Logo Polskiego Radia
Print

Луцэнка: Я з малой турмы выйшаў у вялікую

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 25.04.2013 18:28
  • Луцэнка.mp3
Вашай увазе фрагмэнты інтэрвію ўкраінскага палітвязьня Юрыя Луцэнкі польскім журналістам.

/

Сёньня на запрашэньне Дональда Туска прыехаў у Польшчу Юрый Луцэнка - крытык Януковіча і ўкраінскі палітвязень, вызвалены з турмы ў выніку намаганьняў Эўразьвязу. У місіі таксама ўдзельнічаў экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

Былы кіраўнік МУС Украіны Луцэнка быў прысуджаны да чатырох гадоў турмы, між іншым, за крадзеж дзяржаўных грошай. На пачатку красавіка Януковіч яго памілаваў.
Кіраўнік польскага ўраду запрасіў Луцэнку ў Польшчу на лячэньне. За 2,5 гады ў турме ў палітыка пагоршылася праца сэрца, у яго таксама цыроз пячонкі, які стаў наступствам галадоўкі ў турме.
Вашай увазе мы прапануем некаторыя фрагмэнты інтэрвію Юрыя Луцэнкі польскім журналістам.

У якой ступені зьмянілася Ўкраіна праз тыя гады, калі вас трымалі ў турме?

Ю. Луцэнка: Моцна зьмянілася, і мая фраза пра тое, што я з малой турмы выйшаў у вялікую поўнасьцю адпавядае рэчаіснасьці. Там забаронена выходзіць з камэры й сустрэцца з зэкам з суседняй камэры, а тут забараняецца зьбірацца на мітынгах. Або там было забаронена падысьці да тэлефона, калі ты ня быў у графіку, а тут я па тэлефоне не магу дазваніцца да ніякага палітыка. Там я ня мог адправіць ліста, якога раней не прачыталі, а тут нельга па тэлебачаньні выступіць зь неафіцыйным дыскурсам. Я не скажу, што гэта ГУЛаг, безумоўна не, але гэта нявольная краіна. У малой турме я быў унутрана вольны й знаходзіў мэтады, напрыклад, пісаць лісты Юліі Цімашэнцы, таму я й тут знайду ўсе неабходныя магчымасьці быць свабодным. Але й там, і тут гэта рызыкоўна.

Якім чынам зьмяніць Украіну? Можна ладзіць мерапрыемствы такія як 1 сьнежня – гадавіна вяртаньня незалежнасьці Ўкраіны ў 1990 годзе. Але на гэтыя сустрэчы прыходзіць невялікая група інтэлектуалаў.

Ю. Луцэнка: Але ж менавіта гэтая маленькая грапу й рухае краіну. Гэтак было заўсёды ў гісторыі й ня толькі ва Ўкраіне. Усё, што адбывалася ў сьвеце, пачыналася зь дзеяньняў варыятаў: Капэрнік, Калюмб. Куды Калюмб пёрся ў 1492 годзе за тое мора? Але гэта ён рухаў сьвет. Навошта Капэрнік глядзеў у сваю трубу, калі ён мог спакойна хадзіць у касьцёл і багата жыць? На якую халяву яму трэба было даказваць геліяцэнтрычную сыстэму? Я хачу ня сам, а запрасіць тых, хто ўжо гадамі гаворыць пра неабходнасьць пляну пабудовы краіны. Мяне ўсе пытаюць: як? Мы ўсе разумеем: цяперашняя міліцыя, пракуратура, суды непрымальныя. Але жыць без гэтых структур немагчыма. Як стварыць незалежны аб’ектыўны суд? Мая прапанова зводзіцца да простага. Па-першае – напалм – прымаецца закон пра ліквідацыю МУС, ліквідацыю цяперашняй судовай сыстэмы, ліквідацыю пракуратуры. Адразу ў той жа дзень прымаецца таксама пакет законаў, якія ставяць гэтыя інстытутаў на эўрапейскія рэйкі. Адкуль браць новых супрацоўнікаў? У ФБР прымаюцца выключна асьпіранты пасьля праходжаньня дэтэктара хлусьні - паліграфу. Я прапаную гэты мэтад. І былыя супрацоўнікі МУС, бо там ёсьць многа парадачных, нармальных, прафэсійных людзей, і новыя – усе павінны прайсьці паліграф.

Якая ўпэўненасьць, што тыя, што будуць праводзіць абсьледаваньне паліграфам, ня будуць браць хабар?

Ю.Луцэнка: Я электронны фізык і веру ў тэхніку. Будзе весьціся відэа-запіс.
Я хачу зазначыць, што імкнуся запрасіць інтэлектуалаў, якія напішуць плян зьмены Ўкраіны й know-how. Эўрапейская народная партыя гатовая даць экспэрта й арганізацыйную падтрымку для рэалізацыі гэтай задачы. Я хачу, каб украінская палітыка стала з галавы на ногі – спачатку плян, потым адзіны кандыдат і яго каманда, а потым - галасаваньне. А ў нас спачатку выбіраюць „вождя”, а потым зьдзіўляюцца, што ў яго дзіўная каманда й зусім незразумелая альбо адсутная праграма, як гэта было ў Юшчанкі.

Якой вы бачыце сваю ролю ў сёньняшняй украінскай апазыцыі?


Ю. Луцэнка: Я не хачу ствараць новую партыю й я ня буду ў апазыцыі да апазыцыі. Адчуўшы вонкавую падтрымку, я маю сьмеласьць быць дарадчыкам апазыцыі й нават прымушаць яе да пэўных рэчаў. Падказваць, напрыклад, што неабходна ў парлямэнце прабіць акно ў Эўропу, трэба прыняць законы пра эўраінтэграцыю, і прымушаць, напрыклад, высунуць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі да канца гэтага году. Я буду дапамагаць на вуліцы, калі ў нас будзе барацьба не за кандыдата, а за краіну. Слава Богу, што ў нас ёсьць апазыцыя й што яна адзіная. Я прыйшоў не зьмяняць апазыцыю, а падтрымаць яе.

Ці вы адчуваеце жаданьне помсты за тое, што вас сустрэла?

Ю.Луцэнка: Шчыра скажу – не. Я сам зьдзіўлены. У мяне ж такі радыкальны імідж... У турме я начытаўся шмат важных кніжак. Для мяне новым досьведам стаў буддыйскі падыход да гэтых пытаньняў. Займацца помстай - гэта губляць час. А ў мяне ўкралі 2,5 гады. Калі я яшчэ буду займацца помстай, то я сам у сябе скраду яшчэ дадатковы час. Больш таго, я разумею, што гэта не прынясе шчасьця ня толькі мне, але й краіне. У мяне няма нават сьпіса, на каго я абражаны за турму.

Гэта выбраныя фрагмэнты інтэрвію Юрыя Луцэнкі журналістам польскіх СМІ.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт