Logo Polskiego Radia
Print

Запусьцілі Nord Stream

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 08.11.2011 18:39
  • Запусьцілі Nord Stream.mp3
Паводле Мэркель, ад гэтага праекту выйграюць усе: і эўрапейскія дзяржавы й Расея. Ці сапраўды так?
Photo: PAP/EPAPhoto: PAP/EPA

fot.
fot. PAP/EPA/STEFAN SAUER

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель афіцыйна адчынілі вентыль газаправоду Nord Stream або „Паўночная плынь” у прыбалтыйскім Любміне. Сьведкамі былі амаль 400 запрошаных гасьцей. У прыватнасьці, камісар Эўрапейскага Зьвязу па справах энэргетыкі, прэм’ер-міністры Францыі й Нідэрляндаў. Газаправод зьвязвае расейскі Выбарг і нямецкі Любмін.

Ангела Мэркель падкрэсьліла, што „Nord Stream” гэта вельмі важны праект для супрацоўніцтва Эўразьвязу й Расеі й што гэта адзін з фактараў эканамічнага разьвіцьця. Яна зазначыла, што нягледзячы на палітычную падтрымку, праект мае перш за ўсё эканамічнае значэньне. Паводле Мэркель, ад гэтага праекту выйграюць усе: і эўрапейскія дзяржавы й Расея.

Запушчаны сёньня расейска-нямецкі газаправод у наступным годзе будзе разбудаваны. Да яго далучаць яшчэ адну нітку. Агулам, з Расеі на Захад, па ім будзе цячы 55 млрд. кубамэтраў газу за год. На гэты момант ёмістасьць запушчанай ніткі складае 27 млрд. кубамэтраў.

Сёньня на адкрыцьці Ангела Мэркель казала аб тым, што падчас будаўніцтва газаправоду ўлічваліся інтарэсы прыбалтыйскіх дзяржаваў.

Аднак гэтыя інтарэсы не былі абаронены. Польшча ад самага пачатку, як толькі 6 гадоў таму зьявілася ідэя будаўніцтва „Nord Stream”, выступала супраць. А сёньня на ўрачыстасьць адкрыцьця газаправоду не зьявіўся запрошаны нямецкім бокам старшыня марскіх партоў ў Шчэціне й Сьвінавуйсьці. Гэтыя парты падалі ў нямецкі суд на кампанію. У зыску скарга на рашэньне нямецкага Інстытуту мараплаваньня, які дазволіў кансорцыюму класьці трубу й не ўлічыў аргумэнтаў наконт глыбіні правядзеньня трубы па дне Балтыкі. Польскі бок даказваў, што расейска-нямецкая труба перакрые доступ у порт звадкаванага газу у Свінавуйсьці буйным танкерам. Зыск, бадай, абгрунтаваны, таму што дырэктар „Nord Stream” па тэхнічных справах запэўніў учора ў Бэрліне, што калі зьявіцца такая неабходнасьць, то трубу можна будзе закапаць у дне Балтыйскага мора.

Былы міністар эканомікі Польшчы Пётр Возьняк кажа, што цяпер ў „Газпрома” узмацнілася пазыцыя для гандлю за кошт газу для Польшчы. Возьняк мяркуе, што „Газпром” можа шантажаваць Польшчу закрыцьцём Ямальскага газаправоду.

П.Возьняк: З пункту гледжаньня „Газпрому” задача Паўночнага газаправоду –падзяліць рынак – на Заходнюю Эўропу, дзе й так пануе канкурэнцыя, і на ўсходнія рынкі, дзе канкурэнцыі яшчэ няма. Няма ніякай канкурэнцыі па пастаўках газу ў Польшчу, Славаччыну, у Чэхію. Расея імкнецца да таго, каб у зручны момант гуляць гэтымі рынкамі. Польшча вельмі добры прыклад такой гульні „Газпрому”. Чым бліжэй крыніцы расейскага газу, тым сыравіна каштуе больш. Кошт газу для Польшчы страшэнна дарагі ў параўнаньні, напрыклад, з тым жа расейскім газам, які пастаўляецца ў Вялікабрытанію.

Дарэчы, галоўны пакупнік расейскага газу і дыстрыбутар на польскі рынак PGNiG падаў на „Газпром” скаргу ў Міжнародны арбітражны суд у Стакгольм. Расейскі канцэрн некалькі гадоў не пагаджаецца на перамовы ў справе паніжэньня коштаў на газ.

У Польшчы лічаць, што „Nord Stream” зьяўляецца канкурэнцыяй для трубаправоду “Ямал- Эўропа”, які ідзе таксама празь Беларусь. Спэцыялістка па энэргетычных пытаньнях Тацьцяна Манёнак лічыць, што такой пагрозы няма.

Тацьцяна Манёнак лічыць таксама, што Масква праз „Газпром” ня будзе шантажаваць Менска абмежаваньнем транзыту праз Беларусь, таму, што ў Крамлі зацікаўленыя ў стварэньні й захаваньні добрага іміджу Мытнага саюзу.

Паводле Тацьцяны Манёнак, „Nord stream” ня ёсьць рэальнай пагрозай для дзьвюх нітак газправодаў, якія праходзяць па тэрыторыі Беларусі й адна зь іх па тэрыторыі Польшчы. Па –першае таму, што па коштах гэта таньней, ды таму, што пакуль гэта адзіны шлях паставак расейскага газу, напрыклад, у Чэхію. Па-другое, Расея зацікаўлена ў будаваньні пазыцыі стабільнага лідара ў сваім рэгіёне.

Яланта Сьмялоўская

Паслухайце аўдыёфайл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт