Лягер у Бярозе Картускай.
Гэта былі дзевяцёра чальцоў польскага Нацыянальна-радыкальнага лягера (ONR) й сябры Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Прыехаўшы з Варшавы на палескую станцыю Блудзень у кожнага шумела ў галаве пасьля начной папойкі з паліцыянтамі. Бліжэйшыя некалькі месяцаў пад вартай яны зьбіраліся прысьвяціць чытаньню кніг і вывучэньню замежных моваў. Першыя вязьні Бярозы не маглі падазраваць, што іх чакае. Зьдзек і страта годнасьці – гэта самыя мяккія словы, якімі можна апісаць тое, што ім давялося перажыць.
Дзевяцёра першых вязьняў - палякаў і ўкраінцаў, падазраваліся ў дачыненьні да забойства міністра ўнутраных справаў Браніслава Пярацкага. Менавіта яго сьмерць стала фармальнай нагодай для стварэньня лягеру ў Бярозе. Ужо праз дзьве гадзіны пасьля сьмяротных стрэлаў прэм’ер Леон Казлоўскі прадставіў Юзафу Пілсудзкаму праект так званага месца ізаляцыі ў Бярозе.
У Бярозу траплялі без суда й сьледзтва. Ізалявалі тых, каму паліцыя не магла даказаць парушэньня закона. Самай буйной групай вязьняў былі палітзьняволеныя: польскія і ўкраінскія нацыяналісты, габрэйскія й беларускія камуністы. Хапала падазрэньня, што хтосьці парушае бясьпеку й грамадзкі парадак. Напрыклад, сябар Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Язэп Баран трапіў у Бярозу толькі за тое, што адкрыта казаў пра вызваленьне саветамі Заходняй Беларусі.
Лягер ізаляцыі ў Бярозе быў для ўладаў простым інструмэнтам для таго, каб паставіць на месца так званую “Пятую калёну”. Законным шляхам зрабіць гэта было вельмі цяжка. Ды й сам лягер у Бярозе пярэчыў тагачнай польскай Канстытуцыі. Каб адправіць чалавека ў Бярозу, было дастаткова ўсяго здагадкі. Бяроза Картуская давала неабмежаваныя магчымасьці, каб “перавыхаваць” радыкальныя элемэнты.
Перад ІІ Сусьветнай вайной Палесьсе было слабанаселеным рэгіёнам, а большую частку пакрывалі лясы й балоты. Дарог амаль не было. Гэта было ідэальнае месца для лягеру, уцячы адтуль было амаль немагчыма.
На “перавыхаваньне” вязьня давалася 3 месяцы, але пры неабходнасьці тэрмін можна было прадоўжыць. Самы доўгі тэрмін ізаляцыі ў Бярозе склаў 2,5 гады.
Але нават тры месяцы ў такіх умовах ператваралі жыцьцё вязьня ў пекла. Кожны дзень зьняволеньня быў поўны насільля, катаваньняў і зьдзекаў. Кіраўніцтва ставіла сабе за задачу максымальна аслабіць у вязьня ахвоту да супраціву.
Дзень вязьня ў Бярозе
Дзень вязьня пачынаўся а 4.00 раніцы. Пару хвілін на тое, каб абліцца вадою й апрануцца. Затым прыборка й сьнеданьне. На сьнеданьне вязьні атрымлівалі каву бяз цукру й 400 гр. чорнага хлеба. На абед ім дадавалі гарачую вадкасць, амаль бяз тлушчу й порцыю бульбы.
Ужо а 6.30 вязьні пачыналі працу альбо ранішнюю гімнастыку. Зь перапынкамі на абед і вячэру дзень працягваўся да 19.15. Пасьля гэтага абвяшчалася камэнданцкая гадзіна. Правілы забаранялі вязьням размаўляць, курыць, атрымліваць пасылкі з прадуктамі. Сустрэчы з блізкімі й любыя самастойныя дзеяньні жорстка забараняліся. Вельмі часта праводзіліся начныя вобшукі. Нават каб пайсьці ў туалет альбо каб пачухаць нос трэба было прасіць дазвол у паліцыі.
Зьняволеныя ў Бярозе Картускай..
Памыцца ранкам ня кожны меў магчымасьць. Лазьня прадугледжвалася раз на тыдзень. На 300 вязьняў было дзьве бочкі вады. Людзі толькі пасьпявалі памыць твар і чулі каманду выходзіць. Вельмі часта пасьля чысткі туалету вязьні не пасьпявалі нават памыць рукі. Калі хтосьці не пасьпяваў на сьвісток адыйсьціся ад умывальніка, то яго білі.
На выкананьне фізіялягічных патрэб часам давалі пяць сэкундаў, у выніку ў вязьняў было шмат страўнікавых хваробаў.
Людзі па 6 тыдняў не мянялі бялізны. Вокны ў камэрах былі забітыя дошкамі, людзі душыліся ад смуроду.
Звыйчайна пасьля лазьні вязьняў прымушалі поўзаць па зямлі, рабіць гімнастыку. Гімнатыска ў Бярозе - асобная тэма. Яе мэтай было ня дбаньне пра фізычую форму, а зьдзек над вязьнямі.
Гіманыстка
“Раз, два, тры, чатары! Левай, левай! Назад! Легчы! Устаць! Сесьц! Устаць! На калені! Устаць!” – так выглядалі загады ахоўніка падчас гімнастыкі.
Па загадзе зьняволеныя ўставалі й сядалі на бэтонную падлогу. Гэта адбывалася так хутка, што шмат хто зь іх разбіваў галаву, калені, у цісканіне вязьні выбівалі адзін аднаму зубы. Усё рабілася бягом, нават на абед вязьні былі вымушаныя бегчы натоўпам.
Вязень з Украіны Самуэль Падгаецкі ўзгадвае, як аднойчы аднаму беларусу загадалі бегчы сярод шэрагу паліцыянтаў. Беларус бёг, трымаючы за плячо свайго сябра. Паліцыянты білі яго дручкамі й загадвалі пусьціць прыяцеля. “Беларус не прамовіў ані слова, па яго галаве сьцякала кроў, ён яшчэ мацней сьціскаў свайго таварыша й бег далей” – напісаў Падгаецкі ў сваіх успамінах.
Быў выпадак, калі ўкраінцу Чубе ахоўнік загадаў лічыць да трох. Чуба гэта зрабіў па-ўкраінску й на загады лічыць па-польску не рэагаваў. За гэты ўчынак добра дасталося ад аховы, пару дзён ён ня мог хадзіць.
Праца ў Бярозе
Праца ў Бярозе была ня менш зьдзеклівай, чым гімнастыка. Практычнага сэнсу ў працы не было, гэта быў адзін з мэтадаў перавыхаваньня крамольнікаў.
Вязьняў запрагалі замест коней, каб вазіць драўніну, камяні, гной. Зьняволеныя цягалі нават барану й плуг. Ва ўспамінах бярозаўцаў апісваецца, як аднаму габрэю загадалі вуснамі падымаць пясок з зямлі. Ахоўнік запрог яго, як каня, і прымусіў пампаваць ваду са студні.
Асаблівай пакутай быў так званы “кампот”, калі вязьням загадвалі рабіць угнаеньне з чалавечых фэкаліяў. Ня раз рабочых прымушалі класьціся ў такі гной і паўзьці па ім.
Бярозаўцы адказвалі за чысьціню тэрыторыі вакол лягеру: давалі дзяркач у рукі і загадвалі чысьціць кілямэтровую сьцежку. З адной умовай: нельга было разгібацца.
Калі побач зь вязьнем праходзіў ахоўнік, то той павінен быў станавіцца на “зважай” і толькі пасьля таго, як ахова аддалялася на 3 крокі, можна было працягваць працу.
“Пачуцьцё чалавечай годнасьці тут пачварна тапталася – пісаў пасьля вызваленьня ўкраінскі пісьменьнік Аляксандар Гаўрылюк. - Праблема была ня ў тым, што ў Бярозе білі, а ў тым, што білі без нянавісьці, без эмацыйнай заангажаванасьці. Непадрыхтаваны чалавек ня мог зразумець узроўню гэтай страты чалавечнасьці. Ідучы ў Бярозу, людзі спадзяваліся нянавісьці, жорсткасьці, але не такой, пазбаўленай пачуцьцяў, жывёльнасьці”.
Мясцовай славутасьцю была “сьцежка Сталіна”. У 1938 годзе вузкую дарогу на лягернай пляцоўцы засыпалі рэшткамі чырвонай цэглы й прымушалі вязьняў поўзаць па ёй на каленях. Сьцежка складала каля 30 мэтраў. Жахам для вязьняў была каманда “лажыся”. Тады паліцыянты хадзілі па сьпінах зьняволеных.
Ахова лягера ў Бярозе.
Трагічна скончыўся зьдзек над беларускім камуністам Янам Мазыркам. Ахоўнікі засыпалі Мазырку лісьцямі й па чарзе хадзілі па ім. Пасьля гэтага мужчыну кінулі ў карцар. Увечары Мазырка захварэў на запаленьне лёгкіх і празь некалькі дзён памёр у шпіталі ў Кобрыне.
Карцар
За сур’ёзныя правіны вязьняў зьмяшчалі ў карцар. Гэта былі памяшканьні бяз вокнаў і мэблі, толькі зь вядром на адкіды. Вязьні спалі на бэтоне, якую часта палівалі 3-4 вёдрамі вады. Прысесьці або прылегчы на падлогу не было магчымасці. Людзі хадзілі па вадзе.
Віленскі рабочы Маляровіч пасьля некалькіх месяцаў у карцары звар’яцеў. У 1937 годзе пад ціскам грамадзкай думкі яго вызвалілі.
Здаралася, што вязьням удавалася паскардзіцца на паводзіны ахоўнікаў начальству й гэтыя скаргі былі задаволеныя. Ахоўнікаў-садыстаў каралі альбо пераводзілі на службу ў іншае месца.
Зрэшты, умовы ў лягеры вельмі кепска ўплывалі на ахову. Трое ахоўнікаў зьдзейсьнілі самагубства ў выніку нэрвовага зрыву. Пасьля заканчэньня працы ў Бярозе ахоўнікі некалькі месяцаў заставаліся без працы, каб “адысьці” ад жыцьця ў лягеры й толькі пасьля гэтага іх накіроўвалі на працу ў пастарункі.
Уцячы зь Бярозы ўдалося толькі аднойчы
Выйсьці зь лягеру можна было пасьля падпісаньня дэклярацыі аб лаяльнасьці альбо абяцаньня пакінуць Польшчу. Вязьні, напрыклад, павінны былі адмовіцца ад камуністычнай дзейнасьці.
У 1936 годзе беларус зь вёскі Мойсічы каля Маладэчна напісаў просьбу аб памілаваньні:
“Любую жыдоўска-бальшавіцкую дзейнасьць я буду асуджаць, каб гэтая партыйная зараза ня ўлазіла ў вясковыя хаты маёй ваколіцы. Калі я буду сьведкам антыпольскай дзейнасьці, то буду пра такія факты паведляць службу бесьпекі”.
Праўда, хутка камуністы ў Бярозе згаварыліся, каб падпісваць усё, што ім даюць, а пасьля вызваленьня працягваць сваю дзейнасьць. Распавядаць пасьля вызваленьня пра тое, што адбывалася ў Бярозе, было нельга. Гэта пагражала вяртаньнем.
Толькі аднойчы вязень уцёк зь Бярозы, у 1938 годзе. Гэта быў крымінальнік Уладыслаў Новак.
Палешукам забараналася мець якія-колечы кантакты зь вязьнямі. За дапамогу ды нават размову можна было самому трапіць у Бярозу.
Супраць лягеру ў Бярозе пратэставалі ў 30-ыя гады праваабарончыя арганізацыі, але да іх голасу ўлада не прыслухоўвалася. Улёткі пора ўмовы ў Бярозе неаднаразова канфіскоўваліся. Пра Бярозу шмат разоў пісала цэнтральная прэса, але ўсё было марна.
Апошнія вязьні
У верасьні 1939 году, калі немцы напалі на Польшчу, у Бярозу прыбылі апошнія вязьні - каля тысячы чалавек. Апрача крымінальнікаў, там былі немцы, якіх палякі падазравалі ў шпіянажы.
Апошнія вязьні Бярозы выйшлі на свабоду пасьля прыходу бальшавікоў 17 верасьня. Але афіцыйны дэкрэт прэзыдэнта, на моцы якога быў створаны лягер, урад у выгнаньні скасаваў толькі ў верасьні 1941 года.
Ад стварэння ў 1934 годзе да канца жніўня 1939 года празь Бярозу прайшлі больш за 3 тысячы чалавек. 13 вязьняў памерлі ад хваробаў. Галоўнай катэгорыяй зьняволеных у Бярозе Картускай былі палітвязьні, большая палова зь якіх - камуністы. У першыя гады найбольш масавай групай былі ўкраінскія нацыяналісты й польскія радыкалы. У 1937-38 гадах траціну вязьняў складалі крымінальнікі й спэкулянты.
У 1935 годзе ў артыкуле пра Бярозу ў часопісе “Problemy” аўтар задаваў рытарычнае пытанне: “Якая фізычная сіла патрэбная для правядзення вялікай тэрарыстычнай апэрацыі? Дзясятак рэвальвэраў і бомб уласнай вытворчасьці трымаў у напружанасьці ўсё вялізную Расейскую імпэрыю. Для гэтага не трэба вялікай сілы. Але тое, што сапраўды патрэбна да тэрарыстычнай акцыі – гэта вялізарная сіла нянавісьці. І менавіта яе стварала Бяроза Картуская”.
За пяць год працы лягеру беларусы склалі ў ім каля 6%, то бок прыблізна 150 чалавек. Амаль усе былі палітвязьнямі-камуністамі.
Падрыхтаваў Дзьмітры Гурневіч