Спэцыялісты Мінпрыроды й НАН Беларусі ўжо падрыхтавалі адпаведную заяўку ў Рамсарскае бюро. Атрымаць статус Рамсарскага угодзьдзя не так проста. Цяпер у Беларусі дзевяць Рамсарскіх тэрыторый міжнароднага значэньня: на базе заказьнікаў "Спораўскі", "Сярэдняя Прыпяць", "Званец", "Альманскія балоты", "Асьвейскі", "Ельня", "Котра", "Простыр", Бярэзінскага біясфэрнага запаведніка. Сумесна з Украінай таксама створана трансгранічная Рамсарская тэрыторыя.
Першай тэрыторыяй Беларусі, уключанай у сьпіс водна-балотных угодзьдзяў міжнароднага значэньня, стаў заказьнік "Спораўскі". У гэтым годзе заказьніку спаўняецца 20 гадоў.
Канвэнцыя аб водна-балотных угодзьдзях, што маюць міжнароднае значэньне, галоўным чынам тычыцца месцаў пражываньня вадаплаўных птушак, была падпісаная ў 1971 годзе ў горадзе Рамсар ў Іране ў мэтах захаваньня й разумнага выкарыстаньня ўсіх водна-балотных угодзьдзяў. Канвэнцыю ратыфікавалі 160 краін. Беларусь далучылася да Рамсарскай канвэнцыі ў 1999 годзе.
Цікава, што заказьнік "Выганашчанскае" адначасова прэтэндуе на прэстыжны міжнародны статус і на тэрыторыю торфаздабычы. Пастанова Савета Міністраў № 794 "Аб некаторых пытаньнях здабычы торфу й аптымізацыі сыстэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый" вызначае пэрспэктыўныя для атрыманьня карыснага выкапня радовішчы і ўносіць зьмены ў зацьверджаную Саўмінам схему рацыянальнага разьмяшчэньня асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэньня да 1 студзеня 2015 года.
У сярэднім ад кожнага заказьніка на торфараспрацоўку адрэзалі па 200 гектараў. Агулам пад торфараспрацоўку ад асабліва ахоўваемых тэрыторый адабралі 3 350 гектараў.
Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Анатоль Ліс: Ёсьць Нацыянальная стратэгія разьвіцьця й кіраваньня прыродаахоўваемымі тэрыторыямі да першага студзеня 2015 года. Вынікам рэалізацыі названай стратэгіі мусіць стаць эфэктыўнае функцыянаваньне асабліва ахоўваемых тэрыторый. І да 2015 года яны мусяць складаць 8,3 % ад агульнай плошчы краіны. Цяпер гэта 7,7 адсоткі. Другі дакумэнт: пытаньні захаваньня водна-балотных угодзьдзяў у нас замацаваныя ў стратэгіі па захаваньню і ўстойліваму выкарыстаньню біялягічнай разнастайнасьці на 2011-2020 гады. Апроч гэтага ў нас ёсьць праграмы ПРААН па лініі ГЭФ, на якія вылучаюцца грошы. Агульную суму на пяць год ці на год сказаць складана, бо вылучаюцца як бюджэтныя грошы, так і сродкі спонсараў. Але самае галоўнае – захаваць тое, што маем. Водна-балотных угодзьдзяў цяпер засталося каля 1,5 млн. гектараў з былых 3 млн. гектараў. Ёсьць у нас і праблемы з тэрыторыямі, што раней асушаліся.
Эколягі зьвярнуліся да прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча з заклікам прыпыніць дзеяньне пастановы Савета міністраў № 794, што дазваляе торфаздабычу на асабліва ахоўных тэрыторыях.
Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Анатоль Ліс супакойвае, маўляў, гэта толькі на паперы. А новыя асабліва ахоўваемыя тэрыторыі будуць ствараць ня толькі на балотах.
Анатоль Ліс: Рашэньня аб тым, што гэтыя тэрыторыі будуць выведзеныя са статусу асабліва ахоўваемых тэрыторый ў той колькасьці, як вы называеце, няма. У праекце пастановы напісана, што яны “могуць быць выкарыстаныя”. Гэта не гаворыць аб тым, што 3,5 тысячы гектараў адразу будуць выведзеныя. І ад агульнай плошчы асабліва ахоўваемых тэрыторый яны складаюць 0,01 адсоткі. Каб вы разумелі парадак лічбаў. За кошт чаго будуць павялічвацца асабліва ахоўваемыя тэрыторыі? Гэта й Нацыянальныя паркі, заказьнікі, заказьнікі мясцовага значэньня. Вось і пастаўленая задача ў цэлым па рэспубліцы павялічыць гэтую лічбу.
Кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Віктар Фянчук мяркуе, што альтэрнатыўнае выкарыстаньне беларускіх балотаў у пэрспэктыве было б куды больш выгодным за здабычу зь іх торфу.
Віктар Фянчук: З больш чым дваццаці торфаздабываючых заводаў толькі некалькі ёсьць прыбытковымі. І гэта дзякуючы таму, што яны здабываюць торф на экспарт. Дальнейшае пашырэньне торфаздабычы грунтуецца на неабходнасьці рэалізаваць праграму па энэргабясьпецы краіны. Але будаўніцтва новых заводаў – гэта значыць, што дзяржава ня проста будзе губляць грошы, бо гэта стратная дзейнасьць, але й нішчыць сваю прыроду. Рабіліся разьлікі грамадзкім аб’яднаньнем “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якія паказалі, што захаваньне тэрыторый высокай прыроднай вартасьці ў доўгатэрміновай пэрспэктыве больш прыбытковае, чым здабычы торфу на паліва, як гэта цяпер прапагандуецца.
Эколягі гатовыя прадставіць альтэрнатыўныя прапановы па разьвіцьці тарфяной прамысловасьці, захаваньню энэргетычнай бясьпекі краіны й выкарыстаньню асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Яны выказалі прапанову аб стварэньні грамадзка-кансультатыўнага савета пры Міністэрстве энэргетыкі для ўзаемадзеяньня дзяржаўных органаў і грамадзкасьці.
Марыя Кароль