Дэфіцыт ударыць па ўсіх
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
15.03.2013 17:33
ЗША вядуць войны ды выдаткоўваюць мільярды на касьмічныя дасьледаваньні.
Пры гэтым, грошай не хапае на вартаўнікоў Белага дому. Фінансавую сытуацыю Амэрыкі аналізуе штодзёнка „Rzeczpospolita”.
Упершыню за апошнія гады ЗША сутыкаюцца з праблемай бюджэтных скарачэньняў. Фэдэральны ўрад працягвае весьці вайсковыя й выведкавыя апэрацыі, але шукае інтэнсіўна, на чым можна скараціць. Нядаўна з-за адсутнасьці бюджэтных сродкаў спынілі праграму наведваньня Белага дому для амэрыканцаў. Гэтая справа адразу стала тэмай гарачага абмеркаваньня. Кангрэсмэны заявілі, што прэзыдэнцкая адміністрацыя можа адмовіцца ад сьвяточных прыёмаў і пікнікоў і ўзнавіць праграму наведваньняў Белага дому. Экскурсіі па Капітолю ды Белым доме зьяўляюцца абавязковым пунктам для амэрыканцаў. Кангрэсмэн з Тэхасу заявіў, што заблякуе фінансаваньне паездак Абамы на гольфавае поле, пакуль ня будуць адноўлены экскурсіі па Белым доме. Яшчэ большае абурэньня амэрыканцы дэманстравалі на сацыяльных парталах і форумах.
У адказ на гэта Барак Абама ўжо заявіў, што адновіць экскурсіі па прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі для школьнікаў. Амэрыканскія аглядальнікі й экспэрты зазначаюць, што закрыцьцё экскурсіі з-за бюджэтных скарачэньняў стала паразай дэмакратаў.
Аднак, зазначае польскае выданьне, яны могуць адыграцца на рэспубліканцах, скарачаючы бюджэт фэдэральнай Адміністрацыі транспартнай бясьпекі, якая займаецца праверкай і допускам пасажыраў на лётнішчах. Амэрыканцы ўжо наракаюць, што, каб трапіць на самалёт, трэба выстаяць некалькі гадзін у чарзе. Стратэгія дэмакратаў наступная: як людзі пастаяць гадзінамі ў чарзе на самалёт, то зьвернуць увагу на справу бюджэтнага дэфіцыту.
Рэспубліканцы называюць гэты крок — шантажам. На некаторых амэрыканцаў гэта ўжо пачало дзейнічаць, піша польская штодзёнка. У школах пачаліся звальненьні працаўнікоў без аніякіх скарачэньняў фінансаваньня.
юл