Logo Polskiego Radia
Print

Рэха падзей на Сьвята незалежнасьці 11 лістапада

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.11.2013 15:44
Расея можа адпомсьціць Польшчы; Б. Камароўскі прапануе вярнуцца да забароны закрываць твар падчас дэманстрацый.

/

Ва ўсіх выданьнях яшчэ чуваць рэха падзеяў, якія мелі месца ў панядзелак у Варшаве, калі на Сьвята незалежнасьці бандыты падпалілі ў сталіцы мастацкую вясёлку з кветак, спалілі вартаўнічую будку расейскага пасольства, падпальвалі таксама машыны. Усе газэты пішуць пра хуткую рэакцыю ўладаў Варшавы. Яны заявілі, што пададуць у суд на арганізатараў Маршу незалежнасьці, каб тыя кампэнсавалі страты, якія ацэньваюцца на 120 тыс. злотых. Журналісты таксама камэнтуюць рэакцыю Расеі на падзеі. Пакуль што Масква толькі патрабуе, каб Варшава папрасіла прабачэньня за нападзеньне на расейскую амбасаду, але ў Расеі многія перакананыя, што іх краіна адпомсьціць Польшчы – чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.

Польскі пасол быў выкліканы ў расейскае МЗС, дзе пачуў, што расейцы чакаюць афіцыйных словаў прабачэньня. Тады Масква ўжо ведала заяву польскага МЗС, у якой выражаўся глыбокі сум па прычыне паводзінаў некаторых удзельнікаў маршу. Але такія заявы не вырашаюць справы. Напрыклад, па радыёстанцыі “Эха Масквы” можна было пачуць, што трэба задумацца над байкотам польскіх прадуктаў або перастаць езьдзіць на адпачынак у Польшчу.

Меркаваньнем набліжанага да Пуціна чыноўніка Сяргея Маркава, вінаватыя ў тым, што адбылося ў панядзелак ня толькі тыя, хто кідаў фаеры на тэрыторыю пасольства, але таксама некаторыя безадказныя польскія палітыкі, якія пашыраюць у дзяржаве антырасейскія настроі, калі абвінавачваюць расейцаў у замаху супраць польскага прэзыдэнта ў Смаленску. У сваю чаргу, на думку палітоляга Андрэя Пянткоўскага, гэта быў цудоўны падарунак ад Польшчы Ўладзіміру Пуціну. Гаворка ідзе пра Ўкраіну. Расея ня можа дапусьціць, каб яна падпісала пагадненьне аб асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам. У выніку апошніх падзей Польшчы цяжэй будзе змагацца за Ўкраіну.

/

Браніслаў Камароўскі вяртаецца да сваёй прапановы ўвесьці забарону засланяць твар падчас масавых акцый – піша „Gazeta Wyborcza”. З такой прапановай галава дзяржава ўпершыню выступіў два гады таму, калі таксама падчас Сьвята незалежнасьці хуліганы падпалілі некалькі машын з тэлеперадатчыкамі.

Тады Камароўскі даказываў, што паліцыі цяжэй ідэнтыфікаваць замаскаваных удзельнікаў акцый, ананімнасьць схіляе да агрэсіі, а калі хтосьці бярэ ўдзел у дэманстрацыі, то не павінен скрываць сваіх поглядаў і свайго твару. Супраціўнікі прыводзілі аргумэнт, што такая забарона будзе спрыяць рэпрэсіям супраць удзельнікаў акцый, а некаторыя дэманстрацыі, напрыклад, эколягаў, праходзяць з закрытым тварам. Супраць быў Саюз левых дэмакратычных сіл (SLD). У выніку прапанова не прайшла. Цяпер жа SLD выступае за забарону.

Ёсьць нямала краін, у тым ліку дэмакратычных, дзе забаронена закрываць твар маскай або падшлемнікам падчас дэманстрацый. Напрыклад, такія забароны ўведзеныя ў ЗША ды Францыі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт