Logo Polskiego Radia
Print

NordStream дзеліць Эўропу?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.09.2011 17:00
  • NordStream дзеліць Эўропу.mp3
У аўторак пачалося напаўненьне газам новага расейскага трубаправоду „Nordstream”, то бок паўночнай плыні.

/
Па гэтай трубе, пракладзенай па дне Балтыйскага мора, расейскі газ пойдзе ў Нямеччыну. Краіны Ўсходняй Эўропы непакояцца, што гэта пагоршыць іх энэргетычную бясьпеку.

Расейскі прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін заявіў днямі, што першыя пастаўкі расейскага газу ў Нямеччыну пачнуцца напрыканцы кастрычніка альбо на пачатку лістапада. З самага пачатку гэты праект выклікаў вялікія пярэчаньні ў шэрагу краін. Па-першае, выказваліся перасьцярогі, што пракладка трубаправоду па дне Балтыйскага мора зьяўляецца небясьпечнай з экалягічнага пункту гледжаньня. Зь іншага боку, для краін Усходняй Эўропы пабудова трубаправоду „Nordstream” азначае поўную залежнасьць ад расейскага газу.
На думку польскага экспэрта па пытаньнях энэргетыкі Томаша Хмаля зь Інстыуту імя Сабескага ў Варшаве, гэтыя пагрозы Паўночнага газаправоду нікуды не зьніклі.

Томаш Хмаль: Небясьпекі, зьвязаныя з Паўночным газаправодам, нікуды ня зьніклі. Трубаправод ідзе па дне мора, і розныя катастрофы (як аварыія, ці разрыў трубы) магчымыя, асабліва ў моцна забруджаным Балтыйскім моры. Апроч гэтага пабудаваны газаправод выйшаў вельмі дарагім. Эўрапейскія атрымальнікі газу будуць вымушаныя за гэта заплаціць. Гэта можа паўплываць на пагаршэньне канкурэнцыйнасьці эўрапейскай экономікі. Нарэшце, гэты праект багатага Захаду ды Расеі над галовамі Польшчы, Украіны ды Беларусі, моцна б’е па транзытных краінах. Мы будзем вымушаныя купляць вельмі дарамі газ з Усходу, пакуль ня знойдзем, скажам, свой сланцавы газ ды пабудуем тэрмінал звадакванага газу.

Іншы польскі экспэрт Анджэй Шчэсьняк лічыць, што сёньня ў Польшчы ды Беларусі вялікіх страт ня будзе. Найбольшая ахвяра Паўночнага газаправоду – гэта Ўкраіна.

Анджэй Шчэсьняк: Сёньня Польшча й Беларусь шмат ня згубяць. Галоўная страта – аслабленьне перамоўнай пазыцыі. Сёньня шмат губляе Ўкраіна, адсюль такія нэрвовыя перамовы паміж Кіевам і Масквою. Адна чацьвёртая газавага расейскага транзыту, што ідзе праз Украіну, пойдзе праз „Nordstream”. Гэта канкрэтныя страты, недзе каля мільярда даляраў за год, а гэта вялікія грошы. Калі ў наступным годзе расейцы запусьцяць другую нітку, то палова ўкраінскага транзыту пойдзе праз Балтыйскае мора. Беларусі ды Польшчы (канец газавага кантракту з Расеяй у 2019 годзе) у буд учыні будзе нашмат складаней атрымаць лепшыя ўмовы паставак расейскага газу.

Беларускія ўлады доўгі час ня верылі ў тое, што гэты праект будзе рэалізаваны. Аляксандар Лукашэнка нават назваў яго аднойчы „самым дурацкім праектам у Расеі”. Менск выкарыстоўваў транзыт газу як сродак ціску на Маскву. Сёньня гэтая магчымасьць зьнікае, лічыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: Быў час, калі Расея вельмі моцна настойвала на набыцьці Белтрансгазу. Лукашэнка доўгі час не ішоў насустрач па гэтым пытаньні, бо газ займуе 90% у паліўным балянсе Беларусі. Продаж Белатрансгазу Маскве была значнай рызыкай у вачах беларускіх уладаў. Апроч таго Белтрансгаз зьвязаны з Калінінградам. Калі Масква ціснула на афіцыйны Менск, Лукашэнка на гэта адказваў абмежаваньнем сувязі Расеі са сваім калінінградзкім энклявам – гэта тычылася й паставак газу. Цяпер Менск згубіць гэты інструмэнт ціску на Маскву.

Пры гэтым Паўночны газаправод – гэта больш страчаныя магчымасьці для Беларусі, чым вялікая небясьпека. Каб мінімізаваць страты, беларускія ўлады імкнуцца прадаць сёньня расейцам Белтрансгаз. Больш падрабязна распавядае палітоляг Юры Шаўцоў.

Юры Шаўцоў: Гэта закране інтарэсы Беларусі, але я б не перабольшваў, бо празь Беларусь ідзе каля 20% расейскага газавага транзыту, тады як праз Украіну – 80%. Праўда, магло быць інакш. У 1990-я гады разглядаўся варыянт пуску праз Беларусь ажно 6 нітак Ямальскага газаправоду. Аднак не атрымалася. Сёньня, калі Расея бярэ 100% Белтрансгазу, падразумеваецца, што гэта робіцца, каб нарасьціць транзыт расейскага газу празь Беларусь.

Расея скончыла будаўніцтва першай ніткі Паўночнага газаправоду. У наступным годзе чакаецца запуск другой. Масква нават плянуе запуск і трэцяй. Найбольш гэта ўдарыць па Ўкраіне, аднак празь некаторы час наступствы гэтага кроку адчуюць і Польшча зь Беларусьсю.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт