Гэта рабілася з парушэньнямі заканадаўства. Ахвяры гэтай апэрацыі цяпер патрабуюць ад уладаў кампэнсацыі.
У 2012-м годзе афіцыйны Менск справакаваў шэраг канфліктаў з Эўрапейскім Зьвязам. Беларускія ўлады дамагаліся адмены санкцыяў, уведзеных ЭЗ супраць беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў за парушэньні правоў чалавека ды падтрымку дыктатарскага рэжыму. Афіцыйны Менск вырашыў адпомсьціць Брусэлю, б’ючы па сваіх уласных грамадзянах. Вышэйшае кіраўніцтва на ўсю краіну абвясьціла, што “мы зладзім свой “чорны сьпіс” – асобаў, якім забаронены выезд за мяжу Беларусі за заклікі да падтрыманьня санкцыяў ЭЗ”. Распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч: Гэта адбылося ў мінулым годзе. Пачалося ў сакавіку, а апошніх фігурантаў гэтага сьпісу выключалі ў верасьні. Нам вядома 17 выпадкаў, калі былі абмежаваныя правы пакідаць тэрыторыю Беларусі. Афіцыйныя ўлады заяўлялі, што такіх было 50 чалавек.
Ахвярамі гэтага сьпісу сталі праваабаронцы, палітыкі, незалежныя журналісты. Сярод іншых гэта лідары АГП Анатоль Лябедзька й Аляксандар Дабравольскі, камуністы Сяргей Калякін і Віктар Карняенка, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Алег Гулак, журналісты Андрэй Дынько, Міхаіл Янчук, старшыня БАЖ Жанна Літвіна. Пры гэтым унясеньне ў гэты сьпіс адбывалася з парушэньнямі закону. Добра ілюструе гэта сытуацыя з прадстаўніком Беларускага Хэльсінскага камітэту юрыстам Гарым Паганяйлам.
Гары Паганяйла: Я таксама зьбіраўся паехаць у той час за мяжу й таму пайшоў у аддзел грамадзянства й міграцыі й запатрабаваў даведку, ці я знаходжуся ў банку дадзеных асобаў з абмежаваным выездам. Мне выдалі інфармацыю, што мне часова забаронены выезд за мяжу ў сувязі з тым, што я, нібыта, зьяўляюся даўжніком па справе аб банкруцтве. Я зразумеў, што гэта альбо памылка, альбо беззаконьне, і абскардзіў гэтую даведку. Тады пачалася мышыная валтузьня. Дзяржаўныя органы пачалі адзін на аднаго перакладаць адказнасьць, але ніхто не прымаў ніякіх мераў, каб аднавіць мяне ў правах.
Праваабаронцы высьветлілі, што ўлады правялі цэлую апэрацыю па ўнясеньні сваіх апанэнтаў у гэты сьпіс. Больш за тое, уражвае ўзровень беззаконьня, санкцыяваны з самага верху. Гаворыць Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч: Гэта была сплянаваная акцыя беларускіх уладаў. Пра гэта заявіў сам Лукашэнка. Маўляў, у адказ на санкцыі ЭЗ уведзены сьпіс тых, каго ня будуць выпускаць з краіны. Так званую “пятую калёну”. Потым пачаліся затрыманьні на мяжы, якія адбываліся ў адзін час у дачыненьні да лідараў апазыцыі, праваабаронцаў ды журналістаў. Апроч таго, усе фармальныя падставы ўнясеньня ў сьпіс былі прыдуманыя. Іх не існавала. Напрыклад, у маім выпадку падставай абмежаваньня права на выезд было ўхіленьне ад службы ў войску. Рашэньне нібыта прыняло Міністэрства абароны. Але ані міністэрства, ані ваенкамат рашэньня не прымала, ды не магло. Я непрызыўнога ўзросту, а тэрміновую службу ўжо даўно адслужыў яшчэ ў савецкія часы. Падобная сытуацыя была й зь іншымі.
У верасьні мінулага году, пасьля шэрагу скандалаў, афіцыйны Менск спыніў гэтую ганебную практыку. Аднак ,пры гэтым, дзяржава не прызнала свае памылкі ды не пакарала вінаватых у дадзеных парушэньнях. Праваабаронца Гары Паганяйла вырашыў спагнаць зь дзяржавы прынамсі кампэнсацыі за парушэньні ягоных правоў.
Гары Паганяйла: Кампэтэнтны орган, у дадзеным выпадку МУС, выправіла памылку й прызнала незаконнымі свае дзеяньні. Усьлед за гэтым я зьвярнуўся ў суд з патрабаваньнем атрымаць грашовую кампэнсацыю за маральную шкоду, нанесеную мне дзеяньнямі дзяржаўных органаў. У якасьці адказчыкаў выступае Міністэрства фінансаў, як прадстаўнік дзяржаўнай маёмасьці, Міністэрства юстыцыі і ўнутраных справаў, як выканаўцы пастановаў аб часовай забароне выезду за мяжу.
23-га студзеня суд абвесьціць рашэньне па скарзе Гары Паганяйлы. Калі рашэньне будзе пазытыўнае, кампэнсацыі змогуць патрабаваць і іншыя пакрыўджаныя. Менавіта таму праваабаронцы сумняваюцца ў тым, што беларускі суд будзе кіравацца прынцыпам законнасьці. Гаворыць Валянцін Стэфановіч.
Валянцін Стэфановіч: Я сумняваюся, што прымуць рашэньне на карысьць Паганяйлы. Не таму, што ён ня мае рацыі. Ён абсалютна мае рацыю з законнага пункту гледжаньня. Але ня ў нашай судовай сыстэме. Для іх гэта небясьпечны прэцэдэнт.
Летась у рамках помсты Эўропе афіцыйны Менск правёў цэлую акцыю па парушэньні правоў грамадзян краіны. Шэрагу асобаў незаконна быў забаронены выезд за мяжу. Цяпер яны пачалі дамагацца ад уладаў кампэнсацыі.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч