Гэтым разам дзяржаўнага апарату, і зьбіраюцца яго дэбюракратызаваць. Праўда, дагэтуль не вядома, як улады будуць гэта рабіць, кажуць экспэрты.
Рэфарматарскі тон, згодна зь беларускім табэлем аб рангах, задае Аляксандр Лукашэнка. Вось ужо некалькі год не сьціхаюць аптымізацыі ды рэформы структуры міліцыі, КДБ, пракуратуры ды войска. Штораз зьяўляюцца ўсё новыя й новыя структуры. Цяпер прыйшла чарга й да органаў дзяржаўнай адміністрацыі. У мінулым годзе была створана дзяржаўная камісіі дзеля выпрацоўкі прапаноў па аптымізацыі структуры, колькасьці ды функцый дзяржаўных органаў. Лукашэнка ж назваў аптымальную колькасьць дзяржслужачых — на 25% менш. Гэта прагучала як сапраўдная рэвалюцыя, зазначае аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Аляксандр Класкоўскі: Восеньню Аляксандар Лукашэнка пачаў казаць пра рэформу органаў улады. У ягоным выпадку гэта можна назваць рэвалюцыйнай заявай. Але чым далей, то відавочна, што ніякай рэформы ня будзе, ня будзе ані скарачэньня апарату, тым больш аніякіх сыстэмных зьменаў. Нядаўняя нарада Лукашэнкі з Кабяковым і Пяткевіч паказала нерашучасьць самога беларускага кіраўніка.
З-га студзеня беларускі кіраўнік правёў чарговую сустрэчу на гэтую важную тэму з кіраўніком сваёй Адміністрацыі ды ягоным намесьнікаў. У выніку плянаваныя рэформы абрасьлі новымі акцэнтамі. Цяпер вырашана не скарачаць чыста мэханічна, а азадачваць чыноўнікаў, каб яны круціліся ды вырашалі тыя праблемы, якія турбуюць людзей. Цэнтральныя ўлады павінны арганізаваць эфэктыўны кантроль за дзяржструктурамі, змагаючыся з мэтамарфозамі „на месцах”. Баявы запал беларускага правадыра ў галіне рэформаў зьнік. Як сказаў сам Лукашэнка, трэба яшчэ раз паглядзець, наколькі правільна беларуская ўлада падышла да гэтага пытаньня. Навошта ўвогуле заводзілі гэтыя размовы ?
Аляксандр Класкоўскі: Гэта выклікана некалькімі чыньнікамі. Па-першае, напруга з грашыма, таму трэба хоць трошкі падціснуць. Па-другое, ідзе адток лепшых чыноўніцкіх кадраў. Яны сыходзяць хто ў бізнэс, хто ў Расею. Найчасьцей у Расею ў бізнэс, бо там лепшыя ўмовы. Талковых людзей малавата становіцца. Трэці момант - піяраўскі. Лукашэнку трэба паказаць, што ён зноў шыхтуе чыноўнікаў. Раней, у 1990-ыя гады, гэта давала эфэкт, і народу такі цырк падабаўся. Цяпер сытуацыя зьмянілася. Насуперак гэтым высілкам Лукашэнку не ўдаецца ўзьняць свой рэйтынг.
Рэфарматарскія хістаньні беларускага кіраўніцтва выкліканыя яшчэ й тым, што тутэйшай уладзе ўласьцівы празьмерны этатызм, кажа Андрэй Казакевіч зь Інстытуту палітычных дасьледаваньняў у Менску.
Андрэй Казакевіч: Скарачэньні патрэбныя. Штаты некаторых структур занадта вялікія, а функцыі некаторых ўстановаў занадта шырокія. Ёсьць патрэба, каб скараціць удзел дзяржавы ў некаторых сфэрах грамадзкага жыцьця. У адпаведнасьці з гэтым скараціць і колькасьць служачых. У Беларусі ключавое настолькі пытаньне колькасьці чыноўнікаў, колькі дамінацыя дзяржавы амаль ва ўсіх сфэрах, пачынаючы ад адукацыі й завяршаючы эканомікай. Трэба думаць ня толькі пра колькасьць, але й пра якасьць. Пэўныя функцыі дзяржавы трэба скараціць і перадаць грамадзкім і прыватным структурам. Гэтаксама трэба зьменшыць колькасьць кантролю.
У сувязі ў гэтым, у які бок павінны ісьці беларускія рэформы? Ці ёсьць адпаведны прыклад альбо мадэль?
Андрэй Казакевіч: Гэта складанае пытаньне, таму што яно завязана на тую структуру эканомікі ды арганізацыі грамадзтва, якая павінна быць. Калі мы кажам пра дэмакратычную дзяржаву й рынкавую эканоміку, прыкладам можа быць брытанскі ўрад. Калі вядзем размову пра тое, што мусіць быць большы ўдзел удзел дзяржавы ў эканоміцы ды большыя сацыяльныя гаранты, — ёсьць скандынаўскі прыклад. Але ў нашай сучаснай сытуацыі, з празьмернай рольлю дзяржавы, абмежаваным рынкам ды аўтарытарнай сыстэмай, цяжка знайсьці мадэль. Дзяржаўныя ідэолягі кажуць пра Сынгапур. Але там іншая эфэктыўнасьць адміністрацыі, нам трэба глядзець шырэй.
Мінулагодні рэфарматарскі запал беларускіх уладаў у сфэры дзяржаўнага кіраваньня паволі зьнікае. Заяўленай рэвалюцыі пад лёзунгам дэбюракратызацыі ня будзе. На практыцы ўсё зьвялося да больш эфэктыўнага кантролю ды азадачваньні мясцовых чыноўнікаў. На думку экспэртаў, Беларусі патрэбны іншы рэцэпт — разьдзяржаўленьне.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч.