Logo Polskiego Radia
Print

Абрады, звязаныя з хрышчэньнем дзіцяці

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 31.05.2019 23:39
Хрысьціны звычайна адбываліся праз тыдзень альбо два пасьля нараджэньня дзіцяці.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: PublicDomainPictures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Амаль паўсюль на тэрыторыі ўсходняе Беласточчыны існавала ўяўленьне, што адначасова з прыходам на сьвет нованароджанага зьяўляецца на небе яго зорка. Апрача перакананьня, што зорка нязьменна спадарожнічае чалавеку ў жыцьці й зьнікае адначасна зь яго сьмерцю, у беларусаў існавала вера ў блукаючыя зоркі. Гэта зорка дзіцяці, якое памерла перад хрышчэньнем. У шматлікіх вёсках існаваў звычай, каб асоба, якая заўважыць блукаючую зорку, закрычала: “Калі ты дзяўчынка, дык Эва, калі ты хлопец, дык Адам”. Прамаўленьне гэтае формулы раўназначна хрышчэньню памерлага дзіцяці, дык пасьля гэтага блукаючая зорка гасьне назаўжды – піша Алесь Барскі (Аляксандар Баршчэўскі) ў працы Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняе Беласточчыны (Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny, Беласток 1990).

Адной з найбольш цікавых зьяў абраднасьці, зьвязанай з хрышчэньнем, былі гэтак званыя адведкі – празь некалькі дзён пасьля родаў маці нованароджанага наведвалі блізкія суседкі. У гэтым удзельнічалі выключна замужнія жанчыны. Наведвальніцы прыносілі з сабою ў вузялках прадукты харчаваньня, цацкі ці адзеньне для дзіцяці – заўсёды ў няпарнай колькасьці. Увайшоўшы ў хату, жанчыны клалі скрутак на парозе й стараліся як найхутчэй разьвязаць. Гэта рабілі дзеля таго, каб дзіця пачало хутка гаварыць. Кожная з жанчын падыходзіла да калыскі, мімаходзь зірнуўшы на дзіця, адварочвалася, рабіла выгляд, як бы тройчы сплёўвала, і казала: але ж брыдке, альбо якое ж паскуднэ, ці нема на што глядзець. Недапушчальным было якое-небудзь пазытыўнае выказваньне, бо лічылася, што ўхваленьне выгляду альбо здароўя дзіцяці аўтаматычна заахвочвала злую сілу атакаваць нованароджанага. Наведвальніц частавалі алькаголем, што хутка стварала нязмушаную атмасфэру. Упершыню пасьля родаў дазвалялася сьпяваць. Песьні часьцей за ўсё ўтрымлівалі элемэнты ўхвалесьня маці.

Калі жанчыны, якія ўдзельнічалі ў адведках, зьбіраліся пакінуць дом, яны станавіліся наводдаль калыскі й гукалі: Расьці веліке й харошэ!, Хутко расьці й вылазь з калыскі!, Расьці й прынось радасьць бацькам! – сказала Вольга Назарка з Бандароў, што ў Беластоцкім павеце.

Найпрыгажэйшым этапам абраду былі, бясспрэчна, хрысьціны, якія ўтрымлівалі ў сабе як хрысьціянскія элемэнты, гэтак і паганскія. Хрысьціны звычайна адбываліся праз тыдзень альбо два пасьля нараджэньня дзіцяці. Сьпяшаліся з хрышчэньнем толькі ў тых выпадках, калі дзіця было вельмі слабое й магло памерці.

Беларусы з усходняе Беласточчыны лічаць, што нованароджаны ды ягоная маці зьяўляюцца нячыстымі аж да абраду царкоўнага хросту, якому спадарожнічае крапленьне сьвянцонаю вадою й намазваньне мірам. Гэты абрад робіць немаўля больш моцным перад хваробамі, сурокамі й нячыстаю сілаю. Маці нованароджанага перастае быць нячыстаю, калі праз сорак дзён пасьля родаў першы раз зь дзіцём пераступае парог царквы. Гэты абрад атрымаў назву ўводу. Гаворыць Валерыя Скепка зь вёскі Міхнаўка, што на Гайнаўшчыне:

– У шэсьць, ну, як каму выходзіт, і прадалжало сёлета, як бы належыцца па хрыстэві ў шыэсьць нідзель до ўводу, і то ўжэ бацюшка ўводзіт мацеру, сьвенціт там і малітву чытае, і того рыбёнка, рыбёнка того ўжэ ўводзіт. Як хлопчык, то несе аж за райскі дзьвэры, там абыдзе. А дзеўчынку, ну, то да райскіх дзьварэй падносіў. Но, бо бабы, жэншчыны ні ідут за райскі дзьвэры туды. Ні можно, а мужчыны ўжэ ідут. Бабы не йдут, а мужчыны ідут за райскі дзьвэры, абы хто можа ісьці. А бабы ўжэ, ну, да райскіх дзьварэй.

