўлены фотаздымкі ваколіц Трок і тутэйшых жыхароў, публікуюцца інтэрвію мясцовых людзей — літоўцаў, палякаў, беларусаў, расейцаў (у т.л. старавераў), караімаў, татар.
Дарэчы, яшчэ легендарны віленскі беларус Лявон Луцкевіч расказваў, як працаваў у вёсцы ў Троцкім раёне: «І ў ваднэй сям’і, дзе я быў на кватэры (каталіцкая сям’я, сялянская, яны лічылі сябе тутэйшымі палякамі, хоць пастушкі на полі ўсюды сьпявалі беларускія песьні, гутарылі й лаяліся па-беларуску), бабуля ў хаце, калі я прыходзіў туды разам са сваёй брыгадай (дзе былі ўсе літоўцы, акрамя мяне аднаго, брыгадзіра; яны між сабой гаварылі па-літоўску), бабулька казала: а я яшчэ разумею па-літоўску, я ўсё разумею, што вы гаворыце…»
Моўна-культурная мазаіка Троцкага краю складаная, незвычайная, як і кніга «Тутэйшыя: незвычайнае падарожжа ў Троцкі край».
Ліна Ляпарскене з кнігай «Vietiniai: nepaprasta kelionė į Trakų kraštą» на Віленскім кніжным кірмашы ў канцы лютага 2019 г. Фота: facebook.com/dominyka80
Ліна Ляпарскене: Арунас Бальценас ужо даўно супрацоўнічае з этнографамі. Мы зь ім аб'езьдзілі ўвесь Троцкі край і сабралі гісторыі жыцьцяў тутэйшых людзей розных нацыянальнасьцей. Мы праілюстравалі альбом фатаграфіямі і расказамі людзей на іх дыялектах, мовах. Мы хацелі, каб чытач пачуў, як гучыць гэты край на розных мовах. Мы хацелі талерантна паглядзець на гэты шматэтнічны край, мясцовую культуру без аніякіх прэтэнзій — ані зь літоўскага, ані зь іншага боку.
Ліна Ляпарскене невыпадкова занялася вывучэньнем Трок і іх ваколіц. Да гэтага яе падштурхнуў уласны радавод.
Ліна Ляпарскене: Я родам з Трок, жыхарка горада ў другім пакаленьні. Бацькі майго таты з Расеі, а мамы — з Жамойці. І для мяне натуральна, што я ў горадзе гавару і па-расейску, і па-польску, і па-літоўску. Жартуюць у нас звычайна па-польску. Я адчула, што для мяне важна паказаць гэту разнастайнасьць з навуковага боку.
Ліна Ляпарскене гаворыць, што ў Троцкім краі яшчэ можна сустрэць людзей, якія гавораць па-беларуску.
Ліна Ляпарскене: Беларускі дыялект можна пачуць. Яго носьбіты лічаць сябе і беларусамі і палякамі. Няма адной формулы. Але статус польскай мовы вышэйшы, на што ўплывае і касьцёл. А, напрыклад, татарка зь вёскі Сорак Татар (літ. Кятурасдзяшымт Татору, тат. Кырык Татар) гаворыць па-беларуску. У Грыгішках (літ. Грыгішкес, пол. Гжэгажэва) шмат беларусаў — яны папрыяжджалі зь Беларусі працаваць на паперні.
Ліна Ляпарскене расказала пра тых жыхароў Трок і ваколіц, якія гавораць па-польску і пра асаблівасьці маўленьня гэтых людзей.
Ліна Ляпарскене: Гэта дыялект Віленскага краю, ён не гучыць як літаратурная польская мова, гэта polszczyzna wileńska — фэномэн нашага краю. Цяпер многа прыежджых літоўцаў зьяўляецца ў вёсках. А старыя людзі яшчэ памятаюць даваенную граніцу Польшчы і Літвы. У Рудзішках яшчэ гавораць па-польску і па-расейску, а за Рудзішкамі ўжо пачынаецца літоўскі край.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл
Вокладка кнігі Л. Ляпарскене і А. Бальценаса «Vietiniai: nepaprasta kelionė į Trakų kraštą»