Прайшло 14 гадоў з моманту зьнікненьня апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара й прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Да гэтага часу справа не завершана, чаго выразна ня хочуць рабіць беларускія ўлады. Праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што для таго, каб справа трапіла ў суд хапіла б толькі два тыдня.
Ганчар, які з самага пачатку быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дапамог яму прыйсьці да ўлады, а затым пайшоў у апазыцыю, і Красоўскі бясьсьледна зьніклі 16 верасьня 1999 года. Вечарам яны пайшлі ў лазьню, разьмешчаную ў Менску па вуліцы Фабрычная, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка й селі ў аўтамабіль Красоўскага.
Крымінальную справу па факце зьнікненьня Ганчара й Красоўскага распачала пракуратура Менска. Аналіз сабраных па справе доказаў, у тым ліку паказаньняў сьведак, дае падставу меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі гвалтоўна выкрадзены невядомымі асобамі. Прадстаўнікі апазыцыі, сваякі зьніклых і міжнародная грамадзкасьць мяркуюць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзены паводле палітычных матываў, і падазраюць у дачыненьні да гэтага злачынства вышэйшых службовых асоб краіны, уключна з прэзыдэнтам.
Гары Паганяйла кажа, што на цяперашні момант сьледзтва прыпынена. Ніякіх дзеяньняў не вядзецца ўжо некалькі гадоў. У такіх умовах разьлічваць на пазытыўны разгляд справы не прыходзіцца.
Г. Паганяйла: Час ад часу мы атрымліваем кароткія паведамленьні, што сьледзтва працягваецца, але пра вынікі сьледчых дзеяньняў нас не інфармуюць. Цэлае грамадзтва трымаюць у невядомасьці. Улады маўчаць, а тым самым сьведчаць пра свой саўдзел у зьнікненьнях. Калі б яны былі не пры чым, то даўно б завершылі справу й адхілілі ад сябе ўсе падазрэньні. Улады нават не спрабуюць апраўдацца, бо гэта зрабіць вельмі складана. Мы ўсё ж спадзяемся, што адказныя калі-небудзь будуць пакараныя. Але пры цяперашняй уладзе гэта немагчыма. Справу завершаць толькі пры дэмакратычнай уладзе. Калі сьледзтва рэальна аднавіць, то дастаткова толькі двух тыдняў, каб перадаць справу ў суд.
Наш суразмоўца нагадвае, што справу аб зьнікненьні Ганчара й Красоўскага намінальна працягвае расьсьледаваць пракуратура Менска. "Праз год, пасьля сканчэньня 15 гадоў з моманту зьнікненьня палітыка й бізнэсмэна, паколькі іх целы ня знойдзены, гэтая справа юрыдычна можа быць прыпынена. І хаця справа спынена быць ня можа, пра яе могуць проста канчаткова забыць".
ав