Адным з найважнейшых пытаньняў, зьвязаных з абрадам хрышчэньня, зьяўляецца выбар кумаў. Звычайна стараліся, каб кумамі былі людзі заможныя, бо лічылася, што ад іх дзіця будзе мець матэрыяльную падтрымку ў форме вопраткі, ласункаў ды іншых падарункаў, а таксама ў будучым нейкі дадатак да пасагу.

Недапушчальным было запрашаць у кумы цяжарных жанчын, разьведзеных, жаніхоў і нявестаў, а таксама абодвух сужонкаў адначасова. Кумамі маглі быць: паненка, кавалер, замужняя жанчына, жанаты мужчына, у выключных выпадках брат і сястра.

Дзіця да хрышчэньня зьбірала звычайна бабка. Яна ўкладала яму ў пялюшкі манэты, зерне, кавалачак хлеба, крыху солі – кажа Валерыя Скепка зь Міхнаўкі.

– Як ужэ да хрысту одвозіці, то ўжэ дзесь там сьвінцонае солі завяжут у вузялок пры дзіцяці, коб ні ўраклі маленького. А ўжэ, ну, ланцужка купляе хрышчоны, купляе ланцужка і крэсьціка на хрэст. А хрышчона ўжэ купляе там того покроўца такого, о. Але шчэ там былі такіе забабоны, ужэ коб ні ўрок ніхто, коб ні плакаў рыбёнак, соль сьвінцону, ну, там дзесь паложат пры дзіцяці ў чом, чы ў пакетчыкаві, чы ў чом так. Такіе былі забабоны, ну.

На ўсім абшары ўсходняе Беласточчыны бабка ці бацькі дзіцяці клапаціліся пра тое, каб яно спаткалася з разнастайнымі прадметамі, бо верылі, што такім чынам прывіваюць яму розныя ўменьні й схільнасьці. Часьцей за ўсё падтыкалі дзіцяці кніжку, аловак альбо газэту, каб яно ў будучым стала гмінным пісарам. Дзяўчынцы часта ўкладалі іголку зь ніткаю, што мела запэўніць здольнасці да шыцьця. У шматлікіх мясцовасьцях апрача прадметаў, якія нібыта гарантавалі дзіцяці лёгкае засваеньне ведаў, падсоўвалі кудзелю, сякеру, пілу, нажніцы, іншыя прылады, што маглі паўплываць на яго будучыя тэхнічныя зацікаўленьні.

У большасьці вёсак кума не выносіла дзіцяці з хаты. Гэта рабіла бабка. Кумы ж чакалі, седзячы на возе. Бабка, перадаючы кумам дзіця, звычайна гаварыла: Берыце крыкуна, а прывезіце ціхуна. Калі ад’язджалі ў царкву, бабка нейкі час бегла за возам, каб дзіця хутка пачало хадзіць.

Кумы, едучы ў царкву, былі абавязаныя шмат размаўляць. Гэта мела гарантаваць, што дзіця хутка пачне гаварыць. Па дарозе назад ня мелі права нікога падвозіць, апярэджваць, альбо прапускаць каго-небудзь наперад.

Раней імёны дзецям як правіла даваў сьвятар, які кіраваўся календаром. Сёньня рашаючы голас у гэтым пытаньні належыць бацькам. Усё больш і больш даюць імёны не праваслаўныя, а каталіцкія, каб у будучыні не ствараць небясьпекі кпінаў і ізаляцыі ў польскім асяродзьдзі.

Апошнім акордам абраду, зьвязанага з хрышчэньнем, зьяўляецца бяседа. Апрача галоўных герояў гэтай урачыстасьці: бабкі, кумы й кума, а таксама бацькоў дзіцяці, у ёй удзельнічаюць выключна замужнія жанчыны й жанатыя мужчыны. На Сакольшчыне кумы мусяць сядзець моцна прытуліўшыся адзін да аднаго. Гэта нібыта забясьпечвала хрэсьніку роўныя й здаровыя зубы. Падчас шчодрай бяседы шмат пілі, елі, бавіліся й сьпявалі.

Арыгінальным акцэнтам хрэсьбінаў зьяўляецца гэтак званая “каша”. Раней кума гатавала яе зь ячных круп. Пасярэдзіне глінянай міскі ў кашы рабілі дзірку, а яе берагі ўпрыгожвалі кветкамі. Зь міскаю кашы ў руках садзілася пад іконамі кума альбо пераапрануты за старую кум, прамаўляючы тэкст “гародца” – агародніка:

Ой, чый то гародзец

Не гароджаны –

Срэбрам і злотам

Не тынованы?

Гэты тэкст шмат разоў паўтараўся, калі выклікаліся розныя асобы пакласьці грошы, каб агарадзіць агарод. Кум выклікаў па чарзе бацьку, маці, цётак, дзядзькаў па матчынай і бацькавай лініі і ўсіх гасьцей. Кожны госьць, які кладзе грошы, атрымлівае крыху кашы. Калі ўсё раздадзена зь міскі, міску разьбівалі на шчасьце. Сёньня “агародчык” выконваецца амаль на ўсіх хрэсьбінах. Праўда, замест кашы ўжываюцца цукеркі. Аднак рытуал і надалей называюць “кашаю”.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт