Логотип фондов Европейского Союза
Ужо створаны адмысловы інструмэнт: Эўрапейскі Фонд на карысьць дэмакратыі.
Размовы пра патрэбу больш актыўнай палітыкі на карысьць дэмакратызацыі ў Польшчы вядуцца даўно. Значны абарот справы набралі ў 2011-м годзе, падчас польскага старшынства ў ЭЗ. Тады польская дыпляматыя абвясьціла адной са сваіх мэтаў на бліжэйшыя гады стварэньне фонду, які б падтрымліваў дэмакратызацыйныя працэсы ў бліжэйшым суседзтве ЭЗ.
Праз два гады Польшча перайшла да рэалізацыі гэтай мэты. 27-га траўня ў Брусэлі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Эўрапейскага фонду на карысьць дэмакратыі. З бэльгійскай сталіцы перадае карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка.
Бэата Пламэцка: Сядзібу перадала Польшча. Гэта будынак былой амбасады ў Бэльгіі. Сам Фонд таксама ініцыятыва афіцыйнай Варшавы. Задача Фонду падтрымліваць дэмакратычныя пераўтварэньні ва ўсходніх ды паўднёвых суседзяў Эўропы. Фонд будзе прызначаць фінансавую падтрымку для няўрадавых арганізацый, палітычных партый, для грамадзянскай супольнасьці ды незалежных СМІ. Бюджэт Фонду на першыя тры гады складае 25 мільёнаў эўра. Установу ўзначаліў паляк – віцэ-міністар замежных спраў Ежы Памяноўскі.
Паводле словаў польскага міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, стварэньне гэтага фонду – гэта яшчэ адзін крок у бок ўмацаваньня польскай спэцыялізацыі ў ЭЗ: дэмакратызацыі.
Радаслаў Сікорскі: Мы рэалізуем тое, што абяцалі, тое што заплянавалі падчас польскага старшынства. Гэта ўмацоўвае польскую спэцыялізацыю ў дэмакратызацыі. На Варшаву ўсё часьцей глядзяць як на крыніцу тэхналёгій ды натхненьня ў справе дэмакратызацыі. Асабліва ў блізкім суседзтве Эўразьвязу.
Адной з краін, якой Польшча вось ужо некалькі гадоў спрабуе дапамагчы з дэмакратызацыяй, зьяўляецца Беларусь. У 2010-м годзе міністар Радаслаў Сікорскі спрабаваў ініцыяваць дыялёг з беларускімі ўладамі. Тады працэс спыніўся з-за вострых рэпрэсій беларускага рэжыму супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Новы фонд будзе аказваць менавіта ім дапамогу. Ці патрэбна такая ініцыятыва? Такая ўстанова патрэбна, кажа палітоляг Андрэй Фёдараў, але ейны посьпех будзе залежыць ад таго, як будзе арганізавана праца і на што пойдзе дапамога.
Андрэй Фёдараў: Польшча займае адно з вядучых месцаў у ЭЗ сярод тых, хто спрыяе дэмакратызацыі Беларусі. З гэтым можна пагадзіцца. Новая ініцыятыва – гэта пазытыўна, хаця могуць быць розныя пытаньні. Напрыклад, на што будуць выдзяляцца сродкі, якімі чынам будуць накіраваны, як будуць разьмяркоўвацца. Як вядома ў дробязях часта хаваецца д'ябал. Так што будзем глядзець. Загадзя нельга сказаць, што ўсё цудоўна, але сама ідэя добра. Якая будзе рэалізацыя – пабачым!
Новы Фонд падтрымкі дэмакратычных працэсаў пачынае дзейнічаць у складаныя часы. Пасьля арабскай вясны напружаная сытуацыя застаецца ў краінах Паўночнай Афрыкі. Пра патрэбу зьнешняй дапамогу кажуць прадстаўнікі Лібіі. Падтрымка дэмакратычным прапановам патрэбна і ва Ўсходняй Эўропе. Тут таксама вельмі ўскладніліся ўмовы працы. Цяпер патрэбны больш гнуткі падыход, кажа Вольга Стужынскай з Офісу за дэмакратычную Беларусь з Брусэлю.
Вольга Стужынская: Такая структура патрэбная, нават з таго пункту гледжаньня, што для шматлікіх арганізацый тая дапамогу, якую прадстаўляе Эўкарамісія – недасягальная па тэхнічных прычных. Гэта складаныя працэдуры, праз каторыя трэба праходзіць, што ня кожная арганізацыя можа сабе гэта дазволіць. Для арганізацый з такіх краін як Беларусь, дзе няўрадавыя арганізацыі мала разьвітыя на сёньня – патрэбны больш гнуткія інструмэнты тэхнічнай дапамогі.
Першыя гранты Эўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі пачне прызнаваць ужо ў чэрвені.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч