Logo Polskiego Radia
Print

Міжнародны дзень талерантнасьці

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 16.11.2011 20:22
  • дзень талерантнасьці.mp3
Андрэй Ягораў: паводле мяне, беларусы па сваёй большасьці абыякавыя, а не талерантныя.

/

Паводле дасьледаваньня Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека, палякі лічаць сябе талерантнымі, хаця надалей здараюцца выпадкі варожасьці ў дачыненьні да іншаземцаў.

Паводле прадстаўніцы фундацыі Агнешкі Мікульскай, у гэтым вінаватая адсутнасьць адукацыі па гэтаму пытаньню.

Агнешка Мікульска: Напрыклад, такая гісторыя: нейкая жанчына пытаецца ў негра ў рэстаране, адкуль ён ведае, калі яму трэба памыцца, калі ён і так чорны? Напэўна палякам не хапае шматкультурнай адукацыі, якая паказвала б, як сябе паводзіць ў сытуацыі сутыкненьня зь іншай культурай.

Дасьледаваньні Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека сьведчаць пра тое, што палякі больш прыхільна ставяцца, напрыклад, да амэрыканцаў і, наогул, гасьцей з Захаду, чым з Усходу.

Агнешка Мікульска: Мы любім багаты, разьвіты Захад. У сваю чаргу ня любім Усходу, які лічым бедным, адсталым, іншым - проста горшым. Тут бачная выразная палярызацыя. Гэта бачна на падставе ўсіх грамадзкіх дасьледаваньняў, якія праводзіліся цягам апошніх гадоў.

- кажа Агнешка Мікульска з Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека.

У сваю чаргу Эва Пяхота з Упраўленьня па справах іншаземцаў зьвяртае ўвагу на тое, што талерантнасьць палякаў мае розныя абмежаваньні, напрыклад, калі гаворка ідзе пра разьмяшчэньне цэнтраў для уцекачоў.

Эва Пяхота: Мы вельмі шмат гаворым пра тое, якія мы талерантныя, гасьцінныя ды адкрыта ставімся да іншых. Тым часам згаданую адкрытасьць суправаджаюць думкі: не на маім панадворку! Усюды, толькі ня побач са мной! Яны мне не перашкаджаюць, трэба ім дапамагчы, але не абавязкова ў нас! Хай гэта будзе ў іншым месцы!

- кажа прадстаўніца Ўпраўленьня па справах іншаземцаў Польшчы.

А як выглядае пытаньне талерантнасьці ў Беларусі? Паводле Сяргэя Андросенкі, які займаецца пытаньнямі дыскрымінацыйнага стаўленьня да ЛГБТ у Беларусі, беларуская гамафобная нецярплівасьць мае статкавы характар. Гаворка ідзе пра тое, што беларусы дэманструюць сваю гамафобнасьць толькі тады, калі ведаюць, што нехта іх падтрымлівае.

Сяргэй Андросенка: Безумоўна, у беларусаў ёсьць праблемы й калі гаворка ідзе пра цыганскую меншасьць, і да людзей з каўкаскай зьнешнасьцю, але гэта не настолькі радыкальна, як, напрыклад, у Расеі. Ёсьць шмат працы. Тым часам асабліва сумна, што цяжар працы па талерантным стаўленьні да розных групаў насельніцтва кладзецца на грамадзкі сэктар, грамадзкіх актывістаў без дзяржаўнай падтрымкі, як гэта робіцца ў Эўропе. Патрэбная вялікая адукацыя, як сэксуальная й культурніцкая.

- лічыць беларускі грамадзкі дзеяч, арганізатар „Гей-Прайда” Сяргэй Андросенка.

У сваю чагру Андрэй Ягораў - дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, зьвяртае ўвагу на асноўную справу: калі гаворка ідзе пра беларусаў нельга блытаць талерантнасьць з абыякавасьцю.

Андрэй Ягораў: Канешне, ёсьць гэткі стэрэатып, што беларусы, гэта талерантны народ. Тым часам нам трэба выразна адрозьніваць талерантнасьць ад абыякавасьці беларусаў. Талерантнасьць - гэта пачуцьцё цярплівасьці да цалкам іншага; адчуваньне таго, што можам узаемадзейнічаць зь нечым зусім іншым. Гэта сапраўдная талерантнасьць. Калі нам ўсё роўна, калі мы абыякава ставімся да іншага, то ў гэтым няма талерантнасьці, у гэтым ёсьць абыякавасьць. Паводле мяне, беларусы па сваёй большасьці абыякавыя, паколькі яны не прывыклі жыць ў сытуацыі наяўнасьці рознага. Беларусы ставяцца зь нейкай варожасьцю да ўсяго, што выбіваецца з агульнага парадку рэчаў, паколькі большасьць зь іх жыве адным ладам. Таму яны ўспрымаюць як нешта дзіўнае, калі бачаць праяву таго, што выбіваецца за межы гэтага ладу. Напрыклад, калі нехта ходзіць у царкву ці займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю - гэткія рэчы могуць выклікаць у іх пачуцьцё варожасьці й неталерантнасьці.

- лічыць Андрэй Ягораў - дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі ў Беларусі.

Міжнародны дзень талерантнасьці быў устаноўлены Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў ды адзначаецца з 1996 году. Пры яго нагодзе напамінаецца, што талерантнасьць і пашана іншага чалавека - гэта асноўныя каштоўнасьцьі.

Менавіта Ўсеагульнага дэклярацыя правоў чалавека пачынаецца ад словаў, што ўсе людзі нараджаюцца свабоднымі й роўнымі ў сваіх правах.

Падрыхтавалa Анна Задрожна

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт