У гарачыню без калготак на працу - дапушчальна, без ліфчыка - не
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
12.06.2019 15:05
Наймальнік мае права патрабаваць ад сваіх падначаленых апранацца згодна прынятым у кампаніі правілам.
фота: А. Вялічка/radyjo.net
І ў Польшчы, і ў Беларусі назіраецца выключна гарачае надвор’е, рэдкае для дадзенага часу – пачатку чэрвеня. Людзі хацелi б апранацца адпаведна надвор’ю ў лёгкую адзежу, але не заўсёды на працу можна апрануцца так як хацелася б – пра адпаведны dress code (стыль вопраткі) на працы піша «Rzeczpospolita».
У адной з варшаўскіх кампаній хваляваньне выклікала супрацоўніца, якая падчас гарачыні пачала прыходзіць на працу без ліфчыка і ў вельмі тонкіх блюзках. Праўда, яна ня мела прамога кантакту з кліентамі, але іншыя супрацоўнікі (відаць, асабліва мужчынскага полу) не маглі з-за яе сканцэнтравацца на сваіх абавязках. Кіраўніцтву фірмы прыйшлося правесьці дысцыплінарную гутарку з дзяўчынай. Памагло не адразу, паколькі супрацоўніца заявіла, што лёгкая вопратка вынікае з яе фэмінісцкіх поглядаў. Жанчына згадзілася апранацца больш сьціпла толькі тады, калі ёй прыгразілі вымовай.
Па словах юрыста Аляксандры Мінковіч-Флянэк, наймальнік мае права патрабаваць ад сваіх падначаленых апранацца згодна прынятым у кампаніі правілам. Гарачыня не дае нам права апранацца на працу так, як нам захочацца. Канешне, шмат залежыць ад стаўленьня фірмы, ад таго, чым яна займаецца, у кожнай прыняты афіцыйны або неафіцыйны стыль вопраткі.
У некаторых фірмах, напрыклад, юрыдычных кампаніях, патрабаваньні наконт вопраткі даволі строгія. Калі тэмпэратура на дварэ перавальвае за 30 градусаў, кіраўніцтва кампаніі можа дазволіць жанчынам хадзіць без калготак, а мужчынам без гальштука, але напэўна не ў шлёпанцах.
Rzeczpospolita/нг