Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ падоўжыў санкцыі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 15.10.2012 15:16
  • санкцыі.mp3
Рашэньне сёньня прынялі міністры замежных спраў ЭЗ на сустрэчы ў Люксэмбурзе.
 polskie radio

Ёсьць згода, каб на чарговы год прадоўжыць зьвязаўскія санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Прычына нязьменная – парушэньне правоў чалавека.

Актуальныя санкцыі будуць дзейнічаць да кастрычніка будучага году. 243 асобам забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвяза – гэта прадстаўнікі ўладаў, прадстаўнікі розных структур, якія прычыніліся да перасьледу апазыцыі, а на чале сьпісу стаіць Аляксандар Лукашэнка. Акрамя гэтага эўрапейскія рахункі 32 беларускіх фірмаў замарожаныя.

Рашэньне зьвязана зь перасьледам апазыцыі й парлямэнцкімі выбарамі, якія раскрытыкаваў Эўразьвяз.

“Як цэлы Эўразьвяз, так і Польшча расчараваная недэмакратычнымі стандартамі нядаўніх выбараў,” – так справу пракамэнтаваў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Кіраўнік зьвязаўскай дыпляматыі Кэтрын Эштан дадала: “Выбары ў Беларусі - гэта, паводле нас, страчаны шанец. Акрамя таго, мы патрабуем вызваленьня палітычных вязьняў і іх рэабілітацыі”.

Міністры замежных спраў ЭЗ заклікалі беларускі рэжым спыніць перасьлед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці й незалежных СМІ.

Пакуль Эўразьвяз прадоўжыў санкцыі, але іх не завастрыў. Міністры яшчэ раз зоймуцца гэтай справай на чарговай сустрэчы ў лістападзе.

А ці патрэбныя Беларусі чарговыя санкцыі? Ці паўплываюць яны на беларускі рэжым?

Экс-кандыдат у прэзыдэнты й лідар Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што для ўвядзеньня санкцый патрэбная маральная ацэнка. Палітык падкрэсьлівае, што ЭЗ ніколі ня прыме чарговыя санкцыі без такой ацэнкі.

А. Мілінкевіч: Кропкавыя санкцыі магчымыя й яны эфэктыўныя ў маральным сэнсе – калі чыноўнік не атрымлівае візу, то яму вельмі прыкра. Але, канешне, гэтыя санкцыі не вызваляюць палітвязьняў, не дадаюць Беларусі дэмакратыі й не праводзяць сапраўдныя выбары. Павінна быць маральная ацэнка, што ЭЗ і робіць. ЭЗ заўсёды будзе настойваць на адным: няма палітвязьняў – пачынаем дыялёг, ёсьць палітвязьні – не размаўляем. Такая самаізаляцыя беларускіх уладаў мае прычыны ў Менску, а не ў Брусэлі.

У сёньняшнім рашэньні ЭЗ гаворыцца: "Так як не ўсе палітвязьні былі вызваленыя, а вызваленыя вязьні не былі рэабілітаваныя, а таксама па прычыне адсутнасьці паляпшэньняў у сфэры павагі да правоў чалавека, вяршынства закона й дэмакратычных прынцыпаў рада прыняла рашэньне падоўжыць дзеяньне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года”.

Рада ЭЗ заклікае Беларусь у поўнай меры паважаць міжнародна прызнаныя дыпляматычныя прывілеі й імунітэт дыппрадстаўніцтваў краін ЭЗ і іх супрацоўнікаў у Беларусі, у тым ліку дазваляючы ім паўнавартасна выконваць свае функцыі.

Рада Эўразьвяза зноў заяўляе аб памкненьні разьвіваць адносіны зь беларускім народам і грамадзянскай супольнасьцю, у тым ліку празь ініцыятыву "Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі".

Акрамя таго, Эўразьвяз гатовы пачаць перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму й пагадненьні аб рэадміссіі, што дасьць магчымасьць актывізаваць кантакты паміж людзьмі й пойдзе на карысьць беларускім грамадзянам. Рада выказвае шкадаваньне, што беларускія ўлады да гэтага часу не адказалі на гэтую прапанову, агучаную Эўракамісіяй яшчэ ў чэрвені 2011 года.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт