Logo Polskiego Radia
Print

Беларускія ўлады пасьлядоўна абмяжоўваюць прыезд настаўнікаў з Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.04.2019 14:13
  • польская мова.mp3
Дазвол выдаецца вельмі невялікай групе настаўнікаў – 7-8 чалавек.
pixabay.com/Public Domain/CC0

У Варшаве адбываюцца падрыхтоўчыя курсы для настаўнікаў, якія будуць працаваць у школах з польскай мовай навучаньня, якія знаходзяцца за ўсходняй мяжой Польшчы. Навучаньне падрыхтаваў Цэнтар разьвіцьця польскай адукацыі на ўсходзе.

У гэтым годзе спаўняецца трыццаць гадоў з таго часу, калі першыя польскія настаўнікі выехалі працаваць у дзяржавы за ўсходняй мяжой Польшчы, каб выкладаць там польскую мову. Госьць Польскага радыё – арганізатар курсаў для польскіх настаўніка за мяжой Марыюш Выхудзкі (Mariusz Wychódzki). Паводле ягоных словаў, ёсьць нямала пэдагогаў, якія хочуць вучыць польскай мове палякаў, якія трапілі за мяжу Польшчы не па ўласным жаданьні

М. Выхудзкі: Палякаў, якія жывуць у Казахстане, Сыбіры, Узбэкістане, а таксама вучыць тых палякаў, якія пасьля Другой сусьветнай вайны засталіся па іншым баку мяжы. 30 гадоў таму, адразу пасьля чэрвеньскіх выбараў першыя настаўнікі былі скіраваныя працаваць на ўсход. На дадзены момант Цэнтар разьвіцьця польскай адукацыі на ўсходзе кіруе настаўнікаў у 12 эўрапейскіх і азіяцкіх краін, а таксама ў Аргентыну.

Найбольшая зацікаўленасьць вывучваньнем польскай мовы назіраецца ва Ўкраіне. Туды цэнтар кіруе больш за 50 настаўнікаў для выкладаньня мовы (агулам 120 ва ўсе дзяржавы). Шмат жадаючых вывучаць мову таксама ў Казахстане, куды былі сасланыя нямала асоб польскай нацыянальнасьці. У Беларусі таксама многа людзей хоча вывучаць польскую мову, але ўладам не падабаецца гэтая зацікаўленасьць, і яны выдаюць дазвол на працу вельмі невялікай колькасьці пэдагогаў з Польшчы, – адзначае актывіст польскай меншасьці ў Беларусі, журналіст Анджэй Пачобут.

А. Пачобут: Дазвол выдаецца вельмі невялікай групе настаўнікаў – 7-8 чалавек. Пазыцыя беларускіх уладаў пасьлядоўная, яны абмяжоўваюць магчымасьць прыезду настаўнікаў з Польшчы. Уладам агулам не падабаецца вялікая зацікаўленасьць польскай мовай, адным з сымптомаў якой зьяўляецца зьяўленьне настаўнікаў з Польшчы. Мне падаецца, што ні ў адной, ні ў другой польскай школе ўжо няма польскіх настаўнікаў. Зацікаўленасьць польскай мовай расьце, для яе добрага навучаньня патрэбныя настаўнікі з Польшчы, якія ведаюць новыя спосабы навучаньня, інтэрактыўнае навучаньне, навучаньне ў розных узроставых катэгорыях і г.д. Зацікаўленьне з боку грамадзян Беларусі і розных арганізацый дастаткова вялікае, каб былі польскія настаўнікі.

Навучаньне польскай мове за мяжою – гэта зусім іншая праца, чым у Польшчы. Там зачастую неабходна пачынаць вучобу з нуля. Польскіх настаўнікаў прымаюць як правіла вельмі сардэчна ў тых мясцовасьцях, куды яны прыяжджаюць, – заўважае Марыюш Выхудзкі.

М. Выхудзкі: Нашых настаўнікаў прымаюць з вялікай гасьціннасьцю, іх чакаюць зь нецярплівасьцю. Нашыя настаўнікі прыяжджаюць у малыя вёскі, дзесьці ў стэпе, а таксама ў вялікія гарады. Незалежна ад памераў гораду, праца аднолькава важная, гэта элемэнт дапамогі палякам, якія трапілі за межы Айчыны не па сваёй волі, толькі за тое, што яны не скрывалі свайго польскага паходжаньня. Я сам калісьці працаваў пяць гадоў настаўнікам у Казахстане, у невялікай вёсцы ў стэпе, сярод палякаў, якіх саслалі ў 30-ыя гады з тэрыторыі Ўкраіны. Праца з гэтымі людзьмі давала мне такое вялікае задавальненьне, што цяжка было вытрымаць у Польшчы на вакацыях, мне былі патрэбныя іх гарачыя сэрцы, мне іх не хапала.

Польскія настаўнікі, якія працуюць за ўсходняй мяжой, вучаць ня толькі мове. Яны таксама пашыраюць веды пра Польшчу, яе традыцыю, гісторыю і культуру. Разам з вучнямі яны рыхтуюць нацыянальныя польскія сьвяты, пры гэтай нагодзе нашчадкі сасланых палякаў вывучаюць польскую мову. Трэба сказаць, што Савецкім Саюзе ў сталінскія часы выкарыстоўваньне польскай мовы было забаронена і зьвязана з магчымасьцю рэпрэсій, але і так частка палякаў захавала мову продкаў унутры сваёй сям’і. Аднак з кожным наступным пакаленьнем паступова гэтыя веды страчваюцца.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт